гісторыка-геаграфічная назва укр. зямель на правым беразе р. Дняпро (без Галіцыі), што паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Ахоплівала тэр. сучасных Кіеўскай (без Кіева), Чаркаскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Ровенскай і Валынскай абласцей. У 1663—1704 існавала правабярэжнае ўкр. казацкае гетманства. Пасля няўдалай вайны Рэчы Паспалітай з Турцыяй, у 1672—99 частка П.У. (Падолія і прылеглыя землі) належала Турцыі. На П.У. адбываліся буйныя казацка-сял.нац.-вызв. і антыфеад. паўстанні, у т. л. рух С.П.Палія (1702—04) і Калііўшчына (1768). Паводле другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай (1793) П.У. адышла да Рас. імперыі. З 1917 у складзе Украіны. У наш час назва «П.У.» ўжываецца як геагр. тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),
парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́НЖАВАЯ (Oranje, Orange),
рака на Пд Афрыкі, у Лесота, ПАР і Намібіі. Даўж. 1860 км, пл.бас. 1020 тыс.км². Пачынаецца ў масіве Монт-а-Сурс (Драконавы горы) у Лесота пад назвай Сінку на выш. больш за 3000 м. Перасякае засушлівую вобласць. Высокі Велд, плато Кап, дзе цячэ ў цясніне. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады (Аўграбіс і інш.). Апошнія 100 км цячэ па раўніне, упадае ў Атлантычны ак., утварае бар (пясчаны падводны вал). Гал. прытокі — Каледан і Вааль. Паўнаводная з ліст. да сакавіка. У межах Высокага Велда часам амаль перасыхае. Сярэдні расход вады 800 м³/с. Гадавы сцёк каля 15 км³ (моцна мяняецца па гадах). Выкарыстоўваецца на водазабеспячэнне і арашэнне (пабудаваны арашальныя сістэмы). ГЭС. На Аранжавай буйныя гарады: Алівал-Норт, Прыска, Апінгтон (ПАР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЛІКІ, аквілегія (Aquilegia),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках і палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́НСКІ ШЧЫТ,
выступ дакембрыйскага крышт. фундамента на ПдУСібірскай платформы. У асноўным супадае з Алданскім нагор’ем і Станавым хрыбтом. Прадстаўлены шэрагам буйных блокаў, размежаваных мерыдыяльнымі разломамі. На Пд і З шчыта глыбінныя разломы, на Пн — сістэма флексур. Дакембрыйскія ўтварэнні фундамента складаюць некалькі структурных паверхаў ранніх стадый развіцця зямной кары. Самы стараж. паверх (больш за 3,5 млрд.г.) мае гранулітавую гнейса-гранітную, мармуровую, сланцавую, кварцытавую аснову. Сярэдні (3,5—2,7 млрд.г.) складзены з метамарфізаваных асадкава-вулканагенных адкладаў. Верхні паверх (2,7—1,5 млрд.г.) — абломкавыя вулканагенныя ўтварэнні і буйныя інтрузіі. На З Алданскага шчыта перакрыты магутным (больш за 10 км) платформавым чахлом. У крышт. структурах Алданскага шчыта радовішчы рудаў жалеза, медзі, слюдаў, рэдкіх металаў, золата, п’езакварцу; ва ўпадзінах, запоўненых кантынентальнымі асадкамі, радовішчы каменнага вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІЯ,
княжацкі род герба «Астрог», прадстаўнікі якога займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Даніла (?—?), удзельнік барацьбы феадалаў ВКЛ супраць польскага караля Казіміра III у 1341. Дашка Фёдаравіч (?—1428?), унук Данілы, падтрымліваў Свідрыгайлу ў барацьбе супраць Вітаўта, у 1422 удзельнічаў у паходзе кн. Фёдара Карыбутавіча ў Чэхію на падтрымку гусітаў. Канстанцін, гл.Астрожскі К.І. Ілья (Эліяш; 1510—39), сын Канстанціна і Таццяны з роду Гальшанскіх. На Беларусі меў маёнткі Копысь, Глуск, Гальшаны, Сушу, Палонну з Лемніцай і Смаляны. Канстанцін Васіль, гл.Астрожскі К.В. Януш (1554—1620), сын Канстанціна Васіля, ваявода валынскі з 1585, апошні з роду Астрожскіх па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ-ПАРАСО́НІК (Macrolepiota),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. агарыкавых. Вядома 11 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 віды, найб. вядомы грыб-парасонік стракаты, варона, або капялюх (M. procera), і грыб-парасонік белы (M. excoriata), грыб-парасонік дзявочы (M. puellaris) — рэдкі від, адзінае месцазнаходжанне якога ў Валожынскім р-не, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сапратрофы. Растуць у лясах, на палях, лугах. Пладаносяць у чэрв. — верасні. Ядомыя.
Пладовыя целы буйныя. Шапка дыям. да 25 см, яйца- або шарападобная, у старых грыбоў распасцёртая, з бугарком, сухая, ад буравата-шараватай да белай з лусачкамі. Мякаць белая. Пласцінкі свабодныя, белыя, на ножцы звычайна зрастаюцца ў кальцо (каларыум). Ножка высокая, булавападобная, полая ці шчыльная, з рухомым кальцом. Споры падоўжаныя, белыя, гладкія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЎСКІ (Іван Яўстахавіч) (? — 26.3.1664),
гетман Украіны. Служыў у польск. войску, у бітве пад Жоўтымі Водамі (1648) трапіў у тат. палон, з якога выкуплены Б.Хмяльніцкім. Быў у апошняга генеральным вайск. пісарам. Пасля смерці Хмяльніцкага выбраны гетманам Украіны (1657—59). Арыентаваўся на збліжэнне з Польшчай, рыхтаваў план сумеснай з палякамі барацьбы супраць маскоўскага войска. Падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах зноў уваходзіла ў Польскае каралеўства. Паводле ўмоў пагаднення, гетман павінен быў вызваліць ад казакоў тэр. Беларусі. Летам 1659 Выгоўскі пры падтрымцы польск. войска і татар разграміў пад Канатопам буйныя сілы рус. ваяводы А.Трубяцкога. Большасць казакоў была незадаволена палітыкай Выгоўскага, супраць яго выбухнула паўстанне на чале з І.Багуном і інш. Выгоўскі ўцёк у Польшчу, адмовіўшыся ад гетманства. Расстраляны ў выніку інтрыг гетмана Правабярэжнай Украіны П.Цяцеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў з вер. 1785 да лета 1797 у Дуброўне. У 1780 піяры былі запрошаны сюды са згоды біскупа С.Богуша-Сестранцэвіча замест бернардзінцаў, якімі тагачасны гаспадар мястэчка кн. Р.А.Пацёмкін быў незадаволены. Пацёмкін ахвяраваў піярам агарод і лугі ў Дуброўне, маёнтак Азоркава (80 двароў, 450 рэвізскіх душ), буйныя грашовыя сродкі і інш.; быў пабудаваны драўляны кляштар. У 1783 мястэчка перайшло ва ўласнасць кн. К.Любамірскага, які пацвердзіў усе ахвяраванні свайго папярэдніка. У 1785 пры кляштары адкрыты калегіум, у ім былі 4 класы, вучылася 60 чал. Летам 1797 з-за асабістага канфлікту з піярамі Любамірскі выгнаў іх з мястэчка. Калегіум аднавіў дзейнасць у 1799 у Віцебску і знаходзіўся там да лета 1822, на яго базе было ўтворана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРНАП’Я́Н (Datura),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр. Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.