АДО́НІС,

грэчаская назва фінікійска-сірыйскага бога расліннасці і ўрадлівасці. У міфалогіі Грэцыі Адоніс — каханы Афрадыты. Паводле міфаў, памёр ад раны, але ўваскрэс і ўзнёсся на неба. Культ Адоніса вядомы з 2-га тыс. да н.э., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Да міфа аб Адонісе звярталіся ў л-ры Авідзій, Лопэ дэ Вэга, У.​Шэкспір, у жывапісе — Тыцыян, Рубенс, Пусэн і інш.

Да арт. Адоніс. Венера і Адоніс. Маст. П.​П.​Рубенс. Каля 1614.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАГІ́Я (ад грэч. panagia прасвятая),

1) нагрудны медальён-абразок з выявай Маці Божай або Ісуса Хрыста. Лічыцца знакам архірэйскага і свяціцельскага сану. Бываюць круглай, авальнай, ромбападобнай, квадратнай формы, выкананыя з металу (літыя і чаканеныя, з эмаллю, сканню, чэрню), слановай косці, дрэва, мяккіх парод каменю.

2) Іканаграфічны тып Маці Божай, выяўленай у выглядзе аранты (у поўны рост з паднятымі да ўзроўню твару рукамі і звернутымі да гледача далонямі) з выявай Хрыста-дзіцяці ў медальёне на грудзях.

Панагія. Візантыя. 10 ст.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА,

схема радаводу ў выглядзе дрэва; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Імя родапачынальніка змяшчаюць у аснове генеалагічнага дрэва, а на ствале і галінах — імёны, біягр. звесткі, часам партрэты і гербы яго нашчадкаў. Дадатковая інфармацыя даецца з дапамогай колераў: медальёны з імёнамі замужніх жанчын прынята пазначаць ліловым колерам, дзяўчат — сінім, мужчын, якія мелі нашчадкаў, — жоўтым, без нашчадкаў — чырвоным. Жывых членаў роду пазначаюць зялёным колерам. У выглядзе генеалагічнага дрэва падаецца радавод Ісуса Хрыста (у т. л. ў «Псалтыры» 1517 Ф.​Скарыны).

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧА́СЦЕ, еўхарысція,

галоўны абрад, адно з 7 таінстваў у праваслаўнай і каталіцкай цэрквах. Займае цэнтр. месца ў літургіі. У час П. веруючыя з’ядаюць кавалачак асвячонага хлеба і выпіваюць лыжачку віна, якія сімвалізуюць «цела і кроў» Ісуса Хрыста, і тым самым далучаюцца да «боскай сутнасці». Лічыцца, што ў час апошняй трапезы Ісус Хрыстос частаваў сваіх вучняў віном і хлебам, ператвараючы іх у цела і кроў сваю, наказваў захоўваць гэты абрад у памяць аб ім. У пратэстанцкіх цэрквах П. разглядаецца як сімвалічны абрад, а не як таінства.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН, Броўн (Brown) Джордж (у манастве Юзаф; 1.6.1801—31.12.1879), гісторык, бібліёграф, педагог. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Пецярбурга і Полацка, Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1817 уступіў у ордэн езуітаў. З 1820 выкладаў тэалогію ў езуіцкіх калегіумах Цярнопаля і Львова. У 1861—70 супрацоўнічаў з час. «Tygodnik katolicki» («Каталіцкі штотыднёвік»), у якім друкаваў артыкулы па гісторыі Беларусі. Вывучаў гісторыю ордэна езуітаў на Беларусі і ў Польшчы. Стварыў біябібліягр. слоўнік на лац. мове «Бібліятэка пісьменнікаў польскай часткі таварыства Ісуса» (1856). Напісаў на лац. мове гісторыю езуітаў на Беларусі (не апубл., рукапіс захоўваецца ў архіве езуітаў у Рыме).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ева́нгелле

(гр. euangelion = літар. добрая вестка)

частка Бібліі, дзе змешчаны апавяданні аб жыцці, дзейнасці і вучэнні Ісуса Хрыста, напісаныя апосталамі Маркам, Матфеем, Лукой і Іаанам.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

езуі́т

(с.-лац. iesuita, ад лац. Jesus = Ісус)

1) член манаскага каталіцкага ордэна «Таварыства Ісуса», заснаванага ў 1534 г. для барацьбы з Рэфармацыяй і абароны папства;

2) перан. хітры, крывадушны чалавек, здольны на ўсякую подласць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БА́ЎЭР ((Bauer) Бруна) (6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),

нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.​Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.

М.​В.​Пешкаў.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ВЕРБЕК ((Overbeck) Іагай Фрыдрых) (3.7.1789, г. Любек, Германія — 12.11.1869),

нямецкі жывапісец. Вучыўся ў Венскай АМ (1806—09). У 1809 заснаваў у Вене брацтва назарэйцаў. З 1810 жыў у Рыме. У творчасці яскрава выявіліся патрыярхальна-кансерватыўныя тэндэнцыі ням. рамантызму, імкненне адрадзіць рэлігійнае мастацтва і стылістычныя прыёмы ням. і італьян. мастакоў 15 — пач. 16 ст.: фрэскі ў доме Бартольдзі (1816—17) і Казіно Масіма (1817—27) у Рыме; карціны «Уезд Ісуса Хрыста ў Іерусалім» (1809—24), «Італія і Германія» (1811—28), «Урачыстасць рэлігіі ў мастацтве» (1840). Аўтар партрэтаў: «Аўтапартрэт з Бібліяй» (1809), «Сямейны партрэт» (1820—30).

Ф.Овербек. Італія і Германія. 1811—28.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРО́ДЗІЦА, Божая Маці,

у хрысціянскай міфалогіі найсвяцейшая Дзева Марыя, Мадонна, маці бязгрэшна зачатага Ісуса Хрыста. У 4 ст. абвешчана «прачыстай», на Усяленскім саборы 431 у Эфесе афіцыйна прызнана Багародзіцай і Царыцай Нябеснай. У каталіцызме, дзе культ Мадонны асабліва папулярны, абвешчаны шэраг догматаў, якіх не было ў стараж. царк. традыцыі. З 12 ст. на Захадзе распаўсюджваецца легенда пра бязгрэшнае зачацце Марыі яе маці Ганнай. У 1854 гэтая версія афіцыйна замацавана ў форме догмату. У 1950 прыняты догмат аб цялесным узнясенні Багародзіцы пасля смерці на неба, а ў 1964 папам Паўлам VI найсвяцейшая Дзева Марыя абвешчана «маці царквы». Тэма Багародзіцы з дзіцем шырока выкарыстоўваецца ў сусв. выяўленчым мастацтве і л-ры.

Да арт. Багародзіца. Абраз «Маці Божая Замілаванне» з Брэстчыны. 1644.

т. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)