сям’я іспанскіх мастакоў 15—16 ст. Нарадзіліся ў г. Парэдэс-дэ-Нава (Іспанія).
Педра (каля 1450—1504), жывапісец. У 1475—82 працаваў у г. Урбіна (Італія), з 1483 — у Іспаніі. У сваіх карцінах (сцэны з жыцця св. Фамы) сумяшчаў навук. перспектыву і ўважлівае назіранне з сярэдневяковай статычнасцю позаў, а часам і з рознамаштабнасцю фігур.
Алонса (каля 1486—13.9.1561), скульптар, архітэктар, жывапісец. Сын і вучань Педра. Прадстаўнік ісп. Адраджэння. Каля 1504—17 вучыўся ў Італіі ў Мікеланджэла, з 1518 працаваў у Іспаніі. Яго скульптуры (пераважна алтарныя) адметныя экспрэсіяй і павышанай эмацыянальнасцю («Святы Себасцьян», 1526—32; «Ператварэнне», 1543-48).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рэпартым’е́нта
(ісп. repartimiento = размеркаванне)
сістэма закабалення ў іспанскіх калоніях Амерыкі, якая заключалася ў размеркаванні паміж каланістамі зямель разам з карэнным насельніцтвам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПЛІМУТРО́К (ад англ. Plymouth Rock),
мяса-яечная парода курэй, выведзеная ў ЗША у 19 ст. Паводле колеру апярэння вылучаюць 8 іх разнавіднасцей, найб. пашыраны белыя і паласатыя. Паласатыя выведзены скрыжаваннем чорных іспанскіх курэй, белых кахінхінаў, паласатых дамініканскіх і інш. парод; белыя ўзніклі як мутацыя ад паласатых ці ў выніку скрыжавання П. з белымі легорнамі. Белы П. — мацярынская форма ў скрыжаваннях для вытв-сці мясных куранят — бройлераў.
Корпус масіўны, галава невял. з прамастойным лістападобным грэбенем. Сярэдняя маса курэй 2,5—3, пеўняў 3,6—4 кг. Куры пачынаюць несціся ў 6—7 месяцаў. Яйцаноскасць 160—180 яек за год; маса аднаго — да 60 г, шкарлупіна светла-карычневая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
канкістадо́р, канквістадо́р
(ісп. conquistodor = заваёўнік)
1) удзельнік іспанскіх заваёўніцкіх паходаў у Паўд. і Цэнтр. Амерыку ў 15—16 ст.;
2) перан. заваёўнік, грабежнік.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эрманда́ды
(ісп. hermandades)
саюзы іспанскіх гарадоў і сялянскіх абшчын у перыяд сярэдневякоўя, якія ўзнікалі для самаабароны ў час войнаў і для абароны вольнасцей.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
О’ХІ́ГІНС ((O’Higgins) Бернарда) (20.8.1778, г. Чыльян, Чылі — 24.10.1842),
адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, дзярж. і ваен. дзеяч Чылі. Атрымаў адукацыю ў Перу, Вялікабрытаніі і Іспаніі. Чл. тайнай масонскай ложы «Лаўтара», якая стаяла за незалежнасць Ісп. Амерыкі. Дэпутат Нац. кангрэса (1811), чл. урадавай хунты (1811—13) Чылі. У 1813—14 галоўнакамандуючы чылійскімі войскамі. У кастр. 1814 далучыўся да аргенцінскіх войск на чале з Х.Сан-Марцінам. Сумесна з ім разбіў іспанцаў пры Чакабука (12.2.1817). Вярх. правіцель Чылі ў 1817—23. Падпісаў 18.2.1818 дэкларацыю пра незалежнасць Чылі. Ажыццявіў шэраг ліберальных рэформ, чым выклікаў незадаволенасць клерыкальных і кансерватыўных колаў краіны. У 1823 падаў у адстаўку і эмігрыраваў у Перу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
энкам’е́нда
(ісп. encomienda = даручэнне)
форма эксплуатацыі індзейскага насельніцтва ў іспанскіх калоніях у Амерыцы 16—18 ст.: індзейцы плацілі аброк, адбывалі паншчыну на рудніках, у маёнтках.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МІ́НА (Mina) Старэйшы, Эспас-і-Міна (Espoz y Mina) Франсіска (17.6.1781, Ідосін, Іспанія — 13.12.1836), іспанскі паліт. і ваен. дзеяч, удзельнік Іспанскіх рэвалюцый 19 стагоддзя. Генерал (1813). У рэвалюцыю 1808—14 адзін з кіраўнікоў партыз. руху (герыльі) супраць агрэсіі напалеонаўскай Францыі. У вер. 1814, пасля рэстаўрацыі ў Іспаніі абсалютызму, разам з пляменнікам ген. Ф.Х.Мінай Малодшым, узняў паўстанне ў г. Памплона з мэтай аднавіць дзеянне Кадыскай канстытуцыі 1812, але пацярпеў паражэнне і ўцёк у Францыю. У рэвалюцыю 1820—23 кіраваў барацьбой з контррэв. мяцяжом у Каталоніі і супраціўленнем франц. інтэрвенцыі (1823). Пасля паражэння рэвалюцыі зноў у эміграцыі. У 1830—32 спрабаваў узняць антыабсалютысцкія паўстанні на Пн Іспаніі. У рэвалюцыю 1834—43 на чале Паўн.ісп. арміі змагаўся з карлістамі, камандаваў войскамі ў Каталоніі (з 1835). У 1836, незадоўга да смерці, выступіў супраць рэгенткі Марыі Крысціны і абвясціў асн. законам Іспаніі канстытуцыю 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
альбара́да
(ісп. alborada = ранішняя песня)
1) песня іспанскіх пастухоў у гонар усходу Сонца;
2) характэрны для Іспаніі ранішні канцэрт на адкрытым паветры, аналагічны вячэрняму канцэрту (гл.серэнада 2).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гёзы
(гал. geuzen, ад фр. gueux = жабракі)
члены Саюза дваран, якія ў гады Нідэрландскай рэвалюцыі 16 ст. змагаліся супраць іспанскай тыраніі, пазней народныя паўстанцы, якія выступалі супраць іспанскіх каланізатараў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)