Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ГІПЕРТАНІ́ЧНАЯ ХВАРО́БА,
хвароба сістэмы кровазвароту ў чалавека, якая характарызуецца павышаным артэрыяльным ціскам (гіпертаніяй). Узнікае ад нерв.-эмацыянальнага перанапружання, якое парушае працэсы вышэйшай нерв. дзейнасці і рэгуляцыю сасудзістага тонусу. Найчасцей бывае ў людзей, што маюць спадчынную схільнасць да гіпертанічнай хваробы, ад празмернага харчавання і маларухомага спосабу жыцця.
Паводле пашкоджання органаў адрозніваюць 3 стадыі гіпертанічнай хваробы. Пры транзіторнай гіпертанічнай хваробе крывяны ціск павышаецца перыядычна, або на кароткі час; узнікае боль галавы, галавакружэнне, шум у вушах, сэрцабіцце, моташнасць. На 2-й (стабільнай) стадыі гіпертанія больш устойлівая: бываюць прыкметы сардэчнай (задышка, ацёкі, тахікардыя, арытмія) і каранарнай (боль за грудзінай і ў вобласці сэрца, інфаркт міякарда) недастатковасці. Цяжкія змены функцый сэрца, галаўнога мозга і нырак ад склератычных змен бываюць на 3-й стадыі арган. змен. Найб. тыповае і частае ўскладненне гіпертанічнай хваробы — гіпертанічныя крызы, пры якіх артэрыяльны ціск хутка павышаецца, рэзкі галаўны боль, ірвота, тахікардыя, іншы раз парушэнне зроку, расстройствы мазгавога і каранарнага кровазвароту (інфаркт міякарда, інсульт). Лячэнне: на 1-й стадыі правільны рэжым дня, заспакаяльныя сродкі; на 2-й і 3-й стадыях — сродкі, што зніжаюць крывяны ціск, заспакаяльныя, снатворныя, дыета.
Літ.:
Мясников А.Л. Гипертоническая болезнь и атеросклероз. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,
група захворванняў анімальнай (цэнтр. і перыферычнай) і вегетатыўнай нерв.сістэм. Бываюць прыроджаныя і набытыя, спадчынныя і няспадчынныя. Набытыя і няспадчынныя Н.х. абумоўлены біял. (вірусы, мікробы, рыкетсіі, грыбкі, жывыя паразіты), траўматычнымі, таксічнымі, алергічнымі, радыенукліднымі і інш. ўздзеяннямі. Асобна вылучаюць пухліны і сасудзістыя захворванні нерв. сістэмы. Умоўна Н.х. падзяляюць на арган. (у аснове структурныя змены розных аддзелаў нерв. тканкі) і функцыян. (абумоўлены вострымі і хранічнымі псіхатраўміруючымі ўздзеяннямі — неўрозы, што ўзнікаюць пры мінім. выражаных марфал. расстройствах). Бываюць інфекц. хваробы нерв. сістэмы, сасудзістыя захворванні (найб. пашыраны, напр., інсульт — адна з гал. прычын інваліднасці і смяротнасці насельніцтва). Праяўляюцца суб’ектыўнымі (скаргі на галаўны боль, галавакружэнне, дваенне ў вачах, моташнасць, ірвота і інш.) і аб’ектыўнымі парушэннямі ў выглядзе паралічоў і парэзаў рук і ног, мышачных атрафій, парушэнняў каардынацыі рухаў і інш. Лячэнне Н.х. комплекснае: тэрапеўт. ў спалучэнні з фізіятэрапіяй, псіхатэрапіяй, санаторна-курортным лячэннем; у некат. выпадках — нейрахірург. аперацыі. Выкарыстоўваюць таксама нетрадыц. метады (напр., гамеапатыя).
Літ.:
Болезни нервной системы: Руководство для врачей. Т. 1—2. М., 1995;
Марков Д.А. Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973;
Шанько Г.Г. Болезни нервной системы у детей: Мед. книга для родителей: В 3 т.Т. 1. Эпилепсия и припадки у детей. Мн., 1996.