МІНО́Р (Восіп) (Іосіф) Саламонавіч (12.11.1861, г. Мінск—1934),

дзеяч рэв. руху, адзін з кіраўнікоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). З сям’і яўр. пісьменніка С.​Залкінда (псеўданім Мінор). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, Яраслаўскім юрыд. ліцэі. З 1884 чл. групы «Народная воля». У 1886 арыштаваны, у ссылцы і на катарзе ва Усх. Сібіры (Якуцк, Чыта). З 1900 у Вільні. З 1902 эсэр. У 1902—05 у Жэневе (Швейцарыя). Дэлегат 1-га і 2-га з’ездаў ПСР, распрацаваў агр. праграму партыі. У 1907—08 у Парыжы, у 1909 у выніку правакацыі Е.​Ф.​Азефа арыштаваны і ў 1910 асуджаны на 10 гадоў катаргі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вызвалены, з сак. 1917 у Маскве, адзін з рэдактараў эсэраўскай газ. «Труд», чл. Маск. к-та ПСР, дэлегат 3-га з’езда ПСР, чл. яе ЦК. З ліп. 1917 старшыня Маск. гар. думы. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў. У вер. 1918 выехаў у Сімбірск, Уфу і Уладзівасток, адкуль пераехаў у Парыж. У эміграцыі працягваў парт. работу, з вер. 1920 чл. рэдакцыі газ. «Воля России». 16.5.1921 разам з А.​Ф.​Керанскім, М.​Дз.​Аўксенцьевым і інш. падпісаў маніфест правай групы ПСР з заклікам новай інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі.

Тв.:

Это было давно...: (Воспоминания солдата революции). Париж, 1933.

А.​М.​Карлюкевіч, Э.​А.​Ліпецкі.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жа́бка1 памянш. да жа́ба1–4 (гл.).

Жа́бка2 ’падкоўка на абутку’ (зэльв., Жыв. сл., 141). Улічваючы геаграфію, магчыма, з польск. żabka ’тс’. У слав. мовах, у тым ліку польск. żabka, укр. жа́бка, серб.-харв. жабица ’стрэлка ў капыце, нарасць на назе каня’, балг. дыял. жаба ’мускул на назе’. Аналагічны перанос у іншых мовах (англ. frog ’жаба’ — ’стрэлка ў капыце’, грэч. βάτραχος ’жаба’ — ’частка капыта’, якуцк. баӷа ’жаба’ — ’стрэлка пад капытом’; Пякарскі), таму апошняе да жа́ба1, а адсюль па падобнасці перанос на ’падкоўку’.

Жа́бка3 ’гатунак школьнага пяра’ (ТСБМ). Ад жа́ба1 па знешняму выгляду.

Жа́бка4 ’каменьчык, які кідаецца на водную паверхню, а ён падскоквае’ (КЭС). Рус., укр. жабка, польск. żabka, чэш. žabka, серб.-харв. жа̏бице, славен. žábica ’тс’. Відаць, паводле жабячых (да жа́ба1) падскокаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЯСТУ́ЖАВЫ,

дзекабрысты-афіцэры, браты.

Аляксандр Аляксандравіч (літ. псеўданім Марлінскі; 3.11.1797, С.-Пецярбург — 19.6.1837), рускі пісьменнік. Штабс-капітан (1825). Летам 1821 у чыне паручніка ўдзельнічаў у манеўрах гвардыі ў Віцебскай губ., у кастр. 1821 — студз. 1822 жыў у в. Выганічы Мінскага пав. (цяпер Валожынскі р-н) у сям’і памешчыка Ф.​Ф.​Вайдзевіча, адкуль неаднаразова прыязджаў у Мінск. Разам з К.​Ф.​Рылеевым пісаў агітацыйныя супрацьурадавыя песні і выдаваў альманах «Полярная звезда» (1823—25). Да 1825 напісаў некалькі раманаў у духу рамантызму. У 1824 прыняты ў Паўночнае таварыства дзекабрыстаў, увайшоў у склад яго кіруючага цэнтра (думы). Належаў да радыкальнага крыла руху: выступаў за ўвядзенне рэсп. ладу шляхам ваен. перавароту, надзяленне сялян зямлёй. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў распрацаваў план захопу Зімняга палаца і арышту Мікалая I. Актыўны ўдзельнік паўстання 26 снеж. на Сенацкай плошчы, быў фактычным камандзірам Маскоўскага палка, выведзенага на плошчу. Прыгавораны да смяротнай кары, якая была заменена спачатку 20-гадовай, потым 15-гадовай катаргай. У 1827 адпраўлены на пасяленне ў Якуцк, у 1829 — радавым у дзеючую армію на Каўказ. У ссылцы апублікаваў некалькі т.зв. свецкіх аповесцяў («Выпрабаванне», 1830, «Фрэгат «Надзея», 1833, і інш.). У каўк. аповесцях «Амалатбек» (1832), «Мула-Нур» (1836) намаляваў рамант. характары. У аповесцях «Вечар на Каўказскіх водах у 1824 г.» (1830), «Латнік» (1832) знайшлі водгук пачутыя на Беларусі нар. паданні, уражанні ад гутарак з жыхарамі. Загінуў у сутычцы з горцамі на мысе Адлер. У в. Выганічы ў яго гонар пастаўлены мемарыяльны знак.

Мікалай Аляксандравіч (24.2.1791, С.-Пецярбург — 27.5.1855), капітан-лейтэнант (1824). З канца 1824 чл. Паўн. т-ва і яго Вярхоўнай думы. Рэспубліканец, прыхільнік вызвалення сялян з зямлёй. Бліжэйшы памочнік К.​Ф.​Рылеева ў дні падрыхтоўкі паўстання ў Пецярбургу. Выказваўся за ўстанаўленне пасля перавароту дыктатуры часовага ўрада. 26.12.1825 склаў праект маніфеста да народа, вывеў на Сенацкую плошчу Гвардзейскі экіпаж. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў на Нерчынскіх рудніках. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Пісьменнік, гістарыёграф рус. флоту, эканаміст, жывапісец (стварыў партрэтную галерэю дзекабрыстаў).

Міхаіл Аляксандравіч (4.10.1800 — 3.7.1871), штабс-капітан лейб-гвардыі Маскоўскага палка (1825). З 1824 чл. Паўночнага т-ва, прымыкаў да рэсп. крыла. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. 26.12.1825 разам з братам Аляксандрам і Д.​А.​Шчэпіным-Растоўскім вывеў на Сенацкую плошчу Маскоўскі полк; аддаў каманду страляць па ўрадавых войсках. Пасля абстрэлу паўстанцаў карцеччу спрабаваў арганізаваць салдат, якія адступалі, каб заняць з імі Петрапаўлаўскую крэпасць. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў у Чыце і Пятроўскім заводзе. З 1839 на пасяленні ў Селенгінску.

Літ.:

Букчин С. К мечам рванулись наши руки: Док. повести. 2 изд. Мн., 1985;

Очерки из истории движения декабристов: Сб. ст. М., 1954.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)