НЕЙТРО́Н (англ. neutron ад лац. neuter ні той, ні іншы),

электранейтральная элементарная часціца са спінам ​1/2 і масай, блізкай да масы пратона. Эксперыментальна адкрыты Дж.Чэдвікам у 1932. Адкрыццё Н. дало штуршок для развіцця фізікі атамнага ядра, фізікі дзялення атамных ядраў, нейтроннай фізікі, фізікі нейтронных зорак і інш.

Адносіцца да класа адронаў і ўваходзіць у групу барыёнаў; мае магн. момант µн ≈ 2μя, дзе μя — адз. магнетон, і накіраваны процілегла спіну. Паміж Н. і пратонам дзейнічаюць ядзерныя сілы, што вядзе да ўтварэння ядраў атамных. Свабодны (па-за межамі атамных ядраў) Н. нестабільны і распадаецца на пратон, электрон і электроннае антынейтрына. Сярэдні час жыцця τ = 887 ± 2 с (у вакууме; у шчыльных рэчывах ад адзінак да соцень мікрасекунд). Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц. Характар узаемадзеяння Н. з рэчывам вызначаецца іх кінетычнай энергіяй, што прывяло да іх умоўнага падзелу на павольныя нейтроны і хуткія нейтроны. Вял. эфектыўнасць узаемадзеяння Н. з ядрамі мае шматлікія дастасаванні ў ядз. энергетыцы, вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, пры даследаваннях уласцівасцей рэчыва, у геолагаразведцы для пошуку карысных выкапняў.

У.​Р.​Барышэўскі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАГА́МІЯ (ад аўта... + ...гамія),

1) самаапыленне і самаапладненне ў вышэйшых раслін, напрыклад у пшаніцы, ячменю.

2) Самаапладненне ў некаторых аднаклетачных арганізмаў (зліццё 2 ядраў), напрыклад у некаторых відаў амёб, дыятомавых водарасцяў і інш.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэрмая́дзерны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на рэакцыі зліцця некаторых лёгкіх ядраў у больш цяжкія, якая адбываецца пры высокіх тэмпературах з вылучэннем велізарнай колькасці энергіі на працягу вельмі кароткага часу. Тэрмаядзерная энергія. Тэрмаядзерная рэакцыя. // Звязаны з выкарыстаннем энергіі, якая вылучаецца пры такіх рэакцыях. Тэрмаядзерны выбух. Тэрмаядзерная зброя. Тэрмаядзерная вайна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КРУ́ПЫ снежныя і ледзяныя,

від цвёрдых атм. ападкаў у выглядзе дробных часцінак шчыльнага лёду і снежных ядраў. Выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў пры т-ры каля 0 °C. Ад граду адрозніваюцца памерамі (звычайна 2—5 мм).

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАМЕХАНІ́ЧНЫЯ АДНО́СІНЫ, гірамагнітныя адносіны,

адносіны магнітнага моманту элементарных часціц і сістэм, што складаюцца з іх (атамных ядраў, атамаў, малекул і інш.), да іх моманту імпульсу (мех. моманту).

М.а. для розных станаў атамных сістэм вызначаюцца формулай: γ = gγ0, дзе g — Ландэ множнік, γ0 — адзінка М.а. У выпадку арбітальнага руху электрона ў атаме γ0 = −e/2mec, для спіна электрона γ0 = −e/mec, для атамных ядраў γ0 = −e/2mpc, дзе e — элементарны эл. зарад, me і mp — маса электрона і пратона адпаведна, c — скорасць святла ў вакууме. М.а. вызначаюць ўздзеянне знешняга магн. поля на сістэму, якая мае магн. момант, і выкарыстоўваецца, напр., у квантавых магнітометрах з прэцэсіяй намагнічанасці мікрачасціц для вызначэння магн. індукцыі знешняга поля. Гл. таксама Лармара прэцэсія, Магнетон.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-СПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел ядзернай спектраскапіі, які вывучае энергет. спектры гама-выпрамянення з дапамогай гама-спектрометраў. Метадамі гама-спектраскапіі даследуюць уласцівасці ўзбуджаных станаў атамных ядраў, пераходы паміж ядз. ўзроўнямі энергіі, а таксама гама-выпрамяненне ў выніку радыеактыўнага распаду і ядз. рэакцый. Гл. таксама Спектраскапія.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

амфімі́ксіс

(ад амфі- + -міксіс)

характэрны для большасці жывёл і раслін тып палавога працэсу, пры якім адбываецца зліццё ядраў мужчынскай і жаночай палавых клетак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАМА-РЭЗАНА́НСНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я, мёсбаўэраўская спектраскапія,

метад рэзананснага паглынання гама-квантаў без аддачы. Заснавана на Мёсбаўэра эфекце. Дазваляе праводзіць вымярэнні энергіі з дакладнасцю да натуральнай шырыні гама-лініі. Выкарыстоўваецца для вывучэння звыштонкага расшчаплення ядз. узроўняў, ацэньвання радыуса ўзбуджаных ядраў, дыфузіі атамаў, дынамічных з’яў пры фазавых пераходах, спінавай рэлаксацыі і інш.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

актывацы́йны

(ад актывацыя);

а. аналіз — метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) атамных ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КРЫТЫ́ЧНАЯ МА́СА,

мінімальная маса ядз. гаручага, здольная забяспечыць ажыццяўленне ланцуговай ядзернай рэакцыі. Залежыць ад памераў і формы сістэмы, а таксама ад яе хім. саставу. Мінімальная К.м. мае сферычную форму. Найменшую К.м. маюць растворы солей чыстых радыеактыўных нуклідаў з вадзяным адбівальнікам нейтронаў. Для урану-235 К.м. роўная 0,8 кг, плутонію-239—0,5 кг, каліфорнію-251—10 г. Гл. таксама Дзяленне ядраў.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)