МУ́СКУС (лац. muscus ад санскр. машонка, яйцо),

прадукт жывёльнага ці расліннага паходжання са своеасаблівым, т.зв. мускусным, пахам і здольнасцю паляпшаць і фіксаваць пах парфумерных кампазіцый.

Жывёльны М., які атрымліваюць пераважна з мускусных залоз самцоў кабаргі — зярністая цёмна-рудая маса, мае бялкі, тлушчы, халестэрын, розныя солі. Пах абумоўлены прысутнасцю макрацыклічнага кетону мускону. Мускусны пах маюць некаторыя эфірныя алеі, а таксама сінт. пахучыя рэчывы, якія не знойдзены ў прыродзе. Пахучая аснова расліннага М. — макрацыклічныя лактоны (макраліды); найб. важныя амбрэталід, які ёсць у эфірным алеі з насення гібіскусу, і тыбеталід, што уваходзіць у састаў эфірнага алею з каранёў аптэчнага дзягілю. Сярод сінт. М. найб. шырока выкарыстоўваюць т.зв. нітрамускусы — вытворныя бензолу, што маюць адну ці некалькі нітрагруп (напр., М. амбравы).

Да арт. Мускус. Структурныя формулы: 1 — мускону; 2 — амбрэталіду; 3 — тыбеталіду; 4 — мускусу амбравага.

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАКАГНО́ЗІЯ (ад грэч. pharmakon лякарства + gnōsis веды),

навука аб лекавых раслінах, лек. сыравіне расл. і жывёльнага паходжання, таксама прадуктах першаснай перапрацоўкі раслін (эфірныя алеі, смолы, млечныя сокі і інш.) і жывёл (змяіны яд, прадукты жыццядзейнасці пчол і інш.), што ўжываюць у медыцыне. Цесна звязана з фармакалогіяй, арган. і біял. хіміяй, батанікай.

Вядома са старажытнасці Як навука ўзнікла ў 19 ст. Адрозніваюць агульную і спец. Ф. Задачы агульнай Ф.: вывучэнне хім. саставу лек. раслін і сыравіны расл. або жывёльнага паходжання, уплыў на іх фактараў навакольнага асяроддзя, выяўленне прамысл. запасаў лек. раслін, навук. абгрунтаванне развіцця сыравіннай базы для фармацэўтычнай прамысловасці, складанне нарматыўна-тэхн. дакументацыі і інш. Спецыяльная Ф. вывучае асобныя лек. расліны і сыравіну з іх. Пытанні Ф. вывучаюцца ў фармацэўтычных і мед. ВНУ, спец. НДІ.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІУРЭТА́НЫ,

сінтэтычныя палімеры, якія маюць у асн. ланцугу макрамалекулы урэтанавыя групы —NH—C(O)O—. Звычайна маюць і інш. функцыян. групы, якія разам з урэтанавай групай вызначаюць уласцівасці палімераў (напр., поліэфірурэтаны маюць простыя эфірныя і складанаэфірныя групы, поліурэтанмачавіны — мачавінныя, поліамідаурэтаны — амідныя). Вядомы лінейныя і сеткавыя П., а таксама урэтанфункцыян. алігамеры.

Лінейныя П. — цвёрдыя аморфныя ці крышт. рэчывы, мал. м. (1—5)∙10​4. Раствараюцца ў дыметылфармамідзе, дыметылсульфаксідзе, фенолах. Сеткавыя П. — мяккія высокаэластычныя ці цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках. Урэтанфункцыян. алігамеры — вязкія вадкасці, мал. м. (1—5) 10. Раствараюцца ў многіх арган. растваральніках. Для П. характэрны высокія трываласць, зноса-, масла-, бенза-, кіслота- і атмасфераўстойлівасць, невысокая ўстойлівасць пры павышаных т-рах і да ўздзеяння шчолачаў. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем ды- ці поліізацыянатаў (гл. Ізацыянаты) з двух- ці трохатамнымі спіртамі. Выкарыстоўваюць для атрымання пенапластаў, кляёў, плёнак, лакаў, валокнаў (гл. Поліурэтанавыя валокны), каўчукоў (гл. Урэтанавыя эластамеры).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНІ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, асобныя часткі якіх выкарыстоўваюць як сыравіну для прам-сці. Крухмаланосныя культуры маюць крухмал у клубнях (бульба, батат, ямс і інш.), цукраносныя культуры — цукар у сцёблах (цукр. трыснёг, цукр. клён), караняплодах (цукр. буракі), суквеццях (цукр. і вінная пальмы). У алейных культур расл. алеі назапашваюцца ў насенні і пладах (сланечнік, арахіс, соя, клешчавіна, рапс, кунжут, гарчыца, лён алейны, какосавая і алейная пальмы, масліна, тунг), у эфіраалейных культур эфірныя алеі — у надземных частках (мята, герань, базілік), кветках (ружа эфірнаалейная, лаванда, тубероза, бэз), пладах (каляндра, аніс, фенхель), каранях і карэнішчах (ветыверыя, касач). Прадзільныя культуры маюць тэкст. валокны ў сцёблах (лён-даўгунец, джут, кенаф, каноплі), лісці (новазеландскі лён), насенні (бавоўнік), пладах (сейба). Вылучаюць таксама дубільныя расліны (скумпія, бадан, елка, лістоўніца, некат. віды дуба), каўчуканосныя расліны (гевея, гваюла), фарбавальныя расліны (марэна, вайда, сафора японская, шафран), лекавыя расліны (валяр’ян, наперстаўка, беладонна, хіннае дрэва, жэньшэнь), наркатычныя расліны (тытунь, махорка, індыйскія каноплі, мак опійны), гутаперчаносныя (эўкомія, палаквіум, паена, брызгліна), карканосныя (коркавы дуб), інш. Як Т.к. выкарыстоўваюць хмель, варсянку і інш.

т. 16, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

санта́л і санда́л ​1, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Вечназялёнае трапічнае дрэва сямейства сандалавых (санталавых). / ‑у; у знач. зб. Набіраць сандалу.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва, багатая на эфірныя алеі.

3. ‑у. Крышталічнае рэчыва з сандалавай драўніны.

4. ‑у. Фарбавальнік, які здабываюць з драўніны розных дрэў (пераважна з так званых чырвоных).

[Грэч. santalon; арабск. sandal.]

санда́л ​2, ‑а, м.

Уст. Невялікае судна, якім карысталіся цюркскія народы Прычарнамор’я.

[Тур. sandal — шырокая лодка.]

санда́л ​3, ‑а, м.

Прыстасаванне для абагравання жылля ў народаў Усходу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,

арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).

Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.

Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.

Літ.:

Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эму́льсія

(н.-лац. emulsio, ад лац. emulgere = даіць)

1) вадкасць, у якой нерастваральныя ў вадзе эфірныя алеі, бальзамы і іншыя вадкасці знаходзяцца ў выглядзе драбнюткіх кропелек;

2) святлоадчувальны слой на фотапласцінках, плёнках, паперы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эўкалі́пт

(н.-лац. eucalyptus, ад гр. eu = добра + kalyptos = пакрыты)

вечназялёнае дрэва сям. міртавых, пашыранае ў тропіках і субтропіках; хутка расце і дасягае вялікіх памераў; змяшчае эфірныя алеі, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, парфумерыі і тэхніцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАРФУМЕ́РНА-КАСМЕТЫ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па вытв-сці парфумерна-касметычных вырабаў, эфірных алеяў і сінт. пахучых рэчываў. У вытв-сці парфумерна-касметычных вырабаў (гл. Парфумерыя, Касметыка) у якасці сыравіны выкарыстоўваюцца натуральныя эфірныя алеі, пахучыя рэчывы (сінт. і жывёльнага паходжання), а таксама этылавы спірт. У свеце буйнейшымі вытворцамі парфумерна-касметычнай прадукцыі з’яўляюцца Францыя, Італія, Кітай, Польшча, Расія, Балгарыя, ФРГ, Вялікабрытанія, Японія.

Прамысл. вытв-сць парфумерна-касметычных вырабаў пачалі ў Францыі ў канцы 17 ст. На Беларусі ўзнікненне П.-к.п. звязана з арганізацыяй у 1936 вырабу туалетнага мыла на Гомельскім тлушчавым камбінаце. У пасляваенныя гады на Гомельскім з-дзе сухога мелу пачалі выпуск зубнога парашку, хны і басмы (сродкі па догляду за валасамі). У 1998 доля П.-к.п. склала прыкладна 0,6% ад валавой прадукцыі харч. прам-сці.

Буйнейшымі прадпрыемствамі галіны з’яўляюцца Брэсцкі завод бытавой хіміі, Гомельскі тлушчавы камбінат, Гомельскі з-д сухога мелу (выпускае хну, басму, шампуні), сумесныя прадпрыемствы па выпуску касметыкі «Беліта» (бел.-італьян.) і «Белор-Дызайн» (бел.-амер.). У 1997 экспарт парфумерна-касметычных тавараў склаў 5614 т (на суму 14,9 млн. дол.), яго асн. частка (каля 98%) прыпадала на краіны СНД, адначасова імпарт склаў 9196 т тавараў (36,3 млн. дол.), з іх 25% з краін СНД. Сярод замежных краін асн. імпарцёрамі парфумерна-касметычных вырабаў з’яўляюцца ФРГ, Чэхія, Італія, Францыя і Вялікабрытанія.

П.​І.​Рогач.

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

санда́л​1

(с.-лац. sandalum, ад ар. sandal)

1) вечназялёнае дрэва сям. сандалавых, пашыранае ў тропіках, а таксама драўніна гэтага дрэва, багатая на эфірныя алеі, вядомая пад назвай сандалавага дрэва;

2) фарбавальнік чырвонага або жоўтага колеру, які здабываюць з драўніны фернамбука і сандалавага дрэва.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)