НЕІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, непаразітарныя хваробы раслін,
парушэнні структуры і функцый раслін у выніку неспрыяльных фіз. і хім. уздзеянняў на іх (пераважна абіятычных і антрапагенных) без удзелу фітапатагенных арганізмаў. Вельмі пашыраны. Выклікаюцца празмерна нізкімі або высокімі вільготнасцю (завяданне раслін, усыханне; вымаканне пасеваў. растрэскванне і сыходжанне пладоў і інш.), т-рай (вымярзанне раслін; апёкі, запал, цераззерніца; пры рэзкіх ваганнях — выправанне пасеваў, іх выпіранне, маразабоіны, адлуп кары, драўніны і інш.), асвятленнем (этыяляцыя, апёкі і інш.), кіслотнасцю глебы, недахопам, лішкам або незбалансаванасцю элементаў мінеральнага жыўлення раслін (паляганне раслін, фасцыяцыя, плямістасці, ненармальная пігментацыя лісця і інш.), градам, моцным ветрам ці дажджом, маланкай і інш. (паляганне, апёкі і інш.), таксічнымі для раслін і радыеактыўнымі рэчывамі выхлапных газаў, прамысл. і інш. адходаў (пыл, сажа, аксіды азоту, вугляроду, серы, альдэгіды, злучэнні фтору, хлору, цяжкіх металаў, этылен і інш.) і пестыцыдамі (апёкі, пабурэнне, плямістасці і засыханне лісця, прамянёвая хвароба і інш.); таксінамі некат. раслін і глебавых грыбоў, мех. пашкоджаннямі жывёламі і чалавекам. Парушаюць рост, развіццё (прыгнечанне, дэфармацыі), фотасінтэз (хларозы раслін), часта прыводзяць да заўчаснага старэння і адмірання частак (некроз) ці цэлых раслін, павышаюць іх успрымальнасць да ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб раслін, інш. патагенаў і шкоднікаў.
С.І.Бельская.
Неінфекцыйныя хваробы раслін: 1, 2 — азотнае і фосфарнае галаданне бульбы і кукурузы; 3 — калійнае галаданне бульбы (бронзавасць лісця); 4 — шкоднае дзеянне глебавай кіслотнасці на капусту; 5 — маразабоіны на ствале яблыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прам-сці па вытв-сці сінт. матэрыялаў і вырабаў з іх, заснаваная на хім. перапрацоўцы прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці і газавай прамысловасці. Асн. прадукцыя Н.п.: сінт. каўчук, хім. валокны, прадукты асн.арган. сінтэзу (этылен, прапілен, поліэтылен, спірты, альдэгіды і інш.), гумава-тэхн. вырабы (гл.Гумаазбеставая прамысловасць), розныя віды шын. Прадукцыя Н.п. выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі.
Да 1-й сусв. вайны (1914—18) вытв-сцьпрамысл.арган. прадуктаў грунтавалася на перапрацоўцы каксоўнага каменнага вугалю і харч. сыравіны. Выкарыстанне нафты як важнейшай крыніцы хім. сыравіны стала магчымым у пач. 20 ст. ў выніку ўкаранення ў прам-сць новых метадаў яе перапрацоўкі — крэкінгу і піролізу. Прамысл.вытв-сць нафтахім. прадуктаў з крэкінг-газаў распачалі ў ЗША: у 1918 наладжана вытв-сць ізапрапілавага спірту, у 1920 — аліфатычных хім. прадуктаў. У б.СССР станаўленне Н.п. адбывалася ў 1929—40-я г.: у 1932 упершыню ў свеце арганізавана прамысл.вытв-сцьсінт. каўчуку, у 1949 — сумесная вытв-сць фенолу і ацэтону кумольным метадам. Стан і тэмпы развіцця Н.п. вызначаюць прагрэс многіх галін нар. гаспадаркі, дзе рэалізуецца прыбытак і эканомія сыравіны і энергіі за кошт выкарыстання нафтапрадуктаў. Найб. развітая Н.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Кітаі, Канадзе, Мексіцы.
На Беларусі Н.п. пачала развівацца ў пасляваен. час. Адно з першых прадпрыемстваў галіны — Барысаўскі завод «Гуматэхніка» створаны ў 1947. У 1952 у Бабруйску пабудаваны з-д па вытв-сці натуральнага каўчуку, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў (гл.«Беларусьгуматэхніка»), У 1972 засн. буйнейшы ў Еўропе Беларускі шынны камбінат, які выпускае шыны больш як 140 тыпапамераў для аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў і скрэпераў. Высакаякасны віскозны корд для шын вырабляе Светлагорскі завод сінтэтычнага валакна. Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», а таксама Баранавіцкі і Брэсцкі з-ды бытавой хіміі. Гл. таксама Нафтахімія.