БРАКГА́ЎЗА ВЫДАВЕ́ЦТВА (Brockhaus),

нямецкая кнігавыдавецкая і кнігагандлёвая фірма. Засн. ў 1805 Ф.​А.​Бракгаўзам у Амстэрдаме (з 1811 у Альтэнбургу, з 1817 у Лейпцыгу). Спецыялізуецца на выпуску універсальных энцыклапедый. З 1984 у складзе акц. т-ва Бібліяграфічны інстытут і Ф.​А.​Бракгаўз.

У 1808 Ф.​А.​Бракгаўз выкупіў права на выданне універсальнай энцыклапедыі «Konversations Lexikon» («Гутарковы слоўнік», выходзіла з 1796) і выдаў заключны 6-ы том (1811). Для падрыхтоўкі 2-га выдання Слоўніка былі прыцягнуты лепшыя інтэлектуальныя сілы тагачаснай Германіі. У 1986—94 выйшла 18-е выданне гэтай энцыклапедыі ў 24 тамах [з 13-га выдання называецца «Brockhaus’Konversations-Lexirkon» («Гутарковы слоўнік Бракгаўза»); з 15-га — «Der Grosse Brockhaus» («Вялікі Бракгаўз»); з 17-га — «Brockhaus Enzyklopädie» («Энцыклапедыя Бракгаўза»)]. Бракгаўза выдавецтва выдала таксама «Allgemeine Enzyklopädie der Wissenschaften und Künste» («Універсальную энцыклапедыю мастацтваў і навук», т. 1—167, 1818—89, не завершана), «Der Neue Brockhaus» («Новы Бракгаўз», т. 1—5, 1958—60); «Der Volks-Brockhaus» («Народны Бракгаўз», 1959); «Der Kleine Brockhaus» («Малы Бракгаўз», т. 1—2, 1961—62) і інш. Бракгаўза выдавецтва выдае кніжную прадукцыю амаль на ўсіх еўрап. мовах і мае аддзяленні ў многіх сталіцах свету. У Расіі выд-ва Бракгаўза і Эфрона (пазней акц. выдавецкае т-ва «Выдавецкая справа») працавала ў 1889—1930 у Пецярбургу. На ўзор энцыклапедый Бракгаўза выдаваўся Бракгаўза і Эфрона энцыклапедычны слоўнік.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica); універсальнае энцыклапедычнае выданне. Упершыню выйшла ў Эдынбургу (Вялікабрытанія; т. 1—3, 1768—71; скл. У.​Смелі), потым у Лондане. З 1929 выходзіць у Чыкага (ЗША); з пач. 1940-х г. выдаецца фірмай «Брытанская энцыклапедыя»), у Лондане захавалася рэдакцыя Брытанскай энцыклапедыі, якая папаўняе яе новымі звесткамі аб Вялікабрытаніі. Брытанская энцыклапедыя выходзіць у 32 т., складаецца з 4 частак: Індэкса, Мікрапедыі, Макрапедыі і Прапедыі. Індэкс (2 тамы) уключае 500 тыс. спасылак, па розных пытаннях. У 12 тамах Мікрапедыі — 86 тыс. кароткіх (каля 300 слоў кожны) артыкулаў, якія ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі, малюнкамі. У 17 тамах Макрапедыі — мноства вялікіх (па некалькі дзесяткаў старонак) артыкулаў пра найб. агульныя паняцці з рэестра Мікрапедыі. У канцы кожнага артыкула — падрабязная анатаваная міжнар. бібліяграфія. Аднатомная Прапедыя мае тэматычны прынцып будовы і дае магчымасць з дапамогай падрабязных планаў і шматлікіх спасылак вывучыць па тамах Брытанскай энцыклапедыі любую тэму. Поўны камплект Брытанскай энцыклапедыі кожны год перавыдаецца. З 1938 у дадатак да Брытанскай энцыклапедыі выдаецца Штогоднік, які змяшчае навіны навукі, культуры, самую апошнюю статыстыку (у амер. і англ. варыянтах). Да кожнага камплекта Беларускай энцыклапедыі дадаецца камп’ютэрны варыянт на кампакт-дыску.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або перакладае толькі тую лексіку, якой адрозніваюцца слоўнікавыя склады 2 блізкароднасных моў або слоўнікі адной і той жа мовы. Першыя Д.с. бел. мовы — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870) і рукапісны «Беларускі слоўнік» С.​Мядзведскага (1910), якія перакладалі на рус. мову тыя бел. словы, што лексічна і семантычна адрозніваліся ад адпаведных рус. слоў. Падобны двухмоўны Д.с. — слоўнікавы дадатак «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» да практычнага дапаможніка «Беларуская мова для небеларусаў» А.​А.​Крывіцкага, А.​Я.​Міхневіча, А.​І.​Паддужнага (1973).

Існуюць і інш. разнавіднасці Д.с.: дыферэнцыяльна-дыялектныя або абласныя даведнікі (у адрозненне ад поўных дыялектных слоўнікаў уключаюць толькі тыя дыялектызмы, якімі дадзеная гаворка або група гаворак адрозніваюцца ад слоўнікавага складу літ. мовы, напр., «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М.​В.​Шатэрніка, 1929, «Слоўнік Гродзенскай вобласці» Т.​П.​Сцяшковіч, 1983); дыялектныя даведнікі, што ўводзяць у навук. ўжытак упершыню лексікаграфічна зафіксаваныя лексічныя і фразеалагічныя адзінкі, якія адсутнічалі ў папярэдніх рэгіянальных слоўніках (напр., «З народнай фразеалогіі: Дыферэнцыяльны слоўнік» І.​Я.​Лепешава, 1991). Асобныя даследчыкі (Крывіцкі, Г.​А.​Цыхун) вылучаюць змяшаны (дыферэнцыяльна поўны) тып дыялектнага слоўніка.

Літ.:

Норман Б.Ю. Гипотеза Сэпира-Уорфа и белорусско-русский дифференциально-семантический словарь // Актуальные проблемы лексикологии. Мн., 1970.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНШАМО́ЎНЫХ СЛОЎ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або характарызуе словы, запазычаныя з інш. моў. У слоўніку пасля загаловачнага, рэестравага слова падаецца інфармацыя аб паходжанні гэтага слова: указваецца крыніца — мова, з якой яно запазычана, зыходная іншамоўная форма (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам і гістарычным слоўнікам), тлумачацца сучасныя значэнні запазычанага слова, прыводзяцца прыклады яго выкарыстання ў спец. падабраных словазлучэннях ці сказах з пісьмовых крыніц, даюцца аднакарэнныя з рэестравымі словы (гэта робіць яго разнавіднасцю тлумачальнага слоўніка). У І.с.с. пераважаюць запазычаныя тэрміны і інш. спец. назвы іншамоўнага паходжання, што набліжае яго да тэрміналагічнага слоўніка. Бытавыя назвы іншамоўнага паходжання (акрамя экзатызмаў, якія трывала замацаваліся ў мове і не ўспрымаюцца як чужыя) у такі слоўнік не ўключаюць. Азначэнні малавядомых вузкаспец. тэрмінаў даюцца ў выглядзе разгорнутай навук. дэфініцыі ў энцыклапедычным слоўніку.

Вылучаюць І.с.с. агульнага тыпу, які сумяшчае асобныя рысы пералічаных слоўнікаў (напр., «Слоўнік іншамоўных слоў» А.​М.​Булыкі, 1993), і аспектнага: гістарычны (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» Булыкі, 1972), адваротны І.с.с., слоўнік «памылковых сяброў перакладчыка», школьны, калек, міжнар. тэрмінаэлементаў і інш.

Літ.:

Караулов Ю.Н. Обратный словарь заимствований как способ изучения лингвоэкологии // Изв. АН СССР. Сер. лит. и языка. 1979. Т. 38, № 6;

Булыка А.М. З моў блізкіх і далёкіх. Мн., 1986.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКГА́ЎЗА І ЭФРО́НА ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

самая вял. руская дарэв. універсальная энцыклапедыя. Першае выданне ажыццёўлена ў 1890—1907 у Пецярбургу ў 82 асноўных і 4 дадатковых паўтамах; першыя 8 т. пад рэд. І.​Я.​Андраеўскага, астатнія пад рэд. К.​К.​Арсеньева і Ф.​Ф.​Петрушэўскага; 2-е выд. пад назвай «Новы энцыклапедычны слоўнік», выйшла ў 1911—16 (выдадзена 29 тамоў з 48).

Для выпуску Бракгаўза і Эфрона «Энцыклапедычнага слоўніка» ням. выдавецкай фірмай Ф.​А.​Бракгаўза і рас. выдаўцом і кнігагандляром І.​А.​Эфронам у 1889 створана выд-ва (пазней акц. т-ва; існавала да 1930). Першае выданне слоўніка ўключае некалькі дзесяткаў тысяч энцыклапедычных артыкулаў, ілюстраваных малюнкамі, фотаздымкамі, картамі. На пач. кожнага паўтома даецца спіс яго найб. значных артыкулаў, у 82-м паўтоме — спіс пачатковых і канцавых артыкулаў па тамах і паўтамах, поўны спіс асоб, якія прымалі ўдзел у складанні слоўніка (больш за 700 прозвішчаў), 285 фотаздымкаў супрацоўнікаў выд-ва, якія працавалі над ім. Дадатковыя паўтамы (83—86) змяшчаюць інфармацыю, якая па розных прычынах не трапіла ў асн. тамы. У канцы 86-га паўтома надрукаваны вял. энцыклапедычны нарыс «Расія».

Выд-ва «Вялікая Расійская энцыклапедыя» (Масква) з 1991 выдае 12-томны «Энцыклапедычны слоўнік. Бракгаўз і Эфрон: Біяграфіі» (т. 1—5, 1991—94), у якім рэпрынтным спосабам узнаўляюцца каля 40 тыс. біяграфій з першых двух выданняў слоўніка.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХМО́ЎНЫ СЛО́ЎНІК, перакладны слоўнік,

тып лінгвістычнага даведніка, у якім змест слоў адной мовы перадаецца сродкамі іншай мовы. Часцей за ўсё гэта робіцца шляхам перакладу: напр., «Практычны расійска-беларускі слоўнік» М.​Я.​Байкова і М.​І.​Гарэцкага (1924). Больш глыбокая і навук. семантызацыя зместу рэестравых слоў ажыццяўляецца ў тых Д.с., якія змяшчаюць да слоў адной мовы разгорнутыя дэфініцыі на іншай (напр., «Кароткі эканамічны слоўнік», 1993). Існуюць і больш апасродкаваныя спосабы семантызацыі, напр. у Д.с. ідэаграфічнага тыпу; так, у «Тэматычным руска-беларускім слоўніку мовы навуковых справаздач» (1993) словы не толькі перакладаюцца, але і ілюструюцца эквівалентнымі па зместу тэкставымі фрагментамі на рус. і бел. мовах, дзе гэтыя словы ўжываюцца. Існуюць Д.с., у якіх сумяшчаюцца ўсе магчымыя спосабы семантызацыі рэестравых слоў: «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1990).

Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с. агульныя («Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995; «Беларуска-рускі слоўнік», т. 1—2, 2-е выд., 1988—89) і спецыяльныя або тэрміналагічныя («Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М.​М.​Касцюковіча, У.​В.​Люшціка, В.​К.​Шчэрбіна, 1995). Паводле прызначэння вылучаюць агульныя і школьныя Д.с. (напр., «Руска-беларускі слоўнік», 6-е выд., 1993, і «Беларуска-рускі слоўнік», 3-е выд., 1991, С.​М.​Грабчыкава; «Руска-беларускі слоўнік: Для пачатковых класаў» А.​К.​Кобызевай, Г.​П.​Хаткевіч і М.​Я.​Шчарбун, 1985). Паводле характару інфармацыі аб рэестравых словах адрозніваюць агульныя і аспектныя, сярод апошніх Д.с. моўных цяжкасцей, паралексічныя Д.с. (гл. адпаведныя арт.).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАЛО́ГІЯ (ад лексіка + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы, яе лексіку. Мае сваю праблематыку (суадносіны слова і значэння, значэння і паняцця, лексічнага і граматычнага ў слове, вызначэнне месца слова сярод інш. адзінак мовы, выяўленне будовы лексіка-семантычнай сістэмы мовы і інш.) і свае метады вывучэння лексікі (дыстрыбуцыйны, кампанентны, кантэкстуальны, логіка-паняційны і інш.).

Л. цесна звязана з лексікаграфіяй, граматкай, стылістыкай і культурай мовы. У залежнасці ад ахопу і характару вывучаемай лексікі, сутнасці праблем і спецыфікі метадаў, што выкарыстоўваюцца, Л. падзяляецца на шматлікія разгалінаванні.

Агульная Л. вывучае праблемы слоўнікавага складу розных моў; прыватная, ці нацыянальная (бел., рус., ням. і г.д.), — лексіку канкрэтнай мовы; апісальная, ці сінхранічная, — лексіку мовы на пэўным этапе яе развіцця (найчасцей на сучасным); гістарычная, ці дыяхранічная, разглядае лексіку мовы ў працэсе яе развіцця, выяўляе яе гіст. пласты, паходжанне, змяненне семантычнай структуры, фанетыка-марфал. будовы; этымалагічная высвятляе паходжанне асобных слоў; супастаўляльная, ці параўнальная, аналізуе лексіку 2 і больш моў адначасова; функцыянальная апісвае розныя групы слоў з улікам іх функцый у маўленні; нарматыўная вызначае агульнаўжывальную лексіку літ. мовы і нормы яе выкарыстання ў маўленні і г.д.

Бел. Л. зарадзілася ў пач. 20 ст. Актуальным пытанням Л. прысвечаны працы бел. мовазнаўцаў А.​Я.​Баханькова, А.​М.​Булыкі, А.​І.​Жураўскага, М.​І.​Крукоўскага, А.​Я.​Супруна, Л.​М.​Шакуна, П.​П.​Шубы і інш.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Плотников Б.А., Трайковская В.Ф. Дихотомическая лексикология. Мн., 1989;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАГРАФІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, у якім лексіка падаецца з улікам выяўленых семантычных (логіка-паняційных, прадметна-тэматычных, сінанімічных, антанімічных, асацыятыўных і інш.) сувязей паміж словамі. Бярэ пачатак ад «Тэзаўруса англійскіх слоў і выразаў» П.​М.​Ражэ (1852). У залежнасці ад характару семантычных сувязей паміж словамі, што кладуцца ў аснову ўпарадкавання лексікі, вылучаюць некалькі тыпаў І.с. Уласна І.с. (ідэалагічныя слоўнікі), у якіх агульнаўжывальная лексіка падаецца не па алфавіце, а па іерархічна пабудаванай класіфікацыйнай схеме логіка-паняційнага характару («Ідэаграфічны слоўнік рускай мовы» А.​С.​Баранава, 1990; «Англа-рускі ідэаграфічны слоўнік» Т.​І.​Шаталавай 2-е выд. 1994; «Тлумачальны ідэаграфічны слоўнік рускіх дзеясловаў», 1997, і інш.).

Сярод уласна І.с. вылучаюць: інфармацыйна-пошукавыя тэзаўрусы, што паскараюць пошук спец. лексікі пры яе аўтаматычнай апрацоўцы («Інфармацыйна-пошукавы тэзаўрус па інфарматыцы», 1974, 1987); паняційныя і прадметна-паняційныя слоўнікі, у якіх універсальная паняційная сістэма класіфікацыі лексікі Галіга-Вартбурга выкарыстоўваецца для паслядоўнага апісання слоў пэўнай гіст. эпохі («Прадметна-паняційны слоўнік грэчаскай мовы: Крытамікенскі перыяд», 1986); тэматычныя і прадметна-тэматычныя слоўнікі, што групуюць лексіку паводле найб. шырокіх тэм (час, прастора) ці ўзаемазвязаных у навакольнай рэчаіснасці прадметаў (віды мэблі, птушак і інш.), напр., «Руска-ўзбекскі тэматычны слоўнік», 2-е выд. 1979).

Змешаныя ці групавыя І.с. групы семантычна звязаных слоў падаюць у алфавітным парадку загаловачных слоў такіх слоўных груп. Сярод гэтых слоўнікаў вылучаюць: анамасіялагічныя даведнікі, у якіх да вызначанага кола паняццяў падаюцца ўсе блізкія да іх па значэнні словы («Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца); аналагічныя слоўнікі; асацыятыўныя слоўнікі (т.зв. асацыятыўныя тэзаўрусы); малюнкавыя слоўнікі.

Літ.:

Морковкин В.В. Идеографические словари. М., 1970;

Щербин В.К. Созвездия слов: (Идеогр. словари) // Щербин В.К. Вселенная в алфавитном порядке. Мн., 1987.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 7, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).

2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб. стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.​Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.​Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.​Ф.​Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.​Я.​Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.​М.​Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.​П.​Навіцкага, 1871—72).

Літ.:

Старабеларускія лексіконы /Склад. А.​А.​Яскевіч. Мн., 1992.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРУ́СА ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫІ,

сукупнасць даведачных выданняў, што выпускаюцца франц. выдавецкай фірмай «Ларус». Засн. ў 1852 франц. лексікографам П.​Ларусам сумесна з О.​Буае. Першыя выданні: «Petite encyclopédie du jeune âge» («Малая дзіцячая энцыклапедыя», 1853) і «Grand dictionnaire universel du XIX-e siécle» («Вялікі універсальны слоўнік XIX ст.», т. 1—17, 1865—90, т. зв. «Ларус XIX ст.»). Сярод інш. выданняў 19 ст.: «Nouveau Larousse illustré en 7 volumes» («Новы ілюстраваны Ларус», т. 1—7, 1897—1904, дадатковы том 1907), «Dictionnaire complet illustré» («Поўны ілюстраваны слоўнік», 1889; 140 перавыданняў). На базе апошняга даведніка, які спалучае ў сабе рысы тлумачальнага і энцыклапедычнага слоўніка, быў падрыхтаваны «Petit Larousse» («Малы Ларус», з 1906 выдаецца штогод). Для аператыўнага папаўнення вял. энцыклапедый Ларуса найноўшымі звесткамі з 1907 выдаецца спец. энцыклапедычны час. «Larousse mensuel illustré» («Штомесячны ілюстраваны Ларус», 1907—98; у 1941—47 не выходзіў). З 1920-х г. выдаюцца прынцыпова новыя універсальныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі: «Larousse du ХХ-е siécle en 6 volumes» («Ларус XX ст.», т. 1—6, 1928—33), «Grand Larousse encyclopédique en 10 volumes» («Вялікі энцыклапедычны Ларус», т. 1—10, 1960—64, дадатковы том 1968; перавыданне т. 1—15, 1985—87), «Grand Larousse de la langue franęaise en 7 volumes» («Вялікі Ларус французскай мовы», т. 1—7, 1971—78) і інш. Выдадзены таксама энцыклапедычныя даведнікі агульнага прызначэння: «Nouveau Larousse universel» («Універсальны новы Ларус», т. 1—2, 1948—49), «Encyclopédie Larousse méthodique» («Сістэматычная энцыклапедыя Ларуса», т. 1—2, 1955), «Encyclopédie Larousse des enfants» («Энцыклапедыя Ларуса для дзяцей», 1957), «Larousse de la langue franęaise» («Слоўнік французскай мовы Ларуса», 1979), «Grand dictionnaire encyclopédique Larousse» («Вялікі энцыклапедычны слоўнік Ларуса», 1982) і інш. Выдаюцца таксама шматлікія галіновыя Ларусы (муз., мед., с.-г. і інш.).

Публ.:

Энциклопедия для юношества («Ларусс»): Пер. с фр. М., 1998.

Літ.:

Гудовщикова И.В. Общие зарубежные энциклопедии. Л., 1963.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)