КА́МЕНКА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Шчучын — Скідзель. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 16 км на З ад г. Шчучын, 45 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Скідзель. 643 ж., 261 двор (1997).
У 2-й пал. 16 ст. К. — маёнтак на мяжы Гродзенскага і Лідскага пав. У 1580 К.Кладзінскі пабудаваў драўляны касцёл, у 1599 П.Нонгард заснаваў туг мястэчка. У 18 ст ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у Рас. імперыі У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав., уласнасць Тызенгаўзаў, Урускіх, і пач. 30 ст. — Сапегаў. У 1878—411 ж, у 1897—553 ж., 73 двары, нар. вучылішча, касцёл, 2 малітоўныя яўр. дамы, 8 крам, карчма, 8 кірмашоў на год. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Шчучынскім р-не. З 23.5.1962 да 25.12.1962 у Скідзельскім р-не. У 1971—530 ж., 180 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Каменкаўскі Антоніеўскі касцёл (1908).
т. 7, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РЛЯ,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад г. Шчучын, 91 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ражанка. 518 ж., 217 двароў (2000). Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі селішча 12—13 ст.
т. 11, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАМА́ЙСКАЯ,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. Да 1954 наз. Сабакінцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 54 км на Пн ад г. Шчучын, 72 км ад Гродна, 39 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 456 ж., 182 двары (2000). Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Пакроўская царква, касцёл Узвышэння Крыжа. Брацкія магілы партызан і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЧАНКА (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 16.5.1925, г. Гомель),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1998). Скончыў БПІ (1958). З 1951 працаваў гал. архітэктарам Ваенпраекта БВА, Гродзенскай вобл., з 1974 — БелНДІП горадабудаўніцтва. Асн. работы: адм. будынак у Барысаве (1957), дамы афіцэраў у Лідзе (1956), Баранавічах (1960), Мінску (Уручча; 1968), Мазыры (1969), Гродне (1974), лёгкаатлетычны манеж ва Уруччы (1976, у сааўт.), прафілакторый у Наваполацку (1982), Палац культуры ў Лідзе (1994), ген. планы гарадоў Ліда, Ваўкавыск, Слонім, Шчучын (1991—98) і інш.
т. 7, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎКУЦЬ (Юзас Антонавіч) (н. 1.1.1954, г. Шчучын Гродзенскай вобл.),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1972). Да 1993 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Яго выкананне вызначалася высакароднай манерай, пачуццём стылю. Сярод партый: Зігфрыд, Прынц, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Рамэо, Бенволіо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Абат («Карміна-Бурана» К.Орфа), граф Вішанька («Чыпаліна» К.Хачатурана) і інш.
т. 13, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РШТАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Бярштанскае возера,
у Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Котра, за 36 км на ПнЗ ад г. Шчучын. Пл. 1,68 км², даўж. 3,36 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 17 м. Пл. вадазбору 43 км².
Схілы тэрасаваныя, разараныя, месцамі парэзаныя ярамі, частка пад хваёвым лесам. Берагі стромкія, паўд.-ўсх. спадзістыя. Дно сапрапелістае. З астравы агульнай пл. 0,09 га. Каля берагоў і на водмелях зарастае. Пратокай злучана з р. Котра, упадаюць р. Рудна і меліярац. канал.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВЫЯ МАСТЫ́,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Шчучын, Ваўкавыск, Масты. Цэнтр Мастоўскага с/с і саўгаса. За 6 км на У ад горада і чыг. ст. Масты, 66 км ад г. Гродна. 1195 ж., 414 двароў (2000). Мастоўскае райсельэнерга, пчалярскае прадпрыемства. Сярэдняя школа, спецшкола-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэчны пункт, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл св. Іаана Хрысціцеля. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯБА́З (ад грэч. diabasis пераход),
поўнакрышталічная палеатыпная магматычная горная парода з групы габрабазальтаў. Складзены з плагіяклазаў і аўгіту з прымессю магнетыту, ільменіту, другасных мінералаў, радзей алівіну, кварцу. Колер цёмна-шэры ці зеленавата-чорны. Шчыльн. 2700—3300 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Т-ра плаўлення 1005—1250 °C. Трапляецца ў магматычных формах складкавых абласцей і платформ. Формы залягання Д. — патокі, покрывы, дайкі, сілы і інш. Пашыраны ў пародах, якія складаюць крышт. фундамент Беларусі (г. Жыткавічы, р.п. Мікашэвічы, г. Шчучын). Выкарыстоўваецца як будматэрыял і сыравіна для каменнага ліцця, як напаўняльнік бетону, штучных камянёў і інш.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧУ́КІ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Сястрэнец» у ВКЛ. Родапачынальнік Кучук у 1382 быў каморнікам вял. кн. Ягайлы, удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? — пасля 1437) валодаў Дакудавам і Жырмунамі ў Лідскім пав., атрымаў ад вял. князя маёнтак Шчучын. Меў сына Яна (каля 1410 — каля 1478), маршалка гаспадарскага ў 1469—78 і намесніка лідскага ў 1473. Сынамі апошняга былі Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі ў 1482, і Войцех (каля 1440 — пач. 1506), маршалак гаспадарскі ў 1492—1505, намеснік уладзімірскі ў 1494 і ваўкавыскі ў 1496. Пасля смерці Войцеха радавыя маёнткі ў Лідскім пав. і выслужанае ім Палонна ў Луцкім пав. праз шлюб яго дачкі перайшлі да С.П.Кішкі.
В.Л.Насевіч.
т. 9, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕЎ (Мікалай Віктаравіч) (21.11.1955 21.2.1955, г. Шчучын Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык. Д-р філал. н. (1997). Скончыў БДУ (1977). З 1978 жыве ў Санкт-Пецярбургу. Працаваў у Ленінградскім аддзяленні Ін-та археалогіі АН СССР, удзельнічаў у раскопках стараж. Навагрудка, Старой Ладагі. З 1978 працуе ў Расійскай Нац. б-цы. Адзін з заснавальнікаў і чл. Прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Адзін са стваральнікаў і чл. праўлення Бел. грамадска-культ. т-ва ў Санкт-Пецярбургу. Даследуе гісторыю культуры Беларусі, бел. мастацтва, гісторыю праваслаўнай царквы на Беларусі.
Тв.:
Несвижская библиотека князей Радзивиллов // Книга в России XVIII — середины XIX в. Л., 1989;
Іван Грыгаровіч — гісторык беларускай царквы: Знаходка ў Аддзеле рукапісаў // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 1;
Кірылічнае кнігапісанне ў Вільні ў XV — першай палове XVI ст. // Спадчына. 1993. № 3;
Палата кнігапісная. Мн., 1993.
Л.У.Языковіч.
т. 11, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)