АНДРЭ́ ((Andrée) Саламон Аўгуст) (18.10.1854, Грэна — кастр. 1897),

шведскі інжынер, даследчык Арктыкі. У 1882—83 прымаў удзел у навук. экспедыцыі на Шпіцберген. 11.7.1897 (з Н.​Стрынбергам і К.​Фрэнкелем) спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса на паветр. шары «Арол» уласнай канструкцыі, аднак загінуў на в-ве Белы (на У ад Шпіцбергена). Рэшткі экспедыцыі знойдзены ў 1930. У гонар Андрэ названа паўн. частка в-ва Зах. Шпіцберген (Зямля Андрэ).

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭРБЕРГ ((Widerberg) Бу) (н. 8.6.1930, г. Мальмё, Швецыя),

шведскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў т.зв. новага шведскага кіно. У фільмах «Дзіцячая каляска» (1962), «Варонін квартал», «Каханне, 65» (1965), «Прывітанне, Раланд!» (1966) цікавасць да сац. праблем, духоўнага свету пасляваен. пакалення, пошукі новай кінематаграфічнай формы. Сярод фільмаў: «Эльвіра Мадзіган» (1967), «Джо Хіл» (1971), «Змяіная сцежка» (1986), камедыя «Сапляк» (1974), дэтэктыў «Чалавек на даху». Аўтар кн. «Панарама шведскага кіно» (1962).

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФВЕ́Н (Alfvén),

Альвен Ханес (н. 30.5.1908, г. Норчэпінг, Швецыя), шведскі фізік і астрафізік. Чл. Шведскай АН (1947), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў ун-т Упсалы (1934). З 1937 у Нобелеўскім ін-це фізікі, з 1940 праф. Каралеўскага тэхнал. ін-та (Стакгольм). Навук. працы па электрадынаміцы, фізіцы плазмы, касм. фізіцы і астрафізіцы. Развіў тэорыю ўзнікнення палярных ззянняў, геамагн. бур і Сонечнай сістэмы. Нобелеўская прэмія 1970.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СПЛУНД ((Asplund) Эрык Гунар) (22.9.1885, Стакгольм — 20.10.1940),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і ў АМ у Стакгольме (да 1909). Збудаванні Асплунда 1920-х г. (Гар. б-ка ў Стакгольме, 1924—27) — узоры неакласіцызму. У 1930-я г. пачынальнік функцыяналізму ў Швецыі (Бактэрыялагічны ін-т у Стакгольме, 1933—37). Асплунд спалучаў класічную раўнавагу кампазіц. вырашэнняў будынкаў і ансамбляў з выкарыстаннем сучасных канструкцый і буд. матэрыялаў.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГСТРЭМ ((Ångström) Андэрс Іонас) (13.8.1814, г. Лёгдзё, Швецыя — 21.6.1874),

шведскі фізік, адзін з заснавальнікаў спектральнага аналізу. Скончыў Упсальскі ун-т (1839), дзе працаваў (з 1858 праф., у 1870—71 рэктар). Навук. працы Ангстрэма па спектральным аналізе, магнетызме, цеплавых з’явах і ўласцівасцях металаў. Вызначыў з вял. дакладнасцю даўжыні хваляў і склаў першы падрабязны атлас спектральных ліній сонечнага спектра. Адкрыў вадарод у сонечнай атмасферы. Імем Ангстрэма наз. адзінка даўжыні, роўная 10​−10м.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЕ́Н ((Dalén) Нільс Густаў) (30.11.1869, г. Стэнстарп, Швецыя — 9.12.1937),

шведскі інжынер і вынаходнік. Чл. Шведскай каралеўскай акадэміі (1913), Шведскай акадэміі навук і тэхнікі (1919). Скончыў Ін-т Чалмерса ў г. Гётэбарг (1896). Працаваў у шведскіх кампаніях (карбідна-ацэтыленавай, газавых акумулятараў). Даследаваў паветр. турбіны і помпы, кампрэсары. Распрацаваў газавы акумулятар, эфектыўную печ, вынайшаў аўтам. рэгулятар для крыніц святла на маяках і буях (запальвалі ацэтыленавае полымя з наступленнем цемнаты і гасілі на світанні). Нобелеўская прэмія 1912.

Н.Г.Дален.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛФЕЛЬТ ((Karlfeldt) Эрык Аксель) (20.7.1864, Фолькерна, лен Копарберг, Швецыя — 8.4.1931),

шведскі паэт. Чл. Шведскай акадэміі (з 1904). Скончыў Упсальскі ун-т (1902). Дэбютаваў паэт. зб. «Песні пра дзікую прыроду і каханне» (1895). Аўтар зб-каў «Песні Фрыдаліна» (1898), «Сад Фрыдаліна» (1901), «Флора і Памона» (1906), «Флора і Белона» (1918), «Асенні горн» (1927), літ.-знаўчых прац. Паэзія К. адметная лірызмам, фалькл. сакавітасцю і этнагр. канкрэтнасцю. Нобелеўская прэмія 1931.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Западноевропейская поэзия XX в. М., 1977.

Э.А.Карлфельт.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕРФЕЛЬТ ((Adlerfelt) Густаў) (1671—9.7.1709),

шведскі прыдворны. Вучыўся ва ун-тах Упсалы (Швецыя), Гале (Германія), падарожнічаў па краінах Еўропы. З 1700 гофюнкер, з 1701 пры двары Карла XII, суправаджаў яго ў паходах. Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. Загінуў у баі пад Палтавай. Вёў дзённік ваен. падзей, у т. л. на Беларусі, дапаўняў яго афіц. дакументамі, інш. крыніцамі. Часткова надрукаваны (ананімна) у 1707 у Гамбургу, дапрацаваны сынам, выдадзены на франц., англ. і ням. мовах (1740—42); у арыгінале выдадзены ў 1919.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ЛІУС ((Markelius) Свен Готфрыд) (25.10.1889, Стакгольм — 27.2.1972),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і АМ у Стакгольме (1910-я г.). У 1944—54 гал. архітэктар Стакгольма. Для пабудоў М. ў Швецыі характэрны пошукі форм нац. архітэктуры на аснове прынцыпаў функцыяналізму: канцэртная зала ў Хельсінгбаргу (1932), дом з камунальным абслугоўваннем жыльцоў у Стакгольме (1935), Нар. дом у Лінчэпінгу (1954). Аўтар генплана Стакгольма, у аснове якога ляжыць прынцып паўаўтаномных гар. раёнаў, падзеленых зялёнымі зонамі; швед. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1939).

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКСЕ́ЛЬ ((Wicksell) Кнут) (20.12.1851, Стакгольм — 3.5.1926),

шведскі эканаміст. Праф. ун-та ў Лундзе (1900—16). Скончыў Упсальскі ун-т (1884). Заснавальнік т.зв. шведскай школы ў палітэканоміі. Займаўся праблемамі эканам. раўнавагі, грошай, крэдыту, а таксама нормы працэнта (рух нормы працэнта звязваў з інвестыцыйным працэсам і ў гэтым пытанні лічыцца папярэднікам Дж.М.Кейнса). Адзін са стваральнікаў тэорыі эканам. раўнавагі ў капіталізме, гал. умовай якой лічыў грашовы фактар — роўнасць паміж зберажэннямі і інвестыцыямі. Паслядоўнік Т.​Р.​Мальтуса: лічыў, што колькаснае павелічэнне чалавецтва перашкаджае ўздыму жыццёвага ўзроўню людзей, якія працуюць.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)