хвараві́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які часта хварэе; схільны да захворвання. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. // Які з’явіўся ў выніку хваробы; які суправаджае хваробу. У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон і ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча. Мележ. Потым хлапец з крактаннем і хваравітай кволасцю павярнуўся на бок і глянуў на падаконнік. Кулакоўскі. // Які сведчыць аб хваробе, нездаровым стане. — Хто там? — пачуўся слабы, хваравіты голас, і толькі тады ў паўзмроку я разгледзеў на падушцы знясілены худы твар жанчыны. Радкевіч. // перан. Пашкоджаны хваробамі; чахлы, кволы. Востраў гэты не быў падобны на звычайную балотную выспу, пакрытую нізкарослым, хваравітым ад лішку вільгаці лесу. Шамякін. Пачалі ратаваць кволую, хваравітую кукурузу. Бялевіч.
2. Выкліканы болем, які сведчыць пра боль. Хваравіты стогн. □ Па .. твары [Акаловіча] пайшла хваравітая грымаса. Чорны.
3. перан. Перабольшаны, празмерны, ненармальны. Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну і было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы. Гэта ў яго раптам вырасла ў манію, у хваравітую цягу. Бядуля. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Чарнышэвіч. // Нездаровы, непажаданы. [Нарыновіч:] — Калі што бытуе хваравітае сярод моладзі, мы, дарослыя, ва ўсім вінаваты. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ца́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.
1. Прадмет, прызначаны для гульні дзецям. Ёсць цацкі добрыя ў яе: Машына-самакат, мядзведзь рахманы... Дачка бярэ яго, ён устае На плюшавыя лапы паслухмяна. Калачынскі. А дзецям зверх праграмы .. [Лапко] вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі,.. баранчыкаў, парасятак, сабак. Колас. // Невялікая рэч, якая служыць для аздобы, упрыгожання. [Жанчыны] ўзяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі,.. выцягваць з шафаў прыгожыя цацкі і расстаўляць на ранейшыя месцы. Карпаў. З гэтых арэхаў у Эквадоры пачалі вырабляць розныя цацкі і аздобы. «Маладосць». // Іран. Пра што‑н. небяспечнае, складанае (зброю, інструмент). — Бачыш гэтыя цацкі, — ён [бандыт] паказаў мне рэвальвер і фінку, — не адна, дык другая дагоніць. Якімовіч. — Ды вось нашы цацкі не хочуць падвезці на месца, — з нейкай жальбой у голасе гаварыў чырванашчокі, дужы механізатар, паказваючы на молат. Мыслівец.
2. перан. Той, кім (або тое, чым) распараджаюцца па ўласнаму жаданню дзеля пацехі. Быць цацкай у чыіх‑н. руках. □ Бывае, чалавек Усё жыццё сваё, увесь век Нікчэмнай цацкай пражывае. Корбан.
3. Разм. Пра рану або пашкоджаную, параненую частку цела. Зрабіць сабе цацку. □ Праз тыдзень [Вухавец] пачаў выходзіць, трымаючы сваю забінтаваную цацку на перавязі, у цёплай вязанай хустцы. Брыль. — Радыкуліт у вас, ці што? — Гэта во самае.. — Была і ў мяне гэтая цацка. Ермаловіч.
•••
Як (нібы) цацка — пра што‑н. вельмі прыгожае, адмысловае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)