Пе́рці1, перць ’ісці, лезці куды-небудзь, не зважаючы на перашкоды (ТСБМ), ’гнаць, выганяць’ (ТСБМ; Нас.; сміл., Станк.), ’хутка ехаць, бегчы’ (Шат.), ’прагна есці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’падаць (пра снег)’, (петрык., Мат. Гом.), ’напіраць, груба сунуць з сілай; перамяшчаць з энергіяй, рухацца з імпэтам’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ісці (пра дым, пыл)’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пе́рцца, пе́рцаціснуцца, пхнуцца’ (Бяльк.), ’выходзіць масай, напорам (пра дым, пару)’ (Юрч. СНЛ), пе́рціся ’выбівацца на паверхню (пра расліны)’ (ТСБМ). Укр. пе́рти ’перці, напіраць; гнаць; рухацца, ісці’, ’выпіраць (паветра, дух)’, пе́ртися ’лезці, напіраць’; рус. пере́ть ’ісці, прасоўвацца праз перашкоды; бегчы’, ’хутка ехаць’, ’напіраць, ціснуць’, ’есці’, польск. przeć ’напіраць, націскаць’, ’імкнуцца да чаго-н., настойліва дамагацца’, ’пяцца, тужыцца’, славен. pẹ́riti ’устаўляць зубы ў граблі, спіцы ў кола, шчаціну ў дратву’, серб.-харв. (на)пѐрити ’накіраваць, навесці’, ’утаропіцца’, ’намерыцца’, макед. (па)пери ’накіраваць, рушыць’, (на)перкува ’напіхваць’, балг. (па)пе́ря, (па)пе́рвам ’узвышацца’, ц.-слав. (на)перити ’пракалоць, прабіць, прадраць’. Прасл. *perti, *periti, роднаснае ст.-грэч. πείρω (< *perі̯о), περάω ’прарываюся, пранікаю, праходжу’, περόνη ’востры канец, джала, вастрыё’, πόρος ’праход’, ст.-інд. píparti ’перавозіць, суправаджае’, гоц. farjan ’ехаць’, лац. portus ’прыстань’ і інш. (Траўтман, 215; Покарны, 816; Фасмер, 3, 240; Бязлай, 3, 26 і 130–131; Куркіна, Этимология–1968, 95). Сной (гл. Бязлай, 3, 26) мяркуе, што прасл. *periti, хутчэй за ўсё, з’яўляецца дэнамінатывам.

Перці2 ’несці з цяжкасцю, везці што-н. цяжкае’ (Нас., Серб., ТСБМ, ТС, Юрч. Сін.; міёр., Нар. лекс.; сміл., Станк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’хутка несці цяжкую ношу на вялікую адлегласць’ (Растарг.), драг. прэ́тытэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. славен. pŕitati ’ўзяць/браць ношу на спіну; напружвацца, рабіць намаганні’, ’няўклюдна лезці’, серб.-харв. пр̏тити ’несці на спіне’. Апошнія суадносяць (Сной, гл. Бязлай, 3, 13 1) з прасл. *pъrtъ/*pьrtъ ’кавалак палатна’, а таксама ’вяроўка, рэмень’, параўн. славен. pŕča ’вяроўка, якой прывязваюць скаціну на пашы’, чак. op̏rta ’вяроўка з ліпавага лыка’. Скок (3, 58) серб.-харв. пр̏тити звязвае з пр̏тен ’ільняны, палатняны’ і pratež ’тавар, багаж’, для якіх аднаўляе корань і.-е. *per‑ з пашыральным суф. ‑t‑. Куркіна (Этимология–1975, 19–23) для групы слоў вакол серб.-харв. пр̏тити прапануе ў якасці зыходнай аснову *pъrtъ ’вяроўка, шнур, рэмень’, збліжаючы яе з літ. spartas ’стужка, завязка, абруч’, ст.-грэч. σπάρτον ’ліна, канат, вяроўка’. Тады развіццё семантыкі праходзіла наступным шляхам: ’вяроўка, шпур, рэмень’ > ’груз, ноша’ > ’цягнуць’.

Перці3 ’праць бялізну’ (глыб., Сл. ПЗБ), пе́раць ’тс’ (карэліц., бяроз., чэрв., там жа), перць ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)