цыклічны ферментатыўны працэс утварэння мачавіны з вуглякіслага газу, аміяку і аспарагінавай к-ты ў арганізме чалавека, некаторых пазваночных жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Асн. рэакцыі арніцінавага цыкла ў млекакормячых вывучаны англ. біяхімікамі Х.Крэбсам і К.Хензелейтам (1932 і інш.), адсюль другая назва. Спачатку да арніціну далучаецца карбамілфасфат (макраэргічны прадукт кандэнсацыі аміяку і вуглякіслага газу) з утварэннем цытруліну, да якога затым далучаецца амінагрупа аспарагінавай к-ты, з утварэннем аргініну. Апошні гідралітычна распадаецца на мачавіну і арніцін, які зноў уключаецца ў цыкл ператварэнняў. На біясінтэз адной малекулы мачавіны ў цыкле расходуюцца 2 малекулы АТФ. Біял. значэнне арніцінавага цыкла заключаецца ў вывядзенні з арганізма таксічнага для тканак аміяку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НКІНА ЦЫКЛ,
абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія пераўтвараецца ў работу (ці наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізабарных і двух адыябатных працэсаў. Ад Карно цыкла адрозніваецца тым, што падвод цеплаты да рабочага цела ажыццяўляецца пры пастаянным ціску і павышэнні т-ры. Распрацаваны У.Дж.М.Ранкіным (разам з Р.Клаўзіусам) як тэарэт.цыкл паравога рухавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,
шэраг паслядоўных геахімічных працэсаў, у якіх хім. элементы мігрыруюць, удзельнічаюць у розных фіз.-хім. працэсах з утварэннем мінералаў і вяртаюцца ў зыходнае становішча ў выніку кругавароту. Геахімічны цыкл абгрунтаваў У.І.Вярнадскі (1922). Вылучаюць геахімічныя цыклы: малы, калі хім. элементы пераўтвараюцца ў паслядоўных працэсах выветрывання — зносу — асадкаўтварэння — выветрывання, і вялікі, калі яны праходзяць праз выветрыванне — асадкаўтварэнне — метамарфізм — магматызм — выветрыванне. Кожны хім. элемент мае свой геахімічны цыкл. Напр., сярэдні час, калі вуглярод знаходзіцца ў жывым рэчыве, — 7—8 гадоў, свабодны кісларод у атмасферы — 3800 гадоў, вуглякіслы газ у атмасферы — 6 гадоў, у акіяне — каля 330 гадоў, у асадкавых горных пародах — каля 400 млн. гадоў. Вучэнне аб геахімічным цыкле дазваляе звязваць геахім. працэсы, вывучаць міграцыю і размеркаванне хім. элементаў у зямной кары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЯКСІЛА́ТНЫ ЦЫКЛ,
цыклічны ферментатыўны працэс, які прадстаўляе мадыфікацыю трыкарбонавых кіслот цыкла (ТКЦ). Дае магчымасць жывым клеткам пераўтвараць тлушчы ў вугляводы. Актыўна функцыянуе ў некат. бактэрый, водарасцей і ў асобных тканках насення вышэйшых раслін пры яго прарастанні. У жывёльных клетках гліяксілатны цыкл адсутнічае і яны не пераўтвараюць тлушчы ў вугляводы. У гліяксілатным цыкле не адбываецца акіслення ацэтыльных астаткаў (вынік β-акіслення тлушчакіслотных рэшткаў запасных тлушчаў) да CO2 (як у ТКЦ), а ўтвараецца сукцынат, які потым выкарыстоўваецца ў працэсах біясінтэзу глюкозы. У адрозненне ад ТКЦ у гліяксілатным цыкле адбываецца расшчапленне ізацытрату з утварэннем гліяксілату і сукцынату і гліяксілат рэагуе з 2-й малекулай ацэтыл-KoA з утварэннем L-малату. У бактэрый ферменты гліяксілатнага цыклу і ТКЦ знаходзяцца ў адным кампартменце і гліяксілатны цыкл нагадвае шунт рэакцый дэкарбаксіліравання ТКЦ. У тканках вышэйшых раслін ферменты гліяксілатнага цыклу лакалізаваны ў асобных арганелах — гліяксісомах.