МЕГВІНЕТУХУЦЭ́СІ (Атар Вахтангавіч) (н. 16.1.1932, Грузія),

грузінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Дзярж. тэатр. ін-т імя Ш.Руставелі ў Тбілісі (1954). У 1954—61 і з 1972 у Т-ры імя К.Марджанішвілі ў Тбілісі. Сярод роляў: Уджуш Эмха («Хакі Адзба» Л.Кіячэлі), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Лео («Правінцыяльная гісторыя» Л.Росеба) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: Джамбулат («Фаціма», 1958), Джакола («Мальба», 1968), цар Георгій («Дзясніца вялікага майстра», 1970), Арзакан («Выкраданне месяца», 1973), Эліёз («Дрэва жадання», 1977), Дата Туташхія (шматсерыйны тэлефільм «Берагі», 1979), Н.Пірасманішвілі («Добры дзень, усе!», 1980), Пагаў («Брат», 1982) і інш. Дзярж. прэмія Грузіі імя Марджанішвілі 1977. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЧКІ СВО́ЙСКІЯ (Anas domestica),

сельскагаспадарчыя птушкі. Паходзяць ад дзікай качкі — крыжанкі, прыручанай у старажытнасці ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. Падзяляюць на мясныя (пекінскія, шэрыя ўкр., чорныя белагрудыя і інш.), мяса-яечныя або яечна-мясныя (хакі-кэмпбел, люстраныя і інш.) і яйцаноскія (індыйскія бегуны). На Беларусі вырошчваюць К.с. пекінскай пароды, качак жлобінскай папуляцыі (ад скрыжавання пекінскіх з белымі маскоўскімі качкамі) і шэрых украінскіх.

Маса качара да 4, качкі да 3,5 кг. Пачынаюць несціся ва ўзросце 160—180 дзён, за год даюць больш за 200 яец. Качка за год дае каля 140 качанят агульнай масай да 350 кг. Макс. працягласць племяннога выкарыстання 4—5 гадоў. Затрата корму на 100 кг прыбаўлення ў масе 350—400 кармавых адзінак. Выхад выпатрашанай тушкі да 60%, тлушчу ў мясе да 30%. Яйцы выкарыстоўваюцца для інкубацыі, у харч. прам-сці (меланж, яечны парашок, кандытарскія вырабы).

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)