КАМАРО́Ў (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 29.1.1923, в. Княжыцы Магілёўскага р-на),

бел. хімік. Акад. Нац. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1970), д-р хім. н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1952). З 1952 у Ін-це хіміі АН БССР, з 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі (у 1969—93 дырэктар), адначасова ў 1982—92 акад.-сакратар Аддз. хім. і геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні структуры, фізіка-хім. і каталітычных уласцівасцей прыродных і сінт. адсарбентаў, тэорыі і метадах фарміравання сітаватай структуры адсарбентаў, стварэнні новых каталізатараў. Распрацаваў новыя метады актывацыі малаактыўных глін. метады сінтэзу алюмасілікатных каталізатараў крэкінгу, цэалітнапоўненых каталізатараў акіслення вуглевадародаў і спіртоў, ізамерызацыі, сінтэзу аміяку. Дзярж. прэмія Беларусі 1979.

Тв.:

Физико-химические основы регулирования пористой структуры адсорбентов и катализаторов. Мн., 1981 (разам з І.​Б.​Дубніцкай);

Структура и пористость адсорбентов я катализаторов. Мн., 1988;

Адсорбенты: вопр. теории, синтеза и структуры. Мн., 1997.

Літ.:

В.​С.​Комаров // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1998. № 1.

У.С.Камароў.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ШТВАН (Іван Іванавіч) (н. 3.11.1932, в. Вялікая Дайнава Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Акад. Нац. АН Беларусі (1980), д-р тэхн. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1956). З 1958 у Калінінскім політэхн. ін-це. У 1973—87 дырэктар Ін-та торфу, у 1990—97 — Ін-та праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі. З 1987 — віцэ-прэзідэнт, з 1992 акад.-сакратар Аддз. хім. і геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы па механіцы торфу, фіз.-хім. асновах тэхналогіі вытв-сці торфу, працэсах структураўтварэння і вільгацепераносу ў торфе, надмалекулярных структурах арган. злучэнняў торфу і інш.

Тв.:

Микро- и макрореология дисперсных систем. Мн., 1975;

Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);

Физика и химия торфа. М., 1989 (у сааўт.);

Физические процессы в торфяных залежах. Мн., 1989 (разам з Я.​Ц.​Базіным, У.​І.​Косавым);

Массоперенос в природных дисперсных системах. Мн., 1992 (разам з АМ.Абрамцом, М.​У.​Чураевым).

І.І.Ліштван.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЦЯРЭ́НКА (Васіль Барысавіч) (н. 2.12.1934, г.п. Красны Кут Луганскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі. Чл.-кар. Нац. АН (1972), д-р тэхн. н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1958). З 1963 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену, у 1965—90 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (з 1965 нам. дырэктара, з 1977 дырэктар, з 1987 заг. лабараторыі), адначасова ў 1971—87 гал. канструктар перасовачных АЭС. З 1990 дырэктар Ін-та радыяцыйнай бяспекі «Белрад». Навук. працы па вывучэнні цеплаабмену і газадынамікі ў ядз. рэактарах з дысацыіруючым цепланосьбітам, даследаванні новых хімічна рэагавальных цепланосьбітаў, вызначэнні тэхніка-эканам. характарыстык АЭС з рэактарамі на хуткіх нейтронах. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Физико-технические основы применения диссоциирующих газов как теплоносителей и рабочих тел атомных электростанций. Мн., 1971;

Теплообмен в ядерных реакторах с диссоциирующим теплоносителем. Мн., 1980 (разам з Б.​Я.​Твяркоўкіным);

Масштабы и последствия катастрофы на Чернобыльской АЭС для Беларуси, Украины и России. Мн.. 1996;

Чернобыльская катастрофа: радиационная защита населения. Мн., 1997.

В.Б.Несцярэнка.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНДЗЯЛЕ́ЕЎ (Дзмітрый Іванавіч) (8.2.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 2.2.1907),

расійскі вучоны. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу (1855). У 1857—90 у Пецярб. ун-це (з 1865 праф.), адначасова ў 1863—72 у Пецярб. тэхнал. ін-це. Арганізатар і першы дырэктар (1893) Гал. палаты мер і вагі (зараз НДІ метралогіі імя М.). Навук. працы па агульнай хіміі, хім. тэхналогіі, аграхіміі, фізіцы, паветраплаванні, метралогіі, метэаралогіі, геалогіі, эканоміцы, нар. асвеце і інш. Адкрыў адзін з асн. законаў прыродазнаўства — перыяд. закон хім. элементаў (1869; перыяд. закон М.; гл. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), існаванне крытычнай т-ры (1860). Вывеў агульнае ўраўн. стану ідэальнага газу (1874; гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Вынайшаў новы тып бяздымнага пораху, прапанаваў прамысл. спосаб фракцыйнага раздзялення нафты. Аўтар першага на рус. мове падручніка «Арганічная хімія» (1861) і класічнай працы «Асновы хіміі» (ч. 1—2, 1869—71), у якой курс неарган. хіміі выкладзены на аснове перыяд. закону. Адзін з заснавальнікаў Рус. фіз.-хім. т-ва (1868; зараз Хім. т-ва імя М.). У гонар М. названы мінерал мендзелеявіт, хім. элемент мендзялевій, кратэр на Месяцы, вулкан на в-ве Кунашыр, падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне.

Тв.:

Соч. Т. 1—25. М., 1937—54.

Літ.:

Фигуровский Н.А. Д.​И.​Менделеев, 1834—1907. 2 изд. М., 1983;

Кедров Б.М. Прогнозы Д.​И.​Менделеева в атомистике. Кн. 1—3. М., 1977—79;

Макареня А.А. Д.​И.​Менделеев и физико-химические науки. 2 изд. М., 1982.

Дз.І.Мендзялееў.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́Р,

некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.

Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.

Літ.:

Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;

Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ. М., 1990.

М.​В.​Гарахавік, С.​А.​Лосік, А.​В.​Урублеўскі.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)