ХІМІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,

тэрмадынамічная функцыя стану, якая вызначае змену тэрмадынамічных патэнцыялаў пры змене колькасці часціц у сістэме. Вызначаецца як прырашчэнне адвольнага патэнцыялу тэрмадынамічнага пры павелічэнні на 1 моль колькасці рэчыва пэўнай кампаненты сістэмы пры пастаянных астатніх параметрах стану. Уведзены Дж.У.Гібсам (1875) пры разглядзе хім. раўнавагі ў шматкампанентных сістэмах (адсюль назва).

Дазваляе сфармуляваць умовы раўнавагі тэрмадынамічнай, адна з якіх — Х.п. дадзенай кампаненты аднолькавы ў розных фазах і ў розных месцах адной фазы. Адсюль вынікае, што ў гетэрагенных сістэмах магчымы самаадвольны пераход толькі з фазы з большым Х.п. у фазу з меншым Х.п. Калі ўмовы раўнавагі Х.п. парушаюцца, у сістэме ўзнікае асматычны ціск. Як нарміровачная пастаянная Х.п. уваходзіць у размеркаванні Больцмана, Бозе—Эйнштэйна, Гібса, Фермі—Дзірака і інш. Для выраджанага газу электронаў (фермі-газу) Х.п. тоесна супадае з фермі энергіяй (у паўправадніках — з фермі ўзроўнем). Х.п. выкарыстоўваецца для апісання ўласцівасцей сістэм з пераменным лікам часціц, напр., дзе адбываюцца хім. рэакцыі, фазавыя пераходы, іанізацыя, растварэнне.

П.​С.​Габец.

т. 17, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННЫ ГАЗ,

тэарэтычная мадэль, якая апісвае паводзіны электронаў праводнасці ў электронных правадніках. Як і свабодныя электроны, часціцы Э.г. падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы (гл. Фермі-газ), рассейваюцца на фанонах, адны на адных, а таксама на любых парушэннях крышт. рашоткі.

Прасцейшы варыянт мадэлі Э.г. — тэорыя металаў Друдэ—Лорэнца, дзе Э.г. разглядаўся як ідэальны газ. Гэта тэорыя прыстасавальная да паўправаднікоў, дзе колькасць часціц Э.г. залежыць ад т-ры, а эфектыўная маса носьбітаў зараду адрозніваецца ад масы свабоднага электрона. У тэорыі металаў Зомерфельда ўлічвалася выраджэнне Э.г. У электроннай тэорыі металаў разам з мадэллю Э.г. карыстаюцца мадэллю электроннай фермі-вадкасці, дзе ўлічваецца міжэлектроннае ўзаемадзеянне.

А.​А.​Богуш.

т. 18, кн. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ СТАТЫ́СТЫКА,

раздзел статыстычнай фізікі, у якім вывучаюцца ўласцівасці сістэм тоесных мікрачасціц. Дала магчымасць тлумачыць многія фіз. з’явы, якія з пункту гледжання класічнай фізікі нельга было тлумачыць, напр., Планка закон выпрамянення абсалютна чорнага цела, электраправоднасць, цеплаёмістасць цвёрдых цел, звышцякучасць, звышправоднасць.

З квантавай механікі вынікае, што энергія такой сістэмы мае дыскрэтныя значэнні, а хвалевыя функцыі, якія апісваюць розныя станы сістэмы мікрачасціц сіметрычныя (гл. Бозе—Эйнштэйна статыстыка) або антысіметрычныя (гл. Фермі—Дзірака статыстыка) адносна перастановак часціц. В.Паўлі даказаў, што тып К.с. вызначаецца спінам часціц: часціцы з паўцэлым спінам (напр., электроны, нейтрына, пратоны) падпарадкоўваюцца К.с. Фермі—Дзірака (ферміёны), з цэлым спінам (напр., фатоны, альфа-часціцы) — Бозе—Эйнштэйна (базоны). Пры высокіх т-рах квантавыя эфекты неістотныя і формулы размеркавання часціц (пры адсутнасці знешніх палёў) пераходзяць у класічнае Максвела размеркаванне. Пры дастаткова нізкіх т-рах амаль усе ніжнія станы ферміёнаў будуць запоўненымі (выраджаны фермі-газ); базоны пры гэтых умовах імкнуцца перайсці ў стан з нулявым імпульсам (Бозе—Эйнштэйна кандэнсацыя).

Л.​І.​Камароў.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

вадкасць, уласцівасці якой вызначаюцца квантавымі эфектамі (захоўваннем вадкага стану да абс. нуля т-ры, звышцякучасцю і інш.). З рэальных вадкасцей толькі ізатопы гелію (​3He і ​4He) маюць уласцівасці К.в., якія адкрыты і даследаваны Л.Капіцай у 1938 для вадкага ​4He.

Пры нізкіх т-рах К.в. можна разглядаць як сукупнасць неўзаемадзейных элементарных узбуджэнняў (квазічасціц) з пэўнай залежнасцю энергіі ад імпульсу. У адпаведнасці з цэлым ці паўцэлым значэннем спіна адрозніваюць бозе-вадкасці (напр., вадкі ​4He, атамы якога маюць спін, роўны 0) і фермі-вадкасці (вадкі ​3He, спін 1/2). Уласцівасці фермі-вадкасці маюць электроны праводнасці ў нармальных (незвышправодных) металах і ядз. матэрыя ў нейтронных зорках (пульсарах).

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫЯ МАДЭ́ЛІ,

набліжаныя метады апісання некат. уласцівасцей ядраў атамных. Грунтуюцца на атаясамліванні ядра з якой-н. фіз. сістэмай, уласцівасці якой добра вывучаны. Напр., Я.м. выраджанага фермі-газу, вадкай кроплі, абалонкавая мадэль і інш.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІРА́К (Dirac) Поль Адрыен Марыс (8.8.1902, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 20.10.1984),

англійскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і квантавай тэорыі поля. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1930), замежны чл. АН СССР (1931). Скончыў Брыстольскі (1921) і Кембрыджскі (1926) ун-ты. У 1932—69 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1971 праф. ун-та штата Фларыда (ЗША). Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі электрычных часціц і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў матэм. апарат квантавай механікі — тэорыю пераўтварэнняў, прапанаваў метад другаснага квантавання (1926—27). Незалежна ад Э.​Фермі ў 1926 распрацаваў статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл. Фермі—Дзірака статыстыка), разам з В.​Гайзенбергам адкрыў абменнае ўзаемадзеянне (1928). Развіў рэлятывісцкую тэорыю руху электрона (гл. Дзірака ўраўненне) і прадказаў існаванне пазітрона (1928). Выказаў гіпотэзы аб існаванні элементарнага магн. зараду (1931) і антырэчыва (1933). Нобелеўская прэмія 1933 (разам з Э.Шродынгерам).

Тв.:

Рус. пер. — Лекции по квантовой теории поля. М., 1971;

Общая теория относительности. М., 1978;

Принципы квантовой механики. М., 1979.

Літ.:

Поль Дирак и физика XX века: Сб. науч. тр. М., 1990.

М.​М.​Касцюковіч.

П.Дзірак.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́НСНЫЯ ЧАСЦІ́ЦЫ, рэзанансы,

нестабільныя элементарныя часціцы (адроны), якія могуць распадацца за кошт моцных узаемадзеянняў. Маюць час жыцця ад 10​−24 да 10​−22 с. Аб наяўнасці Р.ч. мяркуюць па ўскосных звестках, напр., па «рэзанансным» (адсюль назва) павелічэнні эфектыўнага сячэння даследаванага працэсу ўзаемадзеяння часціц пры тых значэннях энергіі, якія адпавядаюць масе (у энергет. адзінках) пэўнай Р.ч. Эксперыментальна адкрыты Э.​Фермі (пач. 1950-х г.) і першасна трактаваліся як узбуджаныя станы адронаў.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁПЕРТ-МА́ЕР (Goeppert-Mayer) Марыя (28.6.1906, г. Катавіцы, Польшча — 20.2.1972),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Амер. АН і мастацтваў (1956). Скончыла Гётынгенскі ун-т (1930). З 1931 у розных ун-тах ЗША, з 1946 у Ін-це ядз. даследаванняў імя Э.​Фермі, з 1960 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па ядз. фізіцы, квантавай і статыстычнай механіцы, тэорыі крышталічнай рашоткі і фіз. хіміі. Прадказала двухфатоннае паглынанне святла (1931) і падвойны бэта-распад (1935). Незалежна ад Г.​Енсена прапанавала абалонкавую мадэль атамнага ядра. Нобелеўская прэмія 1963.

М.Гёперт-Маер.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,

сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры па рэнтгенаўскіх спектрах выпрамянення і паглынання. Для атрымання рэнтгенаўскіх спектраў доследнае рэчыва бамбардзіруюць электронамі ў рэнтгенаўскай трубцы або ўзбуджаюць яго флуарэсцэнцыю пад дзеяннем рэнтгенаўскага выпрамянення.

Рэнтгенаўскія спектры выпрамянення даследуюць па залежнасці інтэнсіўнасці выпрамянення ад энергіі фатона, спектры паглынання — па залежнасці масавага каэфіцыента паглынання ад энергіі ўзбуджэння. Метады Р.с. выкарыстоўваюцца для вызначэння зараду іонаў у малекулах газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; вывучэння размеркавання валентных электронаў і свабодных дазволеных станаў па энергіях, шырыні размеркавання Фермі ў металах і сплавах і інш.

А.​Р.​Дутаў.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ЛЬДЗІ (Amaldi) Эдаарда (н. 5.9.1908, каля г. П’ячэнца, Італія),

італьянскі фізік. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі ў Рыме (1948), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Рымскі ун-т (1929). З 1945 прэзідэнт Нац. к-та па ядз. даследаваннях Італіі, з 1948 дырэктар Нац. ін-та ядз. фізікі. У 1957—60 прэзідэнт Міжнар. Саюза чыстай і прыкладной фізікі. Навук. працы па ядз. спектраскапіі, фізіцы элементарных часціц. У 1934 сумесна з Э.​Фермі і інш. адкрыў з’яву запавольвання нейтронаў у рэчывах, якія маюць у сабе вадарод. Прадказаў існаванне антыпратона (1955), у сааўт. адкрыў анты-сігмаплюс-гіперон (1960).

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)