капіго́льдэры

(англ. copyholders)

феадальна-залежныя арандатары памешчыцкай зямлі ў Англіі ў 15—17 ст. (параўн. лізгольдэры, фрыгольдэры).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАПІГО́ЛЬД (англ. copyhold трыманне па копіі ад сору копія + hold трыманне),

асноўная форма феадальна-залежнага дробнага сял. землеўладання ў Англіі 15—17 ст. На права валодання зямельным надзелам селяніну выдавалі копію (адсюль назва) — выпіску з пратакола суда манара. Сяляне-капігольдэры не мелі прававой абароны ў судах, неслі шмат павіннасцей на карысць лорда. У большасці выпадкаў К. быў пажыццёвым, а не спадчынным. У пач. 16 ст. адбылося масавае абеззямельванне капігольдэраў. У выніку парламенцкіх агароджванняў К. фактычна ліквідаваны (юрыдычна адменены толькі ў 1925).

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

віла́ны

(с.-лац. villani, ад лац. villa = сядзіба, маёнтак)

феадальна-залежныя сяляне ў краінах Зах. Еўропы перыяду сярэдневякоўя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лібералі́зм, ‑у, м.

1. Палітычны кірунак, які адстойваў свабоду буржуазіі ў феадальна-прыгонніцкую эпоху і ў эпоху буржуазных рэвалюцый, які стаў глыбока рэакцыйным з устанаўленнем палітычнага панавання буржуазіі і развіццём рэвалюцыйнай барацьбы пралетарыяту.

2. перан. Разм. Празмерная паблажлівасць, памяркоўнасць; шкоднае патуранне. Кашалёў заканчваў прамову крытыкай у адрас Янукевіча, абвінавачваючы яго ў мяккацеласці і залішнім лібералізме. Хадкевіч.

3. Уст. Вальнадумства.

[Ад лац. liberalis — свабодны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДА́ННІКІ,

феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ у 14—16 ст., якія плацілі феад. зямельную рэнту пераважна ў форме даніны (збожжа, мяса, мёд, воск, футра і інш.). Асн. адзінкай абкладання данінай служыў дым (сял. гаспадарка), але за яе выплату адказвала супольна ўся абшчына. Да канца 15 ст. Д. былі пераважнай катэгорыяй сялян. З развіццём таварна-грашовых адносін да сярэдзіны 16 ст. на З і часткова ПнУ Беларусі Д. паступова ператварыліся ў паншчынных (гл. Цяглыя сяляне) і чыншавых (гл. Асадныя сяляне) сялян. Д. гаспадарскіх падняпроўскіх валасцей у выніку агр. рэформы 1560 ператварыліся ў чыншавых сялян.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 6, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЦО́ВЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

феадальна залежныя сяляне ў Расіі ў 12—18 ст. Належалі вял. князю, цару і асобам царскай фаміліі. Землі, населеныя Д.с., наз. дварцовымі. Асн. форма павіннасцей — аброк і паншчына. Паводле пісцовых кніг 16 ст., дварцовыя землі існавалі ў 32 паветах еўрап. ч. Расіі. З ростам тэр. Расіі колькасць Д.с. павялічвалася (у 1700 каля 100 тыс. двароў), у 18 ст. — за кошт далучаных прыбалт., укр. і бел. зямель. У 1753 б. частка Д.с. вызвалена ад паншчыны і натуральных павіннасцей і пераведзена на грашовы аброк, іх эканам. становішча ў параўнанні з прыватнаўласніцкімі сялянамі палепшылася (мелі большую свабоду ў гасп. дзейнасці і інш.). З 1979 наз. ўдзельнымі сялянамі.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБА́ЛЬНЫЯ ХАЛО́ПЫ,

кабальныя людзі, катэгорыя феадальна залежнага насельніцтва ў Рус. дзяржаве 15—17 ст. За грашовую пазыку селянін павінен быў асабіста адпрацоўваць крэдытору працэнты і станавіўся К.х. да таго часу, пакуль не верне пазыку. Найчасцей ён не меў магчымасці вярнуць пазыку, бо яго заробак ішоў на выплату працэнтаў. Залежнасць К.х. вызначалася спец. дакументам — кабальнай граматай (кабалой) і запісам у кабальныя кнігі. Паводле ўказаў 1586 і 1597 К.х. абавязаны былі працаваць на пазыкадаўцаў да іх смерці, нават пры ўмове выплаты пазыкі. Злоўленых беглых К.х. пазыкадаўцы ператваралі ў поўных халопаў. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 валодаць К.х. маглі толькі духоўныя землеўладальнікі. У пач. 18 ст. К.х. прыраўнаваны да прыгонных сялян.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗГО́І,

1) катэгорыя насельніцтва ў Кіеўскай Русі і некат. усх.-слав. княствах 11—12 ст. Упамінаюцца ў Рускай праўдзе, устаўнай грамаце 1136—37 (з прыпіскаю 1150) смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча і царк. статуце наўгародскага кн. Усевалада Мсціславіча (12 ст., па інш. меркаваннях 14 ст.). Большасць І. паходзіла з сялян, якія пакінулі сваю абшчыну, засталіся без зямлі, сродкаў вытв-сці і мусілі перайсці ў феад. залежнасць. І. станавіліся таксама б. рабы, якім удалося атрымаць ці выкупіць у феадала свабоду. У далейшым яны маглі перайсці ў склад вотчынных сялян. І. меліся ва ўдзелах царк. і свецкіх феадалаў. У працэсе феадалізацыі грамадства зліліся з асн. масай феадальна-залежнага насельніцтва.

2) Людзі, якія па розных абставінах выбылі са свайго б. грамадскага становішча.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́НІКІ,

палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. Заканадаўства ВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.

Т.​І.​Доўнар.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,

феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.

Літ.:

Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)