ТОМ,

рака ў Хакасіі, Кемераўскай і Томскай абл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 827 км, пл. бас. 62 тыс. км². Пачынаецца на схілах Абаканскага хр.; у верхнім цячэнні — горная рака, ніжэй цячэ па Кузнецкай катлавіне і Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Мрасу, Кондама, Уньга (злева), Уса, Верхняя, Сярэдняя і Ніжняя Церсь, Тайдон (справа). Сярэдні расход вады каля г. Томск 1110 м³/с. Ледастаў з канца кастр. да пач. мая. Суднаходная ад вусця р. Мрасу (643 км). Сплаўная. У бас. Т. — больш за 1 тыс. азёр. На Т. гарады Новакузнецк, Кемерава, Томск. У бас. Т. Кузнецкі вугальны басейн.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ ГАРА́ (да 1958 Святая гара),

найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі. Знаходзіцца каля в. Скірмантава, за 20 км на Пн ад г. Дзяржынск, за 30 км на ПдЗ ад г. Мінск. Выш. 345 м над узр. м. Над рэкамі, вытокі якіх пачынаюцца каля падэшвы гары (Пціч, Іслач, Сула, Уса), узвышаецца на 40—50 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога спадзіставыпуклага падняцця. Схілы на ПдЗ стромкасцю да 5°, на Пн і У — да 2°, разараныя, толькі 15% тэрыторыі на ПнЗ пад маладым лесам. На разараных участках плоскасны змыў.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НЦЬЕЎ Валерый Якаўлевіч (н. 19.3.1949, с. Усць-Уса, Рэспубліка Комі),

расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш. кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.​Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобл., на р. Уса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад г. Беразіно, 98 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Градзянка. 500 ж., 190 двароў (1995).

Упершыню ўпамінаюцца ў 1501 як маёнтак. У 1568 на Багушэвічы напалі ўзбр. сяляне Свіслацкай вол., што збеглі ад пана. Пазней Багушэвічы — рамесніцка-гандл. мястэчка з прыстанню, вадзяным млыном, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. Належалі Завішам, Ваньковічам, Свентаржэцкім. У 18 ст. цэнтр графства. У 1862 адкрыта школа, працавалі пошта, касцёл, царква, 4 сінагогі. Пасля эміграцыі Б.Свентаржэцкага, які ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64, Аляксандр I падараваў мястэчка Шалгунову. У 1897 былі 524 ж. Да 1917 цэнтр воласці Ігуменскага пав., 785 ж. ў 1927. У 1929 арганізаваны калгас.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, касцёл (помнік архітэктуры 19 ст.). Гарадзішча 1 ст. да нашай эры — 2 ст. нашай эры.

т. 2, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЎБЦО́ЎСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Мінскай і У Гродзенскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Нёман. Мяжуе з Мінскім узвышшам, Нёманскай нізінай, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай. Капыльскай градой. Выш. 150—200 м.

У тэктанічных адносінах С.р. прымеркавана да цэнтр. ч. Беларускай антэклізы, дзе Цэнтральнабеларускі масіў сучляняецца з Валожынскім грабенам. Складзена з ніжнепратэразойскіх гнейсаў, кварцытаў, верхнемелавых мергельна-мелавых моцна апясчаненых парод, антрапагенавых чырвона-бурых марэнных супескаў і суглінкаў, месцам перакрытых водна-ледавіковымі розназярністымі пяскамі і супескамі. Магутнасць антрапагенавых асадкаў 100—150 м.

Раўніна фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступання якога значна перапрацавана эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня спадзіста-хвалістая, месцамі ўзгорыста-хвалістая. Адносныя выш. 3—7 м. Трапляюцца забалочаныя і затарфаваныя лагчыны, часам з вадацёкамі, на водападзелах — тэрмакарставыя западзіны, прыдалінныя ўчасткі парэзаны лагамі, зрэдку ярамі. Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны. Раўніну перасякае р. Нёман з прытокамі Уса, Альхоўка, Тур’я, Гавязнянка. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя, у паніжэннях — дзярнова-падзолістыя забалочаныя, у далінах рэк — дзярнова-глеістыя (поймавыя) з участкамі тарфяна-балотных. Лясістасць 30%. Вял. масівы на Пн раўніны. Пераважаюць хвойнікі і ельнікі верасовыя і імшыстыя. Трапляюцца дубровы і другасныя бярэзнікі, у паніжэннях — чорнаалешнікі са сфагнавымі балотамі. Паверхня значна разараная. На тэр. раўніны Коласаўскі заказнік.

т. 15, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі, найвыш. ч. Беларусі і Беларускай грады. Займае паўн.-зах. і цэнтр. ч. Мінскай вобл. Мяжуе з Ашмянскім узвышшам на З, Нарачана-Вілейскай нізінай і Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Пн, Аршанскім узвышшам на У, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ, Капыльскай градой і Верхнянёманскай нізінай на Пд і ПдЗ. Далінай р. Сэрвач (прыток р. Вілія) аддзелена ад Свянцянскіх град. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ больш як на 180 км, з З на У на 143 км, пл. 7,5 тыс. км². Найб. вышыні: самая высокая на Беларусі Дзяржынская гара (345 м) на Пд, Лысая гара (342 м) і Маяк (335 м) у цэнтр. частцы. Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі больш за 150 м. Частка Чарнаморска-Балтыйскага водападзелу.

М.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. ч. Беларускай антэклізы. Паверхню даантрапагенавых адкладаў, якія залягаюць у цокалі, утвараюць пароды верхняга пратэразою, сярэдняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады ўтвораны нараўскім, бярэзінскім, дняпроўскім, сожскім і паазерскім зледзяненнямі, а таксама ў міжледавіковыя перыяды (белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі, гл. адпаведныя арт.), вызначаюцца літалагічнай стракатасцю, нявытрыманай магутнасцю (100—300 м). М.ў. — складаны вузел краявых ледавіковых утварэнняў. Асн. роля ў фарміраванні рэльефу належыць сожскаму ледавіку. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі сілікатныя і будаўнічыя, торф, мінер. воды.

Рэльеф градавы і буйнаўзгорысты. Вылучаюцца больш дробныя ўзвышшы: Івянецкае, Радашковіцкае (уключае Аляхновіцкае), Лагойскае, Плешчаніцкае (гл. адпаведныя арт.), Докшыцкае, Валожынскае; Івянецка-Мінскі вуглавы (лёдападзельны) масіў і Валожынска-Лагойска-Докшыцкі франтальны пояс краявых ледавіковых утварэнняў. Пашыраны стараж. лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод (даўж. некалькі дзесяткаў кіламетраў, карытападобныя). Частка з іх выкарыстана далінамі рэк Бярэзіна, Іслач, Усяжа, Цна, Уса, Пціч, Свіслач, Гайна, Вілія, Ілія, Уша, Рыбчанка і інш. Скразныя даліны рэк Ілія—Гайна, Вілія—Поня злучаюць бас. Балтыйскага і Чорнага мораў. Трапляюцца стараж. лагчыны, якія не ўнаследаваны сучаснай гідрасеткай, т.зв. «мёртвыя» даліны. Да міжградавых дэпрэсій, лагчын сцёку, схілаў град прымеркаваны камы, камавыя масівы, озы і озавыя грады. Рачная сетка належыць да бас. р. Нёман (р. Вілія з прытокамі Сэрвач, Дзвінаса, Ілія; Бярэзіна, Іслач, Сула, Уса і інш.) і р. Дняпро (Бярэзіна з Поняй, Гайнай, Плісой, Свіслаччу; Пціч). Вадасховішчы на Свіслачы (Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды), на Вячы (Вяча). Пцічы (Воўчкавіцкае вадасховішча). У межах М.ў. праходзіць гал. канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Пераважаюць глебы дзярнова-палева-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам 10—20% тэрыторыі на Пд і 40—50% на Пн (буйныя масівы хваёвых лішайнікава-кусцікавых лясоў). У далінах рэк яловыя паўднёватаежныя лясы (шыракаліста-яловыя асацыяцыі з дубам, клёнам, ліпай і густым падлескам з ляшчыны, рабіны і інш.). Уздоўж рэк і ручаёў вольха чорная. Асн. частка балот асушана. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі. На М.у. ландшафтны заказнік рэсп. значэння — Прылуцкі.

М.​А.​Вальчык.

Мінскае ўзвышша каля в. Ратамка Мінскага раёна.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РВЕНЬСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 37,1 тыс. чал. (2003), гарадскога 43%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Чэрвень. Раён уключае г.п. Смілавічы, 197 сельскіх нас. пунктаў, Смілавіцкі пасялковы Савет, 10 сельсаветаў: Вайнілаўскі, Валевачоўскі, Грабянецкі, Калодзежскі, Кліноцкі, Лядскі, Раваніцкі, Руднянскі, Смілавіцкі, Хутарскі.

Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, каля 70% яе на выш. 180—200 м і 30% — 160—180 м. Найвыш. пункт 209 м (на Пн ад в. Валевачы). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, цагельныя суглінкі і гліны, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. р. Волма з прытокам Гаць, Уса з Гануткай і Дабрыцай, Уша. Азёры: Пясочнае, Дзікае, Лукава. Вадасх. Волма. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (33,3%), дзярнова-падзолістыя глеяватыя (16,6%), тарфяна-балотныя (11%) і інш. Пад лесам 38,6% плошчы. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, асінавыя, дубовыя лясы. Штучныя насаджэнні (каля 25%) пераважна хваёвыя. Пад балотамі 1% плошчы (найб. Краснае, Рудзянец). На тэр. раёна біял. заказнік мясц. значэння Чэрвеньскі; ахоўныя тарфянікі: Падастрэўе, Краснае, Дуброва, Плінтаўка, Дубкі, Рудзянец, Валмянка, Падор, Уса, у пойме р. Волма, Крысін Дуб, Вялікае, Кажамячышча, Чэрвеньскае, Салажкі. Помнікі прыроды: рэсп. значэння, парк «Раванічы», хвоі чорныя ў г.п. Смілавічы; мясц. значэння — паркі «Смілавічы», «Убель» і «Калодзежы».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 81 тыс. га, з іх асушаных 26 тыс. га. На 1.9.2003 у раёне 6 калгасаў, 4 раённыя унітарныя с.-г. прадпрыемствы, рэсп. унітарнае с.-г. прадпрыемства, «Эксперым. база «Натальеўск», 9 с.-г. вытв. кааператываў, 37 фермерскіх гаспадарак, аграрна-прамысл. прадпрыемства «Чэрвеньскае». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, рапсу, лёну, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), нафтаперапр. (нафтабітум), харч. (цэльнамалочныя прадукты, сушаная агародніна, віно, безалкагольныя напіткі), каап. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), лёгкай (валены абутак, скураны тавар); рыбгас «Волма», лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Мінск—Чэрвень—Магілёў, Чэрвень—Мар’іна Горка, Чэрвень—Смалявічы і інш. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 3 пач., 1 вячэрняя школа, гімназія, дом-прытулак, с.-г. прафес. ліцэй, дзярж. агр. каледж, ПТВ, 30 дашкольных устаноў, 24 клубы, 32 б-кі, 6 бальніц, 2 амбулаторыі, 23 фельч.-ак. пункты, 1 санаторый. Чэрвеньскі краязнаўчы музей, музей кампазітара С.​Манюшкі ў пас. Азёрны. Помнікі архітэктуры: касцёл Антонія (канец 18 — пач. 19 ст.) і палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 19 ст.) у в. Раванічы. Гіст. помнікі: мемарыяльны комплекс «Разгром» (1982—84) за 3,5 км на ПнЗ ад в. Раваніцкая Слабада на месцы базіравання ў 1942—44 міжраённага падп. камітэта КП(б)Б Мінскай зоны, Чэрвеньскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, штаба партыз. брыгады «Разгром». Выдаецца газ. «Раённы веснік».

Літ.:

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінская вобл. Кн. 2. Мн., 1987;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Чэрвеньскага р-на. Мн., 2000.

Г.​Ю.​Гамеза, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 17, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКІ РАЁН,

на У Мінскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 34,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Беразіно, 218 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Багушэвіцкі, Брадзецкі, Бярэзінскі, Высакагорскі, Дзмітравіцкі, Каменнаборскі, Капланецкі, Ляжынскі, Мачаскі, Пагосцкі, Паплаўскі, Сялібскі, Ушанскі, Якшыцкі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая і раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,3 м (каля в. Мікулічы). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. р. Бярэзіна з прытокамі Уша, Жорнаўка, Уса, Манча, Брусята, Клява. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя, тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 50% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя лясы.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 76 тыс. га, з іх асушана 19,9 тыс. га. У раёне 20 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (ячмень, авёс, жыта, пшаніцу) і кармавыя культуры, грэчку, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), харч. (сыр, спірт, пладова-агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), ільноапр. і дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Мінск—Магілёў, а таксама з Беразіно на Барысаў, Клічаў, Новалукомль. Суднаходства на Бярэзіне. У раёне 21 сярэдняя, 7 базавых, 2 пач. школы, гімназія, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 22 клубы, 33 б-кі, 5 бальніц, 13 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — касцёл сярэдзіны 19 ст. ў в. Багушэвічы. Выдаецца газ. «Сцяг Леніна».

т. 3, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БКА Пятро (Пётр Фёдаравіч; 6. 7.1905, в. Вялікая Уса Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1969),

бел. паэт. Акад. АН БССР (1957, чл.-кар. 1950). Скончыў БДУ (1930). Працаваў сакратаром рэдакцыі час. «Узвышша», у газ. «Калгаснік Беларусі», час. «Полымя рэвалюцыі». З 1945 у АН Беларусі: у Ін-це л-ры, мовы і мастацтва, у 1952—56 заг. сектара лексікаграфіі, у 1956—57 дырэктар Ін-та мовазнаўства, у 1957—69 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, адначасова ў 1968—69 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук. Друкаваўся з 1924. Першы зб. лірыкі «Шыпшына» (1927) выявіў прыхільнасць да рамант. паэзіі, літ. і фалькл. традыцый. Кнігі «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935) вызначаюцца жанравай разнастайнасцю, узмацненнем грамадз. матываў. Асобныя вершы 1930-х г. рытарычныя, дэкларацыйныя. Тэма рэвалюцыі і Грамадз. вайны ў паэмах «Трывожны сігнал» (1929), «Арлянка» (1931), «Мужнасць» (1934), «У тыя дні» (1937), драм. паэме «Над Бярозай-ракой» (паст. 1940). Вершы часоў Айч. вайны прасякнуты філас. роздумам, напоўнены пачуццём любові да Радзімы, лірызмам. Гал. тэмы пасляваен. творчасці — аднаўленне, памяць вайны, барацьба за мір. Аўтар лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (нап. 1947, паст. 1970), вершаванай п’есы «Святло з Усходу» (паст. 1957), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Вёў даследчую работу ў галіне бел. лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.​Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.​Лермантава, М.​Горкага (паэма «Дзяўчына і смерць», апавяданні), У.​Маякоўскага, А.​Пракоф’ева, Т.​Шаўчэнкі (паэма «Марына», вершы), М.​Рыльскага і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1984—86.

Літ.:

Барсток М. Пятро Глебка. Мн., 1952;

Перкін Н. Пятро Глебка. Мн., 1955;

Пясняр мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. Мн., 1976.

П.Ф.Глебка.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,35 тыс. км². Нас. 35,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 33%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Дзяржынск, гар. пасёлкі Негарэлае і Фаніпаль, 273 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Бараўскі, Валмянскі, Дабрынёўскі, Дзямідавіцкі, Дзяржынскі, Ляхавіцкі, Путчынскі, Рубілкаўскі, Станькаўскі, Старынкаўскі, Фаніпальскі.

Раён размешчаны ў межах Мінскага ўзвышша і Стаўбцоўскай раўніны. Паверхня ўзгорыстая і пласкахвалістая. Пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 345 м (Дзяржынская гара — самы высокі пункт Беларусі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетацыйны перыяд 188 сут. Рака Уса з прытокамі Ператуць, Вязенская, Рапуса; на У — р. Жэсць з Алёхаўкай. Дзягільнянскае вадасх. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 31% раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя лясы.

Пад с.-г. ўгоддзямі 70,9 тыс. га, з іх асушана 14,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў, 5 саўгасаў. 3 птушкафабрыкі. Жывёлагадоўчае плем. аб’яднанне «Шыкатовічы». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы металаапр., буд. матэрыялаў (жалезабетонныя і маставыя канструкцыі), лёгкай (швейнай, тэкст.) і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Мінск—Брэст, аўтадарогі ад Дзяржынска на Барысаў, Івянец, Заслаўе, Станькава—Дабрынёва і Негарэлае—Узда. У раёне 23 сярэднія, 3 базавыя і 11 пач. школ, 32 клубы, 37 б-к, 7 бальніц, абл. туберкулёзная бальніца, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: капліца-пахавальня (пач. 20 ст.) у в. Баравое, Успенскі касцёл (2-я пал. 18 ст.) у в. Волма; сядзібы (19 ст.) у вёсках Волма і Вял. Навасёлкі; капліца (1-я пал. 19 ст.) у в. Дабрынёва; сядзібна-паркавы ансамбль (2-я пал. 19 ст.) у в. Станькава, касцёл (1836) у в. Старынка. Выдаецца газ. «Сцяг Кастрычніка».

С.​І.​Сідор.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)