агу́лам, прысл.

1. Усе разам, гуртам. Рабіць што‑н. агулам. □ [Рыгор:] — Ураднік, старшына, стражнік, поп, нават дзесяцкія — усе агулам глумяцца з бедняка. Гартны.

2. Усё, адразу, цалкам (купіць, прадаць). [Сымон Рапецька:] — Сурвіла купляе [зямлю] у пана агулам, а людзям будзе па кавалку перапрадаваць. Чорны.

3. Неканкрэтна, не звяртаючы ўвагі на дэталі, на паасобныя факты. [Паходня:] — Давай не агулам, а канкрэтна разбяромся ў фактах. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́на, ‑ы, ж.

Цягучая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі ў поласці рота чалавека і жывёлы і садзейнічае змочванню і пераварванню ежы. [Кузьма:] — Ды такая паляндвіца! Свіціцца проста. У мяне аж сліна пацякла, калі ўбачыў. Ермаловіч. [Пніцкі] ўжо .. у смак гаворкі ўваходзіў: пырскаў слінаю, патрасаў плячыма. Чорны. Стаіць ураднік, выцірае рукавом сліну з рота, твар злосны і крывіцца ад знявагі. Каваль.

•••

Глытаць сліну гл. глытаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасле́дак, ‑дка, м.

Разм.

1. Самае меншае па ўзросту, апошняе дзіця ў сям’і.

2. толькі мн. (пасле́дкі, ‑аў). Рэшткі, астаткі чаго‑н. Нас самавольна земскі карае, Душыць, саджае ў адседкі, Крыўдзіць ураднік, поп абірае, Воласць з нас цягне паследкі. Купала. // перан. Зневаж. Падонкі. [Барушка:] — Ведаем мы такіх абаронцаў народных, і самі з вусамі... Паследкі сабачыя!.. Карпаў.

•••

На (самы) паследак — у апошнюю чаргу; на самы канец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгнята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Прыціскаць чым‑н. цяжкім зверху. Прыгнятаць сыр каменем.

2. Не даваць свабодна жыць, эксплуатаваць. Вёску прыгняталі памешчык і земства, ураднік і мясцовы багацей. Навуменка.

3. перан. Непакоіць, ствараць цяжкі, падаўлены настрой. Памаўчаўшы,.. [маці] загаварыла, перасільваючы нейкі ўнутраны цяжар, які прыгнятаў яе. Якімовіч. Бянтэжыла і прыгнятала нас яшчэ і невядомасць. С. Александровіч. Мяне прыгнятала адзіноцтва, тая сіратлівая цішыня, якая часта панавала ў нашых зялёных кутках. Кулакоўскі. Нізкае скляпенне, пах цвілі, папіскванне пацукоў прыгнятала хлапца. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвінава́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што ў чым і без дап. Лічыць каго‑н. вінаватым у чым‑н. А супярэчыў.. [Сцяпан Варанец], так сказаць, прынцыпова: не можна, бачыце, абвінавачваць чалавека, калі добра не ведаеш. Крапіва. // Устанаўліваць віну каго‑н. у судовым парадку; лічачы вінаватым у чым‑н., прыцягваць да судовага разбору. Думкі перабіў ураднік. — У чым жа вас абвінавачваюць? — запытаў ён. — За што судзяць? Колас. // Папракаць, асуджаць за што‑н. Абвінавачваць у неаб’ектыўнасці.

2. без дап. Выступаць у якасці судовага абвінаваўцы, пракурора. Малады пракурор абвінавачваў упершыню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

1. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. Прылучыцца да кампаніі. □ Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім. Гартны. Пакуль ураднік збіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыўся дыякан з фельчарам. Колас. // Стаць на чый‑н. бок, згадзіцца з кім‑н. Прылучыцца да прапановы.

2. Пазнаёміцца з чым‑н., уключыцца ў якую‑н. дзейнасць. Будзе працаваць [Віктар] нароўні з усімі. Зноў прылучыцца да нялёгкай, але знаёмай сялянскай працы. Паўлаў.

3. Разм. Здарыцца, стацца. [Алеся] перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём. Колас. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасце прылучылася, а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАЛЧА́НАЎ (Павел Сцяпанавіч) (14.3. 1902, в. Івольск Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.2.1977),

бел. акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа (1926—51, з перапынкамі, з 1946 маст. кіраўнік), Бел. ТРАМе, на кінастудыі «Савецкая Беларусь» (1930—35). З 1952 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканала валодаў майстэрствам пераўвасаблення. Яго творчасць адметная спалучэннем прастаты, чалавечнасці з моцным тэмпераментам. Стварыў яркія нар. характары, вобразы простых людзей, трагічных і драм. герояў: Кутас («Прымакі» Я.Купалы), ураднік Шышла, Дарвідошка («Вайна вайне», «У пушчах Палесся» Я.Коласа), Караневіч («Проба агнём» К.Крапівы), Калібераў, Глуздакоў («Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Сорын, Вяршынін («Чайка», «Тры сястры» А.Чэхава), Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Пярчыхін, Лука («Мяшчане», «На дне» М.Горкага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Освальд, доктар Ранк («Здані», «Нора» Г.Ібсена), Віктор Чэрмлені («Гульня з кошкай» І.Эркеня). Паставіў спектаклі: у Бел. ТРАМе — «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935, разам з Г.Ферманам); у т-ры імя Я.Коласа — «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы; 1936), «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка (1939), «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Рускае пытанне» (1947) К.Сіманава; у т-ры імя Я.Купалы — «Патрабуецца лгун» Дз.Пратасава (1965), «Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча (1969); у Бел. т-ры юнага гледача — «Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.Гайдара (1963), «Даманевідзімка» П.Кальдэрона (1964); а таксама фільм «Палескія рабінзоны» (1934, з І.Бахарам). Пра М. створаны хранікальна-дакумент. фільм «Дзесяць хвілін з Паўлам Малчанавым» (1969). Аўтар успамінаў «Тэатр — жыццё маё» (1984). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Няфёд У. Народны артыст СССР П.С. Малчанаў. Мн., 1958.

У.І.Няфёд.

П.С.Малчанаў.
П.Малчанаў у ролі ўрадніка Шышлы.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

даста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; зак., каму.

1. Зрабіцца чыёй‑н. уласнасцю, перайсці ў чыё‑н. распараджэнне. Самі ж яны, хлопцы, дапамаглі выганяць жывёлу, якую пагналі на ўсход, каб не дасталося часам дабро ворагу. Лынькоў. [Ганне] дасталася ў спадчыну ад бацькоў хатка. Дубоўка. // Прыйсціся пры размеркаванні, дзяльбе і пад. Але як гэты надзел дастаўся .. [Раману] па жэрабю, то і не было на каго наракаць. Колас. Дасталіся Захару Іванавічу найбольш запушчаныя ўчасткі зямлі, горшае цягло, горшы інвентар. Кулакоўскі. // Дацца, набыцца пэўным чынам. Набытак дастаўся цяжкай працай. □ Нам свабода дасталася дорага, Адной рукой мы край свой будавалі, Другою ж — адбіваліся ад ворага. Свірка.

2. безас. Перанесці цяжкія выпрабаванні, нацярпецца. Многа разоў гарэла Устронь: і татарын яе паліў, і швед, і француз... Дасталося Устроні і ў вайну з белапалякамі. Лобан. Міколка з бацькам набраліся .. перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Лынькоў. // Атрымаць спагнанне, пакаранне, вымову і пад. Дасталося Райскаму і Лабановічу: чаму яны не парвалі пратакол, калі на яго налятаў ураднік? Колас.

•••

Дасталося на арэхі каму — атрымаў наганяй, вымову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сну, звязаны са сном (у 1 знач.). Сонны стан. □ Роўны храп.. калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. // Які бывае ў сне. У зямлянцы чулася роўнае соннае дыханне.. сябровак [Каці]. Алешка. Вахву.. пачало скоўваць соннае адранцвенне.. Твар старастаў расплываўся бясформеннай плямай. Самуйлёнак. // Адведзены для сну (пра час). І вось у адну сонную ноч хлопцы Архіпа Іванюка ціха падышлі да логава і абяззброілі ўсіх да аднаго бандытаў. Кавалёў.

2. Які спіць. А «сіцыліст» усё спіць — ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. Колас. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Лынькоў. / у знач. наз. со́нны, ‑ага, м. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных. Чарнышэвіч. // перан. Агорнуты сном. Сонны дом. // перан. Пасіўны, бяздзейны. Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся: Сонны сэрцам, душой, Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Купала. // перан. Бязлюдны, заціхлы. Сонны горад. □ Хуценька памыўшыся, Вера выйшла на яшчэ сонную вуліцу. Асіпенка. // перан. Спакойны, нерухомы. Туманок, туманок! Хто цябе навалок На прадоннае, соннае возера Нарач? Лужанін. Гэтай раніцай доктар падслухаў усе птушыныя спевы, падглядзеў, як прачынаецца сонны лес. Васілевіч.

3. Які не зусім прачнуўся або хоча спаць. — Ну, чаго? — ускочыў яшчэ сонны Мікола. Новікаў. [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона.. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі. / Пра жывёл, птушак. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Шамякін. // Уласцівы чалавеку, які хоча спаць або яшчэ не зусім прачнуўся. Сонны выгляд. □ [Дзяжурны] глядзіць соннымі вачыма, лена пытае. Данілевіч. Захрыпеў сонным голасам Скуратовіч: — Хто там? Чорны. // Вялы, слабы, пазбаўлены жвавасці. Дзе толькі дзяваліся яго запаволеныя, нібы нейкія сонныя рухі! Паслядовіч.

4. Снатворны (пра лекі). Сонныя кроплі. // Які выклікае сон, хіліць на сон. Сонны пошум лесу. □ Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок. Чорны. Бачыць [Ян], як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца і дзень робіцца шэры, дзень без руху, сонны і нудны. Пестрак.

•••

Сонная артэрыя гл. артэрыя.

Сонная хвароба гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

такі́ 1, о́га, м.; така́я, ‑о́й, ж.; тако́е, ‑о́га, н.; мн. такі́я, ‑і́х; займ.

1. указальны. Указвае на якасць, уласцівасць асобы, прадмета, азначаючы: менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей. Хіба ж не міл і час такі На схіле лецейка, пад восень, Калі па верасах між сосен Пачнуць расці баравікі? Колас. // Дакладна такі, такі, як быў. Мінула столькі часу, а ён такі, як быў. // Падобны да іншага. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

2. указальны. Выкарыстоўваецца як слова, якое ўводзіць наступны тэкст, у значэнні: іменна той, які адпавядае таму, што будзе сказана далей. [Старшыня:] — Нам рукі трэба, разрываешся тут, а ён [Андрэй], такі мужчына: мядзведзі, качкі... Страляе па лесе... Пташнікаў. Ранейшае жыццё было такое: ураднік забярэ, суддзя абдзярэ, гандляр абкрадзе. Янкоўскі.

3. азначальны. Пры назоўніках і прыметніках, якія абазначаюць уласцівасць, стан і пад., указвае на большую, вялікую ступень, стан і пад. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я [студэнт] такі худы. Маляўка. Распісалі сваякі Яся, хто як можа: — А разумненькі такі! — А такі прыгожы! Кляўко. [Жанчына:] — Як жа, мой сынок, не заплакаць, калі тут [у вершы] кожнае слова такое пякучае. «ЛіМ». // Пры азначальным слове служыць для выдзялення, падкрэслівання якой‑н. якасці, уласцівасці. А трэці [паравоз] — якая-небудзь кукушка — не гудзіць, а проста пасвіствае галаском такім тонкім, пранізлівым. Лынькоў.

4. азначальны. Разм. Выкарыстоўваецца звычайна ў клічных сказах для ўказання на незвычайнасць, дзівоснасць (пры хвальбе або ганьбаванні каго‑н.). І песням першы раз сягоння Такая шыр, такі прастор! Танк. Яна [Наста] — настаўніцай. Ён [Андрэй] — старшынёй. І ўсе зайздросцілі — такая пара! З. Астапенка.

5. азначальны. Разм. У спалучэнні з займеннікамі «хто», «што», «які» выкарыстоўваецца для падкрэслівання і выдзялення іх, падаючы значэнне іменна. [Вера:] А што такое з Тамарай? Крапіва. — Што там такое? — стрымана запытаў бацька. Кулакоўскі.

6. у знач. наз. тако́е, ‑ога, н. Нешта, што звяртае ўвагу: смешнае, незвычайнае, страшнае і пад. — Як вы [цётка Хрысця] маглі падумаць такое? — прашаптала, задыхаючыся, Тацяна. Шамякін.

•••

Да такой ступені гл. ступень.

Ёсць такая справа! гл. справа.

Такая справа гл. справа.

Такі ж, як — зусім падобны на каго‑, што‑н.

Такім макарам гл. макарам.

Такім парадкам гл. парадак.

Такім чынам гл. чын.

Такой бяды гл. бяда.

У такім выпадку — тое, што і у такім разе.

У такім разе гл. раз.

Што тут такога? — выкарыстоўваецца пры няясным пытанні ў значэнні: што асаблівага (добрага ці дрэннага) у тым, што зроблена кім‑н.

такі́ і -такі 2, часціца.

Разм.

1. Выкарыстоўваецца пры знамянальных словах (часцей пры прыслоўі), падкрэсліваючы іх значэнне. Кошык быў амаль поўны, а грыбы яшчэ трапляліся. Іх такі многа пад мохам. Навуменка. [Тацяна:] — А от абцасы ладна такі пазбіваліся, трэба будзе неяк падрамантаваць. Васілёнак.

2. Пры дзеяслове выступае ў значэнні: тым не менш, усё ж, усё-такі. І такі прыкмеціў: Не дзяўчына — ружа. Гілевіч. Даказалі-такі цуду: Конь, мужык на свеце — сіла! Купала.

3. Уваходзіць у склад некаторых слоў: даволі-такі, зноў-такі, так-такі і пад. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч. Валодзька .. таўчэ каленам у надзьмуты жывот [каня] і лаецца, зноў-такі смеючыся. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)