ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),
сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.
У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш. вузлоў ЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш.Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн.ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],
1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст.грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл.Варшаўскі дагавор 1768).
2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш.сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводусав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.Дз.Сахараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНОМІКА БУДАЎНІЦТВА
Як навука эканоміка будаўніцтва на Беларусі пачала складвацца ў 1920-я г. Пытанні гэтай галіны вывучаліся ў Дзяржплане БССР, галіновых наркаматах, Ін-це эканомікі АН Беларусі, БПІ. Асн.навук. распрацоўкі былі звязаны з тэхн. пераўзбраеннем буд. арг-цый, удасканаленнем структуры капітальных укладанняў, індустрыялізацыяй буд. вытворчасці. У пасляваенныя гады найбольшая ўвага аддавалася распрацоўцы эканам. асноў сістэмы планавання і кіравання буд. комплексам, павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці буд. арг-цый, скарачэння тэрмінаў уводу ў дзеянне асн. фондаў. У 1970—80-я г. вывучаліся пытанні арг-цыі працы, павышэння эфектыўнасці буд. вытворчасці, удасканалення механізму гаспадарання ў буд. арг-цыях, укаранення калектыўнага і брыгаднага падраду, эканоміі матэрыяльных рэсурсаў, пошуку рэзерваў зніжэння кошту буд-ва (М.Ц.Архіпец, У.Ф.Бохан, Л.М Варабей, У.Г.Еўтух, Я.М.Лемеш, І.Т.Хачатуранц).
У наш час пытанні эканомікі буд-ва даследуюцца ў навук. арг-цыях Мін-ва архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь, Н.-д.эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь, Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.эканам. ун-це, Брэсцкім тэхн. ун-це і інш. З пач. 1990-х г. у н.-д. арэндным прадпрыемстве «Будэканоміка» Мін-ва архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь вядуцца даследаванні па пытаннях удасканалення арганізац. структуры кіравання буд. комплексам, эфектыўнасці інвестыцый у буд-ве (Л.М.Варабей, С.В.Старынскі), кіравання маёмасным комплексам і распрацоўкі варыянтных прагнозаў раздзяржаўлення і прыватызацыі дзярж.буд. арг-цый (Е.М.Кучар, Л.А.Ігнаценка), нарміравання працы, стымулявання рэсурсазберажэння, укаранення новай сістэмы якасці на буд. прадпрыемствах (Г.Я.Эцін), фарміравання практыкі падрадных таргоў у буд-ве (Л.М.Варабей, У.Я.Адамовіч); вядуцца прававыя даследаванні ў сферы буд. дзейнасці (У.Ф.Бохан, Р.Я.Грунтова, Л.М.Кавалёва). У Брэсцкім тэхн. ун-це вывучаюцца праблемы інавацыйнай адаптыўнасці і канкурэнтаздольнасці ў буд-ве (Э.П.Галавач, А.І.Рубахаў), ствараюцца методыкі аналізу дзейнасці буд. арг-цый ва ўмовах рынку (П.М.Івароўскі). У Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры па цэнаўтварэнні ў буд-ве даследуюцца пытанні цэнаўтварэння і фарміравання стартавай прапановы інвестара пры буд-ве аб’ектаў (У.М.Столпнер). Фарміраванне ў Беларусі рынку нерухомасці прывяло да ўзнікнення прынцыпова новага кірунку ў эканоміцы буд-ва — эканомікі нерухомасці, які паступова вылучаецца ў самаст.навук. сферу (П.С.Гейзлер, Л.Г.Саяніна, М.Ю.Трыфанаў). Даследуюцца пытанні фарміравання і развіцця сістэмы пазабюджэтнага фінансавання жыллёвага буд-ва, механізмаў і фін. тэхналогій іпатэчнага жыллёвага крэдытавання, прыцягнення фін. жыллёвых інвестыцый (У.Г.Еўтух, С.А.Мартынаў, Э.І.Пятровіч, А.Д.Сідарэнка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАТЫКА
Работы па праблемах інфарматыкі на Беларусі пачаты ў 1960-я г. ў працэсе стварэння на Мінскім з-дзе ЭВМ сям’і вылічальных машын «Мінск». Сістэмнае праграмнае забеспячэнне і пакеты навук. праграм агульнага прызначэння распрацоўваліся ў НДІЭВМ і АН Беларусі. Асн. работы вядуцца па праблемах дыскрэтнай аптымізацыі ў Ін-це матэматыкі (ІМ) і Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі (АІПІ) Нац.АН Беларусі, БДУ; тэорыі аўтам. кіравання — у ІМ, АІПІ, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), Бел.нац.тэхн. ун-це (БНТУ), Ваен. акадэміі (ВА); лагічнага праектавання — у НДІЭВМ, АІПІ, БДУІР, БДУ; аўтаматызацыі праектавання — у АІПІ, Мінскім вытв. аб’яднанні аўтам. ліній, БДУІР, БНТУ; тэорыі і метадах апрацоўкі сігналаў і відарысаў — у АІПІ, БДУ, БДУІР, НВА «Інтэграл», ВА; праграмнага забеспячэння — у НДІЭВМ, АІПІ, ІМ, БДУ, Цэнтр.НДІ арганізацыі і тэхнікі кіравання, НВА «Агат»; аховы інфармацыі — у АІПІ, БДУ, НДІтэхн. аховы інфармацыі, НДІ сродкаў аўтаматызацыі, НДІЭВМ, НВА «Агат»; тэорыі і метадах геаінфармацыйных сістэм — у АІПІ, Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы», Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры «Экамір»; інфарм. тэхналогій у медыцыне — у АІПІ, Бел. цэнтры мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. (Гл. таксама Інфарматыка).
Сеткавыя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі і размеркаваная апрацоўка інфармацыі ў рэжыме аддаленага доступу развіваюцца з 1970-х г., калі ствараліся рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі на базе лакальных і аддаленых дысплейных комплексаў для Адзінай сістэмы ЭВМ (ЕСЭВМ). Рэгіянальныя сеткі ствараліся на аснове персанальных ЭВМ з аддаленым доступам з выкарыстаннем мадэмаў па вызначаных тэлеф., валаконна-аптычных і спадарожнікавых каналах сувязі. З 2001 на Беларусі працуе лічбавая сетка з інтэграцыяй абслугоўвання, што спалучае магчымасці агульнай тэлеф. сеткі і сеткі перадачы даных. Глабальная сусветная сетка Інтэрнет забяспечвае доступ да аддаленых інфарм. рэсурсаў з дапамогай Вэбтэхналогіі. Асн. правайдэрам, які забяспечвае паслугі доступу да сеткі, з’яўляецца Рэсп. аб’яднанне «Белтэлеком». У навук. і агульнаадук. галінах створана навук.-інфарм. камп’ютэрная сетка, якая аб’ядноўвае камп’ютэрныя сеткі ў Нац.АН Беларусі (BASNET), БДУ (карпаратыўная сетка БДУ), Мін-ва адукацыі (UNIBEL).
Аўтаматызацыя праектавання як самастойны навук. кірунак сфарміравалася з пачаткам серыйнага выпуску ЭВМ. На базе лабараторый Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі створаны Ін-ттэхн. кібернетыкі (1965; з 2002 — Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі Нац.АН Беларусі). У ін-це вядуцца даследаванні працэсаў тэхн. падрыхтоўкі па тэорыі аўтаматызацыі праектавання, а таксама эксперым. і доследна-канструктарскія распрацоўкі ў машына-, авія- і суднабудаванні, радыётэхн., электроннай прам-сці і інш. Прапанаваны класіфікацыя і кадзіраванне інфармацыі, метады рашэння тыповых праектных задач, пабудавання інфарм. мадэлей, фармалізацыі тыповых тэхнал. маршрутаў (Г.К.Гаранскі). Даследаваны працэсы тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, прапанаваны дэдуктыўная тэорыя сістэмна-структурнага мадэліравання працэсаў (В.Дз.Цвяткоў), тэорыя аўтаматызаванага сінтэзу канструкцый спец.тэхнал. аснасткі (А.Г.Раковіч). Распрацаваны метады г праграмныя сродкі аўтаматызацыі складана-рэзальных інструментаў, інструментальных наладак спец. агрэгатных станкоў і аўтам. ліній, станкоў-аўтаматаў (Л.М.Ламбін, Б.І.Сініцын). Даследаваны праблемы інфарм. забеспячэння працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці (М.А.Ярмаш), аспекты эрганамічнага праектавання складаных тэхн. сістэм (Г.Р.Маньшын). Прапанаваны падыходы фармалізацыі працэсаў прыняцця рацыянальных рашэнняў складаных праектных задач (Г.М.Левін, В.С.Танаеў). Развіта тэорыя праектавання складаных тэхн. аб’ектаў (А.І.Семянкоў). Праведзены даследаванні па мадэліраванні і аптымізацыі шматпераходных тэхнал. працэсаў (У.І.Махнач), інфарм. працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці нерэгулярных канструкцый (С.В.Мядзведзеў), скразных тэхналогій праектавання і вытв-сці складаных вырабаў у машына- і прыладабудаванні (Л.В.Губіч). Даследуюцца метады праектавання сістэм кіравання тэхнал. абсталяваннем (А.І.Дабралюбаў), дыягностыкі складаных сістэм кіравання. Прапанаваны прынцыпы пабудавання аўтаматызаваных сістэм кіравання эксперыментам, інфарм.-вымяральных сістэм (Р.Х.Садыхаў, П.М.Чаголін). Распрацаваны метады і тэорыя аналізу выпадковых працэсаў (А.М.Крот), падыходы да стварэння праграмных комплексаў на базе выліч. сістэм і сетак (Г.В.Рымскі). Даследаваны прынцыпы стварэння праграмна-апаратных сродкаў і распрацаваны эксперым. ўзоры чарцёжна-графічных аўтаматаў (Я.В.Дняпроўскі, В.К.Ерахавец), планшэтных прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.І.Аляксееў). Распрацаваны комплекс дзяржстандартаў і кіруючых дакументаў, якія рэгламентуюць стварэнне аўтаматызаваных сістэм (У.І.Махнач, І.С.Міцяеў, А.І.Семянкоў). Вынікі н.-д. і доследна-канструктарскіх работ укаранёны на мінскіх трактарным і аўтамаб. з-дах, ААТ «Гарызонт», «Віцязь» і інш.
Штучны інтэлект як навук. кірунак сфарміраваўся ў 1970-я г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграмавання, выліч. тэхнікі і інш.Асн. кірункі даследаванняў: сінтэз і распазнаванне мовы, апрацоўка і распазнаванне відарысаў і картаграфічнай інфармацыі, пытанні рэалізацыі сістэм аўтам. аналізу тэкстаў натуральнай мовы (вядуцца ў БДУ і Мінскім лінгвістычным ун-це), распрацоўка нейракамп’ютэраў і нейрасеткавых мадэлей (у Цэнтры інфарм. тэхналогій, БДУІР, Брэсцкім тэхн. ун-це) і інш. У БДУІР з 1995 рыхтуюць спецыялістаў па спецыяльнасці «Штучны інтэлект» і яе спецыялізацыях; вядуцца работы па развіцці і давядзенні да практ. рэалізацыі графадынамічнай парадыгмы прадстаўлення і перапрацоўкі ведаў.
Лагічнае праектаванне — пачатковы этап праектавання дыскрэтных выліч. і кіравальных устройстваў з выкарыстаннем апарата лагічнай алгебры, тэорыі аўтаматаў і лагічных схем, графаў і інш. раздзелаў дыскрэтнай матэматыкі. З 1960-х г. вядуцца работы па стварэнні новых ЭВМ і сістэм аўтаматызаванага праектавання (Г.М.Лапато і інш.). Распрацаваны кананічны метад сінтэзу лагічных схем (А.Ш.Блох), прапанаваны метады аўтам. аналізу і сінтэзу лагічных схем кіравання тэхнал. машынамі (С.І.Акуновіч, А.І.Дабралюбаў). З пач. 1970-х г. у АІПІ пад кіраўніцтвам А.Дз.Закрэўскага развіваецца тэорыя аўтаматызаванага лагічнага праектавання, што прывяло да стварэння сям’і моў і сістэм праграмавання ЛЯПАС (П.М.Бібіла і інш.). Распрацаваны эфектыўныя метады і алгарытмы рашэнняў шэрагу задач лагічнага праектавання, а на іх базе — метады сінтэзу асінхронных аўтаматаў і лагічных схем у канкрэтных элементных базісах, а таксама атрымання правяральных і дыягнастычных тэстаў для іх.
Апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы. У сярэдзіне 1960-х г. у АІПІ, БДУ, БДУІР, ВА пачаліся даследаванні па стварэнні і дастасаваннях аўтаматызаваных сістэм для перадачы, апрацоўкі і захоўвання сігналаў рознай фіз. прыроды (радыёлакацыйных, акустычных, вібрацыйных). У АІШ развіты метады фарміравання выпадковых сігналаў з зададзенымі характарыстыкамі, іх аналізу і ідэнтыфікацыі (А.М.Крот, Р.Х.Садыхаў, П.М.Чаголін), распрацаваны апарат тэарэтыка-полінаміяльнага прадстаўлення дыскрэтных сігналаў (А.М.Крот). З 1970-х г. вядуцца даследаванні ў галіне апрацоўкі відарысаў з дастасаваннямі да апрацоўкі картаграфічнай інфармацыі; закладзены асновы тэорыі апрацоўкі відарысаў (С.У.Абламейка); метады аналізу і распазнавання асн. класаў аб’ектаў відарысаў (С.У.Абламейка, В.В.Старавойтаў), эфектыўныя метады і алгарытмы інварыянтнага параўнання і аналізу геам. аб’ектаў (А.В.Тузікаў), створана тэхналогія складання лічбавых карт (А.М.Кручкоў).
У АІПІ створаны новы навук. кірунак — моўная інфарматыка (Б.М.Лабанаў), распрацаваны метады распазнавання слоў у моўным патоку і сінтэзу моўных сігналаў на аснове тэкставай інфармацыі (Б.М.Лабанаў), новы падыход да распазнавання сігналаў моўных фанем (А.М.Крот, П.П.Ткачова), метады аналізу атрактараў складаных дынамічных сістэм і хаатычных сігналаў (А.М.Крот), метады апрацоўкі і аналізу мед.-біял. сігналаў і відарысаў (С.У.Абламейка, У.В.Анішчанка, А.М.Крот, А.В.Тузікаў).
У 1950—70-я г. ў ВА праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні па стварэнні разнесеных радыёлакацыйных станцый і сістэм. Пазней развіта тэорыя сінтэзу структуры сістэмы аптымальнай апрацоўкі сігналаў на фоне карэляваных перашкод (А.Я.Ахрыменка), развіты асновы тэорыі радыёлакацыйнага распазнавання (А.Я.Ахрыменка, В.І.Курловіч, Т.І.Шаломенцаў). У канцы 1960-х г. у БДУІР распачаты работы па стварэнні касм. спалучаных сістэм перадачы інфармацыі, у сувязі з чым распрацаваны алгарытмы фільтрацыі стахастычных працэсаў і метады супольнай нелінейнай фільтрацыі дыскрэтных і неперарыўных маркаўскіх працэсаў (В.А.Чардынцаў), алгарытмы сінхранізацыі па інфарм. сукупнасцях (У.В.Лосеў). У канцы 1970-х г. у БДУ пачаты даследаванні па мадулярных выліч. структурах для лічбавай апрацоўкі сігналаў (А.Ф.Чарняўскі), для яе створаны высокаскарасныя мадэлі базавых працэдур (А.Ф.Чарняўскі, А.А.Каляда і інш.).
Распазнаванне вобразаў. Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне на Беларусі праводзяцца з канца 1970-х г.Найб. буйнымі навук. кірункамі даследаванняў з’яўляюцца метады распазнавання вобразаў, якія грунтуюцца на імавернасна-стат. падыходзе, на лагічным падыходзе і на алг. і лагічным пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў.
У АІПІ Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам А.Дз.Закрэўскага распрацаваны лагічны падыход да распазнавання вобразаў у прасторы булевых і мнагазначных прыкмет, прапанаваны камбінаторныя метады выяўлення імплікатыўных заканамернасцей у патоку даных з ацэньваннем іх дакладнасці і пабудавання на іх аснове базы даных, распрацаваны шэраг алгарытмаў рашэння лагічных ураўненняў.
У межах імавернасна-стат. падыходу ў БДУ распрацаваны: тэорыя рабаснага стат. распазнавання вобразаў (Ю.С.Харын), асновы тэорыі ўстойлівай стат. класіфікацыі мнагамерных назіранняў (Я.Я.Жук, Ю.С.Харын); пабудаваны новыя рабасныя ўстойлівыя алгарытмы дыскрымінантнага аналізу (К.А.Дучынскас, У.І.Малюгін, А.Г.Мядзведзеў), кластэр-аналізу (Я.Я.Жук, Ю.С.Харын), распазнавання «разладак» (М.С.Абрамовіч, А.М.Мельнікава, П.П.Рогач), імавернасна-стат. мадэліравання складаных сістэм (С.В.Агіевіч, В.А.Галінскі, С.М.Сталеўская). У БДУ праводзіліся даследаванні ў межах дэтэрміністычнага падыходу да рашэння задач распазнавання вобразаў (В.У.Краснапрошын, М.А.Лепяшынскі, Ю.В.Плотнікаў), распрацаваны алг. і лагічныя пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў (У.А.Абразцоў, С.І.Кашкевіч, В.У.Краснапрошын), вывучаліся ўласцівасці карэктнасці, манатоннасці, устойлівасці, пытанні складанасці рэалізацыі пабудаваных сем’яў алгарытмаў (У.А.Абразцоў, А.Л.Канавалаў, С.І.Кашкевіч, В.У.Краснапрошын), даследаваліся невыразныя распазнавальныя сістэмы з семантычнымі ўласцівасцямі (У.А.Абразцоў, С.І.Ватлін, І.П.Кавалёў, В.У.Краснапрошын). Даследаванні па распазнаванні вобразаў у дастасаванні да апрацоўкі відарысаў вядуць навук. школы С.У.Абламейкі і Р.Х.Садыхава.
Геаінфармацыйныя сістэмы. Гэты навук. кірунак, звязаны з геагр.інфарм. сістэмамі (ПС) і ГІС-тэхналогіямі, інтэнсіўна развіваецца з канца 1970-х г., калі пад кіраўніцтвам А.І.Семянкова быў выкананы шэраг работ у галіне лічбавай картаграфіі. Атрыманы тэарэт. і практычныя вынікі па аўтаматызаваным распазнаванні картаграфічных відарысаў і стварэнні лічбавых мадэлей мясцовасці (С.У.Абламейка, А.М.Кручкоў, А.Г.Пратапопаў, А.В.Старцаў), стварэнні банкаў картаграфічнай інфармацыі (А.К.Сутурын, М.А.Ярмаш), стварэнні і абнаўленні марскіх карт (С.П.Борычаў, С.А.Шаўроў), апрацоўкі касм. здымкаў (Б.С.Берагаў і інш.). У АІПІ створана сям’я прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.І.Аляксееў, Я.В.Дняпроўскі, В.К.Ерахавец і інш.). У Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы» распрацаваны тэхналогіі выяўлення лясных пажараў і маніторынгу стану лясоў паводле даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, мадэліравання надзвычайных сітуацый на хімічна небяспечных аб’ектах. Дастасаванні ГІС-тэхналогій да лясной гаспадаркі Беларусі развіваюцца ў Бел.тэхнал. ун-це, унітарным прадпрыемстве «Белдзяржлес» і НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі. У ААТ «Пеленг» вядуцца работы па стварэнні метадаў і тэхналогій атрымання высокадакладных лічбавых мадэлей мясцовасці. Метады і сродкі арганізацыі экалагічнага маніторынгу навакольнага асяроддзя распрацоўваюцца ў Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры «Экамір», Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства. Распрацоўкай ГІС-тэхналогій для аператыўнага кантролю катастрафічных паводак займаюцца ў БДУ і УП «Белдзіправадгас». Ваенныя дастасаванні ГІС-тэхналогій вядуцца ў ВА.
Прылады ўводувідарысаў. Даследаванні па аўтаматызацыі ўводу графічнай інфармацыі пачаліся ў сярэдзіне 1960-х г. У АІПІ пад кіраўніцтвам П.М.Чаголіна быў выкананы шэраг работ па аналізе эксперым. графікаў і пераўтварэнні складаных форм графічных даных. У 1968 была сфармулявана (А.Расказаў) ідэя пабудавання індукцыйных вымяральнікаў каардынат. Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (Мінск) распрацавана сям’я дыгітайзераў серыі ЭМ (У.П.Зуеў, Г.П.Шадурскі). У 1984 гэтая тэматыка перададзена Доследна-канструктарскаму бюро машынабудавання (ДКБМ) пры з-дзе «Эвістар» (г. Віцебск). З 1983 наладжана супрацоўніцтва АІПІ і ДКБМ, у выніку якога распрацаваны тэарэт. асновы дыгітайзераў разгортвальнага пераўтварэння, элементы тэорыі дыгітайзераў неперарыўнага дзеяння і інш.
З 1979 у АІПІ разам з Цэнтр.КБАН Беларусі разгорнуты работы па стварэнні спецыялізаванай аўтаматызаванай картаграфічнай вытв-сці, створана сям’я высокадакладных (з хібнасцю да 0,1 мм) дыгітайзераў «ПЛАНШЭТ» (Г.І.Аляксееў, М.С.Люкевіч). У 1989—90 група спецыялістаў з АІПІ і Цэнтр.КБАН Беларусі і ГППЗ «Аптрон» пад кіраўніцтвам Г.І.Аляксеева распрацавала тэорыю і методыку праектавання ноніусных дыгітайзераў (Г.І.Аляксееў, А.І.Грэкаў) і зрабіла канструктарскую дакументацыю на дыгітайзеры серыі УВГ1. З 2000 у АІПІ вядуцца даследаванні па пафрагментным растравым уводзе відарысаў малафарматнымі планшэтнымі сканерамі. Распрацаваны спосаб камплексавання дыгітайзераў і планшэтных сканераў, што забяспечвае аўтам. вызначэнне становішча і арыентацыі сканера ў каардынатнай сетцы дыгітайзера (Г.І.Аляксееў, В.А.Мільман і інш.) з захаваннем аўтаномнай работы дыгітайзера і сканера.