усу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунуўшы, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; увапхнуць у што‑н. Усунуць шуфляду ў стол. Усунуць рэчы ў мяшок. □ Гадзіна выпрасталася, усунула галаву ў місу і пачала хлябтаць малако. Паўлаў. [Міколка] ўзяў сваю старую школьную торбачку.. Напакаваў яе, усунуў туды і стары абгрызены пенал, любімы сшытак. Лынькоў.

2. Уцягнуць у што‑н. Усунуць нітку ў іголку.

3. Уткнуць у што‑н. Севярын моцна зашчапіў кручок, усунуў у ручку дзвярэй лату і сеў ля стала, спінаю да нараў. Караткевіч.

4. Засунуць што‑н. у што‑н. Усунуць руку ў кішэнь. // Уставіць. Усунуць пяро ў ручку.

5. Прасунуць унутр чаго‑н. — Таварыш камандзір! — усунуў галаву ў дзверы разведчык. — Вас можна на хвілінку? Федасеенка.

6. Разм. Даць у рукі. — Бяры! І бяжы ў цэх... — неяк злосна прамовіў вахцёр, усунуўшы Асташонку ў рукі пропуск. Ваданосаў.

•••

Носа не ўсунуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Усунуць галаву ў пятлю — а) павесіцца; б) трапіць у цяжкае, небяспечнае становішча. Бег [Рыгор] назад, бясконца ўзрадаваны дабратой Тараса Тарасавіча. Бег і не ведаў, што сам усунуў галаву ў пятлю, канец ад якой у майго былога гаспадара. Асіпенка.

Усунуць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Усунуць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ткаць1 ’вырабляць тканіну’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Бяльк., Касп., Сержп. Прымхі, Федар. 4): ткаць ряшоты (Рам. 4); ткаць кросны перан. ’плесці павуціну’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тка́ці, тка́ты (тка́тэ) ’ткаць’ (Сл. Брэс.; кам., Сл. ПЗБ), ст.-бел. ткати (1598 г., КГС). Укр. тка́ти ’тс’, рус. ткать ’тс’, польск. tkać, н.-луж. tkaś ’вязаць’, в.-луж. tkać, палаб. tåkăt, чэш. tkát, славац. tkať, славен. tkáti, серб.-харв. тка̏ти, макед. ткае, балг. тъка́, дыял. тка́я ’тс’, ст.-слав. тъкати ’тс’. З прасл. *tъkati ’ткаць’, роднаснага да *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’ткнуць’, а таксама да лат. tukstêt ’стукаць’, taucêt ’таўчы ў ступе’, ст.-в.-ням. dūhen ’прыціскаць’, ст.-англ. ðýn, ðýan ’ціснуць, штурхаць’, ст.-ірл. tool ’парожні’, грэч. τύκος ’каменячосы молат’, τυκίζω ’абчосваю, чашу’ (Фасмер, 4, 64; Брукнер, 571; ЕСУМ, 5, 582). Трубачоў (Ремесл. терм., 117; Труды, 2, 44) сцвярджае другасны характар слова паводле словаўтварэння і семантыкі, параўн. ткаць2, гл. Фурлан (Бязлай, 4, 185) мяркуе пра зыходнае значэнне ’вязаць, шыць’, Борысь (633) — пра ’соваць, прасоўваць (ніткі праз аснову)’ і першасную форму *tъkti, суадносную з *tykati (гл. тыкаць), гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507. Акрамя таго, звязваюць (Махэк₂, 644) з грэч. τεύχω ’будую; вырабляю; раблю’, і.-е. *teu̯kh‑, а таксама (Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 477) з прасл. *tesati ’часаць’, і.-е. *tesk‑.

Ткаць2 ’соваць, піхаць’, перан. ’папіхаць, папракаць’ (Нас.), ’торкаць, саджаць’, ’даваць’ (Юрч. Фраз. 1): між дзвярэй пальцы не ткай (брасл., Рабк.), сюды ж тка́цца ’штурхацца’ (Нас.), ткану́ць ’уваткнуць’ (люб., Ск. нар. мовы), ткнуць ’пакласці, уторкнуць’ (ТСБМ, Касп., Барад.), ’тыкнуць, піхнуць, сунуць’ (Нас.), ’крануць’ (Ласт.), ткну́ті ’торкнуць, падаць рэзка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.). Параўн. укр. ткну́ти ’тыкнуць’, рус. ткнутъ ’тс’, польск. tkać ’соваць, упіхваць, утыкаць’, tknąć ’ударыць, штурхнуць, дакрануцца’, н.-луж. tkaś ’утыкаць, папіхаць’, чэш. tknout ’дакранацца’, славац. tkať ’тс’, серб.-харв. та̀кнути ’дакрануцца’, ст.-слав. тъкати ’кранаць, штурхаць, стукаць’, тъкнѫти ’крануць, штурхнуць, стукнуць’. Прасл. *tъkati ’кранаць, штурхаць, піхаць, соваць’, *tъknǫti ’дакрануцца, піхнуць, стукнуць; усунуць, увапхнуць’; этымалагічна звязанае з папярэднім словам, гл. тыкаць. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507–1508; Борысь, 633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)