ТЭРМА... (ад грэч. thermē цяпло, гарачыня), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: адносіны да цеплыні, тэмпературы (напр., тэрмадынаміка, тэрмарэгуляцыя); апрацоўку пры дапамозе тэмператур (напр., тэрмаантрацыт, тэрмакапіраванне); выкарыстанне цеплавой энергіі (напр., тэрматэрапія, тэрмаэлемент).
т. 16, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэрма...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) адносіны да цеплыні, тэмпературы. напрыклад: тэрмадынаміка; 2) апрацоўку пры дапамозе высокіх тэмператур, напрыклад: тэрмафасфат; 3) заснаваны на выкарыстанні цеплавой энергіі, напрыклад: тэрматэрапія.
[Ад грэч. thermē — цяпло, гарачыня.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць макраскапічных цел, якія ўзаемадзейнічаюць (абменьваюцца энергіяй і рэчывам) паміж сабой і з інш. целамі (навакольным асяроддзем). Бывае адкрытая (абменьваецца энергіяй і рэчывам з навакольным асяроддзем), закрытая (без абмену рэчывам), адыябатная (без цеплаабмену) і ізаляваная (без цеплаабмену і абмену рэчывам). Уласцівасці раўнаважных Т.с. вывучае тэрмадынаміка раўнаважных працэсаў, нераўнаважных — тэрмадынаміка нераўнаважных працэсаў.
Складаецца з вял. колькасці структурных адзінак (атамаў, малекул і інш.), што дае магчымасць кожную яе макраскапічную частку таксама лічыць Т.с. і характарызаваць макраскапічнымі параметрамі (шчыльнасцю, ціскам, канцэнтрацыяй, хім. саставам, аб’ёмам і інш.). Т.с. знаходзіцца ў раўнавазе (гл. Раўнавага тэрмадынамічная), калі яе параметры не мяняюцца з цягам часу і ў сістэме адсутнічаюць стацыянарныя патокі цеплаты, рэчыва і інш. Для раўнаважных Т.с. уводзіцца паняцце тэмпературы як параметра стану, і яна мае аднолькавае значэнне для ўсіх макраскапічных частак сістэмы. Лік незалежных параметраў стану роўны ліку ступеней свабоды, астатнія параметры звязаны з незалежнымі з дапамогай ураўнення стану. Т.с. можа быць фіз. аднароднай (гл. Гамагенная сістэма) і неаднароднай (гл. Гетэрагенная сістэма). У выніку фазавых і хім. пераўтварэнняў (гл. Фазавыя пераходы) гетэрагенная Т.с. можа стаць гамагеннай і наадварот.
У.Л.Драгун.
т. 16, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИНЖЕНЕ́РНО-ФИЗИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,
навукова-тэхнічны часопіс. Засн. ў 1958 у Мінску як усесаюзны штомесячны часопіс Дзярж. к-та СМ СССР па навуцы і тэхніцы і АН БССР. З 1992 часопіс Нац. АН Беларусі. Выдаецца Акадэмічным навук. комплексам «Інстытут цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава Нац. АН Беларусі». Асн. навук. кірункі: цеплафізіка, цепла- і масаабмен, тэорыі цеплаправоднасці і сушкі, тэрмадынаміка неабарачальных працэсаў, буд. цеплафізіка, структурна-мех. характарыстыкі дысперсных сістэм, рэафізіка, нізкатэмпературная плазма. У складзе рэдакцыйнага савета вучоныя Расіі, Украіны, Польшчы, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Канады, Індыі і інш. Часопіс перавыдаецца на англ. мове ў ЗША.
т. 7, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ХІМІ́ЧНАЯ,
тэрмадынамічная раўнавага ў сістэме, у якой адбываюцца толькі абарачальныя рэакцыі.
Макраскапічныя параметры стану сістэмы (т-ра, ціск, канцэнтрацыя рэчываў) пры Р.х. не залежаць ад часу. Устанаўліваецца, калі скорасці прамой і адваротнай рэакцый становяцца роўнымі (гл. Дзейных мас закон). Умова раўнавагі любой хім. рэакцыі паказваецца суадносінамі
(μi — хім. патэнцыял рэчываў, што ўдзельнічаюць у рэакцыі, νi — стэхіяметрычныя каэф. — дадатныя для зыходных рэчываў і адмоўныя для прадуктаў) і выводзіцца з любой умовы раўнавагі тэрмадынамічнай. Суадносіны паміж канцэнтрацыямі рэчываў у сістэме пры Р.х. вызначаюцца канстантай раўнавагі, якая залежыць ад прыроды рэчываў, што рэагуюць, і ад т-ры. Якасная залежнасць Р.х. ад знешніх умоў апісваецца Ле Шатэлье — Браўна прынцыпам. Гл. таксама Тэрмадынаміка хімічная.
т. 13, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
фізічны працэс, які можа самаадвольна працякаць толькі ў адным пэўным напрамку. У адрозненне ад абарачальных працэсаў Н.п. выключае магчымасць вяртання тэрмадынамічнай сістэмы ў зыходны стан без якіх-н. істотных змен у навакольным асяроддзі. Усе Н.п. з’яўляюцца нераўнаважнымі працэсамі і з мікраскапічнага пункту гледжання вывучаюцца ў фіз. кінетыцы; тэрмадынаміка ўстанаўлівае для іх толькі няроўнасці, якія паказваюць магчымы напрамак працякання працэсу (гл. Другі закон тэрмадынамікі).
Да Н.п. адносяць дыфузію, цеплаправоднасць, вязкае цячэнне, хім. рэакцыі, рэлаксацыйныя і інш. працэсы, дзе адбываецца накіраваны прасторавы перанос рэчыва, энергіі, імпульсу, зараду. У замкнутых сістэмах Н.п. заўсёды суправаджаюцца ўзрастаннем энтрапіі (крытэрый неабарачальнасці; гл. Больцмана прынцып). У адкрытых сістэмах пры Н.п. энтрапія можа заставацца пастаяннай ці змяншацца за кошт абмену з навакольным асяроддзем, аднак ва ўсіх выпадках вытв-сць энтрапіі (яе ўзрастанне ў адзінку часу за кошт Н.п.) застаецца дадатнай.
П.С.Габец.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕПЛАТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі па вытв-сці і выкарыстанні цеплавой энергіі ў тэхнал. працэсах, на транспарце, у побыце; навука, якая вывучае асн. заканамернасці пераўтварэння хім. энергіі паліва ў цеплату, мех. і эл. энергію. Тэарэт. асновы Ц. — тэрмадынаміка, тэорыя цеплаперадачы, тэорыя цеплаабменных апаратаў, турбін і інш.
Асн. крыніца атрымання цеплаты — паліва (цвёрдае — вугаль, торф, сланцы; вадкае — нафта; газ — прыродны і доменны). У працэсе гарэння ўдзельнічаюць паліва і акісляльнік. Прадукты згарання маюць высокую т-ру і з’яўляюцца энерганосьбітам, цяпло якога ідзе на розныя мэты. Важная крыніца цяпла — ядзерная энергія. Выкарыстоўваюць таксама сонечную энергію (гл. Геліятэхніка, Геліяўстаноўка) і глыбіннае цяпло Зямлі (гл. Геатэрмальная электрастанцыя). Адрозніваюць 2 асн. кірункі Ц.: цеплавыкарыстанне (спажыванне цяпла ў прамысл. печах, цеплаабменных апаратах, тэхнал. працэсах, побыце, гл. Цеплазабеспячэнне, Ацяпленне) і цеплаэнергетыка (выкарыстоўвае цяпло для атрымання інш. відаў энергіі, гл. Энергетыка). На Беларусі даследаванні ў галіне Ц. праводзяцца ў Інстытуце цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава, Бел. нац. тэхн. ун-це.
Літ.:
Телегин А.С., Швыдкий В.С., Ярошенко Ю.Г. Термодинамика и тепломассоперенос. М., 1980;
Теплотехника. 2 изд. М., 2000.
В.Р.Баштавой.
т. 17, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНЫЯ,
функцыя аб’ёму (V), ціску (p), тэмпературы (T), энтрапіі (S), колькасці часціц у сістэме (N) і інш. макраскапічных параметраў, што характарызуюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да П.т. адносяць унутраную энергію (U), энтальпію (H), энергію Гельмгольца (F; свабодная энергія, ізахорна-ізатэрмічны патэнцыял), энергію Гібса (G; ізабарна-ізатэрмічны патэнцыял) і інш.
Кожнаму П.т. адпавядае набор параметраў стану. Выбар П.т. для апісання сістэмы абумоўлены наборам незалежных параметраў, што вызначаюць стан сістэмы. Дыферэнцаваннем П.т. як функцыі незалежных параметраў можна вызначыць усе астатнія параметры, што характарызуюць сістэму. У найпрасцейшых выпадках П.т. з’яўляюцца функцыямі 2 незалежных параметраў: U = U(S, V), H = H(S, p) F = F(T, V), G = G(T, p). У больш агульным выглядзе П.т. залежыць ад колькасці часціц (у сістэмах з пераменнай колькасцю часціц уводзіцца хімічны патэнцыял), а таксама ад набору абагульненых каардынат (напр., калі сістэма знаходзіцца ў эл. ці магн. полі). П.т. звязаны паміж сабой суадносінамі: F = U − TS, H = U + pV, G = F + pV. П.т. карыстаюцца пераважна для апісання раўнавагі тэрмадынамічнай. Веданне якога-н. П.т. як функцыі поўнага набору параметраў дазваляе вызначыць усе тэрмадынамічныя характарыстыкі сістэмы і атрымаць ураўненне стану. Гл. таксама Тэрмадынаміка.
Л.А.Рот.
т. 12, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КЦЫІ ХІМІ́ЧНЫЯ,
працэсы ператварэння адных рэчываў (простых і хім. злучэнняў) у інш. рэчывы (прадукты рэакцыі). Суправаджаюцца разрывам хімічных сувязей у малекулах рэчываў, што ўступаюць у рэакцыю (зыходных рэчываў), і ўтварэннем новых сувязей у прадуктах рэакцыі. У адрозненне ад ядзерных рэакцый, якія прыводзяць да ўтварэння новых атамаў, пры Р.х. адбываецца толькі перабудова вонкавых электронных абалонак атамаў. Якасны і колькасны састаў зыходных рэчываў і прадуктаў Р.х. запісваецца пры дапамозе ўраўненняў хімічных. Магчымасць Р.х. і ступень (паўната) ператварэння рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць, пры розных умовах (т-ра, канцэнтрацыя ў газавай сумесі ці растворы, ціск) вывучае тэрмадынаміка хімічная, скорасць Р.х. і іх механізм — кінетыка хімічная.
Р.х. падзяляюцца на абарачальныя (гл. Абарачальныя рэакцыі) і неабарачальныя Паводле цеплавога эфекту адрозніваюць экзатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з вылучэннем цяпла (у гэтых рэакцыях энергія, неабходная для разрыву хім. сувязей у зыходных рэчывах, меншая за энергію, што вылучаецца пры ўтварэнні новых сувязей), і эндатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з паглынаннем цяпла. Многія тэрмадынамічна магчымыя Р.х. пры звычайных умовах ідуць з малой (практычна блізкай да нуля) скорасцю Для паскарэння такіх рэакцый выкарыстоўваюць каталізатары (гл. Каталіз). Механізм большасці Р.х. уключае некалькі (гл. Складаныя рэакцыі), а часам дзесяткі і сотні т.зв. элементарных стадый, якія прыводзяць да ўтварэння мала ўстойлівых прамежкавых прадуктаў — свабодных радыкалаў і атамаў, што прымаюць удзел у наступных элементарных стадыях (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Адбываюцца Р.х. за кошт цеплавога ўзбуджэння (пры награванні), пад уздзеяннем святла (гл. Фотахімічныя рэакцыі), іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйна-хімічныя рэакцыі), эл. току, ціску, у плазме (гл. Плазмахімія) і інш. Гл. таксама Акісленне-аднаўленне, Гарэнне, Полімерызацыя, Тапахімічныя рэакцыі.
Літ.:
Тоуб М. Механизмы неорганических реакций: Пер. с англ. М., 1975;
Сайкс П. Механизмы реакций в органической химии: Пер. с англ. 4 изд. М., 1991;
Жданов В.П. Скорость химической реакции. Новосибирск, 1986;
Шелинский Г.И. Основы теории химических процессов. М., 1989.
В.В.Свірыдаў.
т. 13, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае хім. з’явы і ўстанаўлівае іх заканамернасці на падставе агульных прынцыпаў і законаў фізікі. Асн. яе задачы: даследаванне заканамернасцей ходу хім. рэакцый у часе, законаў хім. раўнавагі і вызначэнне механізму працэсаў. Метады даследавання: спектраскапія, мас-спектраскапія, квантавая хімія, структурны аналіз, электронная, іонная мікраскапія, тэрмічны аналіз і інш.
Узнікла ў сярэдзіне 18 ст. Тэрмін «Ф.х.» ўвёў М.В.Ламаносаў («Уводзіны ў сапраўдную фізічную хімію»; 1752). Як самаст. навука сфарміравалася ў канцы 19 ст. Вывучае хім. тэрмадынаміку, паверхневыя з’явы, хім. кінетыку, каталіз і інш. Хім. тэрмадынаміка на аснове законаў тэрмадынамікі даследуе хім. раўнавагу і ўмовы яе парушэння пад уплывам знешніх фактараў. Асн. дасягненнем класічнай хім. тэрмадынамікі з’явілася прадказанне характару працякання хім. рэакцый у канкрэтных сістэмах. Магчымасці тэрмадынамічных метадаў пашырыліся ў выніку выкарыстання метадаў стат. фізікі і распрацоўкі прынцыпаў тэрмадынамічнага аналізу неабарачальных працэсаў. Пры вывучэнні паверхневых з’яў даследуюцца ўласцівасці паверхневых слаёў цвёрдых цел і вадкасцей, у хім. кінетыцы — механізмы і заканамернасці ходу хім. рэакцый у часе, у аб’ёме рэакцыйнай сумесі або на мяжы раздзелу фаз. Каталіз вывучае змены скорасці хім. рэакцый пад уплывам каталізатараў. Даследуюцца ферментны каталіз, працэсы з мембранным размежаваннем, хімія гетэрагенных сістэм, будова рэчыва — будова атамаў і малекул, а таксама агрэгатныя станы рэчываў, хім. растворы — іх прырода, структура і асн. ўласцівасці ў залежнасці ад канцэнтрацыі і хім. прыроды кампанентаў. Многія з прыкладных кірункаў Ф.х. сталі самаст. навукамі (напр. калоідная хімія, тэорыя металургічных працэсаў).
На Беларусі даследаванні па Ф.х. праводзяцца ў ін-тах Нац. АН: фізіка-арган. хіміі, агульнай і неарган. хіміі, фізікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, таксама БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-та і інш.
Літ.:
Эткинс П. Физическая химия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1980;
Стромберг А.Г., Семченко Д.П. Физическая химия. 2 изд. М., 1988;
Полторак О.М. Термодинамика в физической химии. М., 1991.
М.І.Міцкевіч, В.Н.Макатун.
т. 16, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)