ГУ́РКІ, Рамейкі-Гуркі,

ваенныя і дзярж. дзеячы ВКЛ і Расіі герба «Гурка». Родапачынальнікам лічыцца Гурка (Гурый) Аляксандравіч Рамейка, які ў 1539 быў намеснікам смаленскім. Яго нашчадкі жылі ў Віцебскім ваяв. Праўнук Гурыя Андрэй (н. каля 1600) у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 трапіў у палон і памёр у Маскве, яго лінія згасла ў 19 ст. Нашчадкі Іосіфа Гуркі (брата Андрэя) пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі ў рас. падданства. З іх найб. вядомыя:

Іосіф Аляксандравіч (1782—21.12.1857), ген.-лейтэнант, сенатар (1845).

Уладзімір Іосіфавіч (1795 — 24.1.1852), ген. ад інфантэрыі (1851). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813. У 1820-я г. на штабных пасадах. Планаваўся яго ўдзел у выступленні дзекабрыстаў у Маскве ў снеж. 1825 (быў пад следствам) У 1830-я г. на камандных і штабных пасадах. З 1845 нач. штаба Асобнага Каўказскага корпуса, з 1851 нач. усіх рэзервовых і запасных войск.

Іосіф Уладзіміравіч (28.7.1828, в. Бурнеўка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1901), сын Уладзіміра Іосіфавіча. Ваен. і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1894). Скончыў Пажаскі корпус (1846). Удзельнік Крымскай вайны 1853—56. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 на чале Перадавога атрада перайшоў Балканы і вызваліў частку паўд. Балгарыі, аднак быў вымушаны адысці, утрымліваў Шыпкінскі перавал. У вер.кастр. 1877 нач. кавалерыі Зах. атрада, завяршыў акружэнне Плеўны. У снеж. 1877 на чале 70-тыс. арміі зноў перайшоў Балканы, якія лічыліся недаступнымі зімой, уступіў у Сафію, разбіў турак пад Тышкісенам і Філіпопалем, заняў Адрыянопаль. Часовы ген.-губернатар Пецярбурга (1879—80) і Адэсы (1882—83). У 1883—94 ген.-губернатар Прывіслінскага краю і Варшавы і камандуючы Варшаўскай ваен. акругай. З 1886 чл. Дзярж. савета. З 1894 у адстаўцы.

Уладзімір Іосіфавіч (1863—1931), сын Іосіфа Уладзіміравіча. З 1902 у МУС, таварыш (намеснік) міністра. Пасля 1917 удзельнік белага руху на Пд Расіі, потым у эміграцыі.

Васіль Іосіфавіч (19.5.1864 — 11.11.1937), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген. ад кавалерыі (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1892). У час англа-бурскай вайны 1899—1902 ваен. агент пры арміі бураў. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 5-й арміяй Паўн. фронту, Асобай арміяй Паўд.-зах. фронту (з 1916). З ліст. 1916 да лют. 1917 в.а. нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага, у сак.—маі 1917 камандуючы Зах. фронтам. Зняты з пасады Часовым урадам за манархічныя погляды, высланы за мяжу. Аўтар успамінаў.

Дзмітрый Іосіфавіч (5.10.1872 — ?), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген.-маёр (1915). Скончыў Акадэмію Генштаба (1900). У 1-ю сусв. вайну камандзір гусарскага палка, нач. штаба корпуса, нач. дывізіі. Удзельнік белага руху на ПнЗ, потым у эміграцыі.

А.М.Нарбут.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ. А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі... Каваль. // Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне. Колас. Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік. Скурко.

2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі! Непачаловіч. Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам. Нікановіч. // Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе. Лупсякоў. Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі. Васілёнак.

3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Грахоўскі. // перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў. Бажко.

4. перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць? Кулакоўскі. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Краўчанка.

5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.

6. Зал. да хістаць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Атама́н ’выбарны начальнік у казацкіх войсках або паселішчах у дарэвалюцыйнай Расіі’, ’важак, завадатар’ (БРС), атама́н (Нас.). Рус. атама́н, дыял. (в)ата́ма́н, укр. атама́н, ота́ма́н. Магчыма, што ўкраінская форма з а‑ замацавана пад рускім уплывам, а польская ataman з рускай ці беларускай, а не з украінскай. Руская і ўкраінская мовы ведаюць значэнне слова ’рыбацкі, ’пастухоў стараста’. Ст.-рус. ватаманъ, вотамманъ, отоманъ ’чалавек, які працуе на судне’ з 1294 г., пазней — атаман начальнік казачай дружыны’ (XVII ст.); польск. (да XVI ст.) wataman ’аканом’. Ст.-бел. з 2‑й палавіны XV ст. оутамонъ, втамон, отаманы, атаманъ у знач. ’рыбацкі завадатар’ (1577), ’аканом’ (1497), ’чыноўнік па збору падаткаў, падпарадкаваны татарскім баскакам’ (XVI ст.). Ст.-укр. ватаманъ (1422) ’стараста’, з XVI ст. атаманъ са значэннямі, блізкімі да старабеларускай. Этымалогія слова высветлена не да канца. Ранейшыя прапановы ўзводзіць яго, як і польск. > укр. гетьман, з ням. Hauptmann < heubtmann (Міклашыч, 5; Бернекер, 1, 378; Гараеў, 7) запярэчваюцца ў сувязі з фанетычнымі цяжкасцямі. Не прымаецца таксама этымалогія Гараева, 438, з тур. (?) ата ’бацька’ + туман ’10 000 (войска)’ у сувязі з нерэальнасцю такога спалучэння ў турэцкай. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Т. Корзана, падтрыманая і абгрунтаваная Брукнерам, KZ, 48, 172, а потым больш дакладна Дзмітрыевым, Строй, 523: крым.-тат. отаман > одаман ’старшы пастух, пастухоў бацька’ (‑ман павелічальны суфікс), адкуль атаман, отаман (Брукнер, 8; Фасмер, 1, 95; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 36; Шанскі, 1, А, 169–170; Курс суч., 161). Гэта этымалогія, аднак, не тлумачыць ст.-рус. наўг. ватаманъ ’працуючы на суднах’ па гістарычных, геаграфічных, фанетычных прычынах, таму Фасмер выдзяляе ватаман у асобны артыкул, хаця і не тлумачыць яго; Саднік-Айцэтмюлер лічацца з магчымасцю старога цюркскага запазычання; Праабражэнскі (1, 9–10) спачувальна прыводзіць думку Сразнеўскага (1, 231) пра сувязь ватаманъ з ватага. Старое цюркскае запазычанне магчыма (параўн. чув. утаман побач з атаман, якое Ашмарын (2, 133) лічыў запазычаннем з рускай; параўн. Ягораў, 278). Нельга выключыць і ватаманъ ’працуючы на судне’ з германскага (параўн. с.-в.-ням. Waʒʒermann ’марак, лодачнік, шкіпер’, англ. waterman ’лодачнік, вясляр’ і г. д.). Ст.-польск., ст.-бел., ст.-укр. ватаман ’чыноўнік, аканом’ магло ўзнікнуць пад уплывам іншых слоў (параўн. ст.-польск. watman), напр. Amtmann. Гэта не выключае і кантамінацыі з одаман ’старшы пастух’ і з оттомантурак’. Сучасныя беларускія значэнні замацаваліся пад рускім уплывам. Пра цюркскае паходжанне слова гл. Дабрадомаў, РР, 1972, 5, 110–114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)