гіпалімніён
(ад гіпа- + гр. limnion = азярцо)
тоўшча вады ў глыбокіх вадаёмах, у межах якой тэмпература мала змяняецца на працягу года.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГАРАДО́К,
радовішча тугаплаўкіх глін на ўскраіне пас. Гарадок Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Пластавы паклад, утвораны стракатымі азёрнымі глінамі алігацэну і міяцэну. Разведаныя запасы каля 33 млн. м³. Карысная тоўшча 6—15 м, ускрыша 2,5—7,8 м. Гліны дысперсныя пластычныя і высокапластычныя, вогнетрывалыя. Прыдатныя на выраб каналізацыйных і дрэнажных труб і цэглы, як фармовачны матэрыял. Сыравінная база Рэчыцкага камбіната будматэрыялаў.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТАРЫ́НГСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,
буйнейшы ў Зах. Еўропе рудны раён на паграніччы Францыі, Германіі, Бельгіі і Люксембурга. Пл. басейна каля 1100 км². Асадкавага паходжання. Руданосная пясчана-карбанатная тоўшча юрскага ўзросту, магутнасць 10—60 м, рудных пластоў — 1—13 м. Руды дробнааалітавыя, з гётыту, жалезістых хларытаў і сідэрыту. Агульныя запасы руд 15 млрд. т, дзе жалеза 31—32%. Здабыча падземным спосабам. Цэнтр здабычы — г. Мец (Францыя).
т. 9, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.
У Добрушскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Леніна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі палеаген-неагену. Пяскі белыя, шэрыя, месцамі жаўтаватыя, пераважна дробна- і сярэднезярністыя, кварцавыя, месцамі гліністыя, з лінзамі буйназярністых пяскоў. Разведаныя запасы 36,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,3—16,3 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 0,2—9 м. Карысная тоўшча падсцілаецца алеўрытамі і тонказярністымі пяскамі. Пяскі прыдатныя як фармовачныя і на выраб шкла.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРТА́МБЕРЛЕНД-ДА́РЭМ (Northumberland—Durham),
вугальны басейн у Вялікабрытаніі (графствы Нартамберленд і Дарэм), на зах. узбярэжжы Паўночнага м. Пл. 2 тыс. км². Агульныя запасы каля 13,5 млрд. т. Распрацоўка з 13 ст. Вугляносная тоўшча карбону (магутнасць 3,4 тыс. м) складае пакатую сінкліналь, 14—15 рабочых пластоў магутнасцю 0,48—2,82 м, глыб. распрацоўкі 60—560 м. Вуглі каменныя, сярэдне- і нізкаметамарфізаваныя. Здабыча падземным спосабам, ч. шахтаў пад дном Паўночнага мора.
т. 11, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕНАСФЕ́РА (ад бія... + грэч. genos нараджэнне + сфера),
прыродны комплекс, які ўзнік у слоі ўзаемадзеяння і ўзаемапранікнення атмасферы, гідрасферы, літасферы. Сфарміраваўся пад уздзеяннем сонечнай энергіі і арган. жыцця. У біягенасферу ўключаюць 10—12 км тоўшчы атмасферы (над узроўнем акіяна), усю гідрасферу і 4—5 км слоя літасферы, агульная тоўшча біягенасферы да 30 км. Біягенасфера ўключае і ненаселеныя прасторы планеты (напр., ледавіковыя шчыты Антарктыды і Грэнландыі). Біягенасферу вывучае фіз. і эканам. геаграфія. Гл. таксама Біясфера.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДМАСКО́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН Складаецца з больш як 90 радовішчаў у Наўгародскай, Цвярской, Смаленскай, Калужскай, Тульскай і Разанскай абл. Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Вуглі выяўлены ў 1722, здабываюцца з 1855. Балансавыя запасы да глыб. 200 м — 4,1 млрд. т. Вугляносная тоўшча ніжняга карбону (магутнасць да 50 м) мае 4 прамысл. пласты (магутнасць 1,4—12 м) бурага вугалю (тэхн. група В-2). Цеплыня згарання на рабочае паліва 11,4 МДж/кг. Здабыча адкрытым і падземным спосабам.
т. 11, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),
адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж. рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб. стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.
т. 2, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ,
за 0,7 км на Пд—ПдЗ ад в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. — адзіны пункт на Беларусі, дзе крышт. фундамент выходзіць на паверхню. Паклад належыць да верхняга архею — ніжняга пратэразою і прымеркаваны да паўн. ч. Украінскага крышталічнага шчыта. Карысныя выкапні: дробна-, сярэдне-, і буйназярністыя граніты і гранадыярыты, біятытавыя і біятытава-плагіяклазавыя гнейсы. Разведаныя запасы 10.3 млн. м³, перспектыўныя 5,6 млн. м³. Ускрышныя пароды — пяскі, супескі, кара выветрывання і выветраныя крышт. пароды магутнасцю 1,4—9 м. Карысная тоўшча і ўскрышныя пароды абводненыя. Граніты, гранадыярыты і гнейсы прыдатныя на выраб друзу і як напаўняльнікі бетону. Радовішча распрацоўваецца друзавым з-дам (в. Глушкавічы).
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
неаге́н
(ад неа- + -ген)
другі перыяд кайназою ў геалагічнай гісторыі Зямлі, які пачаўся 25 млн. гадоў таму назад і цягнуўся больш за 23 млн.гадоў, а таксама тоўшча горных парод, што адклалася ў гэты перыяд.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)