ГЕРЭФО́РДСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Англіі (графства Херэфардшыр) ад мясц. жывёлы з выкарыстаннем блізкароднаснага спароўвання і працяглага адбору. Займае першае месца ў свеце па колькасці пагалоўя сярод мясных парод. Гадуюць у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, краінах СНГ і інш.: на Беларусі — у племсаўгасе «Беняконскі» Воранаўскага р-на.

Жывёла мае моцную канстытуцыю, гарманічны склад цела, добра вызначаныя мясныя формы. Масць чырвоная розных адценняў, галава, карак, падгрудак, ніжняя частка ног і хваста белая. Жывая маса нованароджаных бычкоў 32—34 кг, цялушак 28—32, дарослых быкоў 850—1000, кароў 500—600 кг. Мяса сакаўное, далікатэснае, мармуровае. Малочнасць кароў 1200—1600 кг, тлустасць малака 3,9—4%.

Карова герэфордскай пароды.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Fülle f -

1) бага́цце, даста́так;

in Hülle und ~ удо́сталь, уво́лю

2) паўната́, сы́тасць, тлу́стасць

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

АНГО́РСКАЯ ПАРО́ДА козаў,

старажытная воўнавая парода. Выведзена ў сярэднявеччы ў Турцыі, у правінцыі Ангора (Анкара). З 19 ст. гадуюць у ЗША, краінах Афрыкі і Аўстраліі, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, часткова ў Казахстане. Выкарыстоўваюць для паляпшэння грубашэрсных парод козаў. З яе ўдзелам выведзена савецкая воўнавая парода.

Жывая маса дарослых казлоў 50—55, матак 32—36 кг. Воўна 44—46-й якасці, Даўж. 25 см і больш, аднародная, паўтонкая, белая, з моцным люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 5—7 кг, з матак 2,2—4 кг. Выхад чыстай воўны 65—75%. З ангорскай воўны вырабляюць драпіраваныя тканіны, плюш, дываны, трыкат. вырабы; са шкур — футры. Удой за лактацыю 70—100 кг, тлустасць малака 4,2—4,4%. Пладавітасць 100—110%.

Каза ангорскай пароды.

т. 1, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,

парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб. пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.

Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сы́тасць ’стан паўнаты, задавальнення’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сыто́сць: у сытосць ’уволю, удосталь’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. сытость ’паўната, багацце’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. дыял. си́тощітлустасць’, рус. сытость ’насычэнне’, польск. sytość ’перанасычэнне’, чэш., славац. sytost, в.-луж. sytosć, славен. sítost, серб.-харв. си̏тост, балг. си́тост, ст.-слав. сытость ’паўната, насычэнне’. Абстрактны назоўнік ад сыты, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлушч ’масляністае рэчыва, сала’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ’тук (растопленае сала)’ (зах.-бел., ЛА, 4), тлуст ’тс’ (смарг., ЛА, 4), тлусць ’тс’ (Сцяшк.), клушч ’тс’ (Ласт.), сюды ж тлу́стасць ’сала, тук’ (Нас., Шпіл., Гарэц., Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ; стаўб., З нар. сл., ЛА, 4), тлу́шчосць ’тс’ (пін., ЛА, 4). Запазычана з польск. tłuszcz ’тс’, утворана ад tłusty (*tl̥st‑jь, гл. Борысь, 636), параўн. тоўшч ’таўшчыня, сытасць’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыць1 ’сытасць, насычэнне’, да сы́ці ’ўволю, удосталь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Юрч. Вытв., Федар. 4), сыць вам ’пажаданне тым, хто есць’ (Касп.), сыць Божа ’тс’ (ашм., Стан.), сыць ’укорм’ (Бяльк.), ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’пералічэнне’ (Пятк. 2), ’спажыва’ (віл., Сл. ПЗБ), сы́це ’тук’, ’сытасць, укормленасць’ (Нас.), сы́цце ’харчовае задавальненне, смачная і пажыўная ежа’ (Нік. Очерки), ’насычэнне; тлустасць’ (Нас.), ст.-бел. сыть ’ежа, харч’: оставила от сыти своеи (Альтбаўэр). Укр. ситьтлустасць; сытасць’, рус. сыть ’ежа, корм’, ’сытасць’, ст.-слав. сыть ’сытнасць’, до сыти ’дасыта, уволю’. Прасл. *sytь < *sytъ (гл. сыты), варыянт з чаргаваннем у аснове захаваўся ў славен. dósti ’даволі’, серб.-харв. dȍsti ’даволі, вельмі’, польск. dość ’дастаткова’, в.-луж., н.-луж. dosć ’тс’. Гл. досыць.

Сыць2 ’расліна Cyperus L.’, сыць ілжывая ’асака, Carex pseudo-cyperus’ (Кіс.). Параўн. укр. дыял. сить ’расліна Cyperus L.’, рус. сыть ’тс’. Няясна; звычайна не адрозніваюць ад сіт, сі́тнік (гл.), параўн. укр. сіть ’сітнік, чарот’ (ЕСУМ, 5, 247). Гл., аднак, укр. дыял. сить ’ражкі, Claviceps purpurea Tul.’, якая мае на Палессі іншыя назвы, у тым ліку спары́ш ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), што дазваляе, насуперак ЕСУМ (там жа), звязаць назву з сыты (гл. сыць1), г. зн. багаты; які дае павелічэнне, напаўненне і інш. Адносна апошняга гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жка, ра́шка, ря́шка ’цэбар’; ’драўляная нізкая пасудзіна, у якой замешваюць есці свінням’ (докш., в.-дзв., трак., вільн., рас., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’кубелец для сала’, ’вялікая міска, цэбар, у якім даюць есці свінням’ (Сцяшк. Сл., Бяльк.), ’банны посуд’ (Касп.), ’мерка для зерня, бульбы ў 1,5 пуда’ (ТС), ’начынне для памыяў’ (Бес.), ’цэбрык з адным вухам, перан. морда’ (ПСл), ’цэбар’, ’галава’ (Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.), ст.-бел. ряжка (1690 г.), ражка (1550 г.), сюды таксама ра́жа ’кубел’ (Мат. Гом.), рус. дыял. ря́жка, ря́шка ’памыйны посуд, таз’, ’банная шайка, вядзерца, чарпак’, ра́жка ’рагатка’, ’невялікая скаба, якая злучае клёпкі бочкі пры надзяванні абручоў’, ’падстаўка ў выглядзе рагаткі, стойкі’, ’карыта для кармлення свіней’, укр. ряжа, ряжка ’чан’. Сцяцко (Сцяц. Нар., 93–94) лічыць памяншальна-ласкальным утварэннем ад ра́га ’ражка’, зафіксаванага беларускімі слоўнікамі 20‑х гадоў XX ст., якое, у сваю чаргу, з’яўляецца лексіка-семантычным утварэннем ад ра́га ’струменьчык вады’: раг‑ьк‑а > ражка. Няпэўна, хутчэй наадварот. Некаторыя тлумачаць слова як утварэнне ад рад1 (гл.), параўн. абруд узводзячы яго да *ob‑rǫdъ (Праабражэнскі, 2, 241; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176; ЭССЯ, 29, 118). Фасмер (3, 537) лічыў такую этымалагізацыю недастаткова аргументаванай. Магчыма, мае сувязь з рэ́дкі, параўн. рус. ре́жа, ря́жа ’рыбалоўная сетка з рэдкім пляценнем’ (< *rědi̯a, гл. Фасмер, 3, 460), параўн. таксама ра́жанка (гл.). Значэнне ’шырокі твар, морда; вялікая галава’ хутчэй за ўсё, позняе запазычанне з рускай, параўн. ра́жесть ’прыгажосць’, ’паўната’, ’тлустасць’, ра́жий ’вялікі, буйны (пра рэчы, прадметы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

з’е́хаць, з’еду, з’едзеш з’едзе; зак.

1. Едучы, спусціцца адкуль‑н. З’ехаць з гары на санках. □ З гары аж да моста з’ехалі лёгка і нячутна. Пташнікаў. // Саслізнуць, ссунуцца ўніз. [Ірынка] ўжо некалькі разоў з’ехала па лесвічных парэнчах, і ўсё было добра. Арабей.

2. Едучы, павярнуць куды‑н. З’ехаць з дарогі. □ Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны.

3. Выехаць, паехаць адкуль‑н. (звычайна далёка або надоўга). Сама Галя ніяк не магла заснуць. Думала: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Сабаленка. [Мая] сабралася і пайшла да сваіх сябровак, але з палавіны дарогі вырашыла вярнуцца, забраць небагатыя рэчы і з’ехаць куды-небудзь. Дуброўскі.

4. Ссунуцца са свайго месца; збіцца, спаўзці. Шапка з’ехала на патыліцу. □ Белая хустка, завязаная пад барадой, з’ехала на шыю. Васілевіч. // Асунуцца, апусціцца ўніз. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі. Кірэенка. [Зося] хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з’ехала на зямлю. Чорны.

5. перан. Разм. Непрыкметна, паступова перайсці на другую тэму, тон і пад. (у гутарцы, пісьме і пад.). Але пан Богут з’ехаў з тону І ўжо гаворыць чуць мякчэй. Колас.

6. каго або каму. Груб. Моцна, з размаху ўдарыць. Лезе пан да Бандароўны, Ўвесь гарыць, бы ў жары: Тая, жартаў не пазнаўшы, З’ехала па твары. Купала.

7. Разм. Пахудзець. З’ехаць на шыла. З нар. // Спасці, знікнуць (пра тлустасць). Як цяжка папрацаваў, дык сала з яго і з’ехала.

•••

З глузду з’ехаць — страціць розум, развагу; адурэць, звар’яцець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тук1 ‘растоплены тлушч’ (Гарэц., Некр. і Байк., Варл., Шат., Касп., Жд. 1, 3, Бір.; бялын., Янк. Мат.; петрык., лун., Шатал.; мсцісл., драг., З нар. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘ператопленае авечае сала’ (Сцяшк.), ‘рыбін тлушч’ (Ласт.), ‘сыць; пажыўная якасць харчовага прадукта, але не тлушч’ (Некр. і Байк., Нік., Оч.), ‘плодная сіла зямлі’: колы й сахары … не можна чысціць або мыць, бо ат гною не будзе ў зямлі туку (Сержп. Прымхі), то̂к ‘растоплены тлушч’ (маз., ГЧ), ст.-бел. тукъ ‘тс’ (ГСБМ): тукъ земли ‘зямное багацце’ (Скарына, ГСБМ). Укр. тук, рус. тук, стараж.-рус. тукъ ‘тлушч, сала’, ц.-слав. тукъ ‘сала, цвёрды тлушч’; польск., н.-, в.-луж. tuk ‘тлушч’, польск. паўн.-зах., каш. tuk ‘касцявы мозг’, чэш., славац. tuk, харв. чак. ту̏к, ту̂к ‘тлушч’, балг. тук ‘сала, тлушч, навар’, макед. тук ‘растоплены свіны тлушч’, ‘сок з печанага мяса’, ‘кружкі тлушчу на паверхні варыва’, ст.-слав. тоукъ ‘тлушч’, ‘тлустасць, плоднасць, сакавітасць’. Прасл. *tukъ ‘жывёльны тлушч’ — суфіксальны дэрыват з чаргаваннем галосных ад *tyti (гл. тыць), роднасныя: літ. táukas ‘кавалак сала’, ‘жывот’, taukaĩ ‘тлушч, сала’ < tùkti ‘таўсцець’, лат. tàuks ‘тлусты’, ст.-прус. taukis ‘сала’ < і.-е. *touk‑o‑s; ст.-англ. þīoh, þēoh, ст.-в.-ням. diech ‘тук’ < þeuhos < і.-е. *teukos — узыходзяць да і.-е. асновы *tū‑ ‘набрыняць’, ‘разбухаць, набухаць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; Брукнер, 683; Скок, 3, 475; Борысь, 652–653; Буга, Rinkt., 2, 633; Каруліс, 2, 378; ESJSt, 17, 997; ЕСУМ, 5, 670). Сюды ж з абнаўленнем семантыкі суч. тук ‘мінеральнае ўгнаенне’ (ТСБМ).

Тук2 ‘дух’: од старого й тук неважны йдзе (ТС). Няясна; магчыма, да папярэдняга слова, якое набліжана да туск ‘пот, выпарэнне’. Параўн., аднак, серб. ту̏кнути ‘прыпахваць дрэнным пахам, смярдзець’, што, напэўна, адлюстроўвае варыянтнасць х/к у параўнанні з ту̏хнути ‘пратухаць, псавацца’; у беларускай мове, відаць, падобнае чаргаванне назіраецца пад уплывам балцкага субстрату, што дазваляе звязаць слова з тухлы, гл.

Тук3 — пра ціхі стук (мсцісл., Нар. лекс.). Як і стук (гл. стукаць) — гукапераймальнага паходжання, палаталізаваны варыянт цюк (гл.), параўн. чэш. ťuk, ťuky ‘стук-стук’. Аналагічна літ. táukšt ‘стук, грук’. Сюды таго ж паходжання дзеяслоў ту́каць ‘кляпаць касу’ (Касп.), ‘стукаць’ (Сцяшк.), ‘біцца (пра сэрца), стукаць, удараць’ (Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк.), параўн. серб. дыял. ту̏кнути ‘паціху стукнуць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; ЕСУМ, 5, 671), а таксама аддзеяслоўны назоўнік інтэнсіўнага дзеяння ту́кат ‘тупат’ (Адм., Сцяшк.), параўн. чэш. ťukot ‘стук, грук’ (Махэк₂, 660), і вытворны дзеяслоў тукаце́ць ‘стукаць’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)