Тата́рын ’прадстаўнік аднаго з народаў цюркскай моўнай групы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4), тата́р ’тс’ (ушац., Полымя, 2001, 3), тата́ры ’народ, асноўнае насельніцтва Татарстана, а таксама некаторыя іншыя народнасці цюркскай моўнай групы’, гіст. ’цюркскія, мангольскія і некаторыя іншыя плямёны Залатой Арды’ (ТСБМ), ’спецыяльныя вайсковыя фарміраванні ў ВКЛ (“казакі, а менавіта татары”)’ (Arche, 2008, 1–2, 89), ст.-бел. татаринъ, татарынъ ’татарын’ (1340 г., КГС), сюды ж татарчу́к ’татарскае дзіця’ (Некр. і Байк.), ’татарын’ (Сл. ПЗБ), татарва́ зборн. ’татары’ (там жа), тата́ршчына ’нашэсце татар’ (ТС), тата́рскі прым. (ТСБМ, Некр. і Байк.), тата́рсʼкі ’тс’ (Вруб.). Укр. тата́ри́н, та́та́р ’тс’, рус. тата́рин, польск. Tatar, Tatarzyn, чэш. Tatar, славац. Tatár, славен. Tatar, серб.-харв. Tàtar, макед. татар, балг. тата́рин, ц.-слав. татаринъ. Запазычанне з цюркскіх моў, дзе тат. татар ’татарын’, тур. Tatar ’тс’, манг. та́тар ’тс’, чув. тутар ’тс’, чагат. татар ’жыхары краіны, што на поўначы ад Кітая’, ст.-цюрк. tatar ’мангол’, магчыма, звязанае з манг. tatari, калм. tatṛ ’той, у каго іншамоўная вымова’ (Фасмер, 4, 27; Анікін, 539). Пачатковы кампанент цюркскага слова tat‑ першапачаткова значыў ’іранец’ (ЕСУМ, 5, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трысці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Сцяблінка трыснягу. Я ўспомніў, што татары ў часы паходаў перабіраліся цераз глыбокія рэчкі па дне з трысцінкай у зубах. Карпюк.

2. Тонкая палачка для апоры пры хадзьбе. У лагер палонных .. [Вейс] прыйшоў сам. Важны, святочна апрануты, надушаны адэкалонам і з трысцінкай у руцэ. Ракітны.

3. Тонкая пласцінка ў бёрдзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛО́ЕЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе Дняпра. Пабудаваны на месцы стараж. паселішча Лоева Гара мілаградскай культуры і гарадзішча 11—13 ст. Меў форму паўкруга дыяметрам каля 125 м, абведзенага земляным валам і ровам.

Замак неаднаразова разбуралі крымскія татары. Апісанне ўмацаванняў Л.з. не захавалася. На карце М.​Струбіча за 1578 пазначана высокая абарончая вежа. Верагодна, тут былі традыцыйныя драўляныя вежы і сцены-гародні. Умацаванні Л.з. існавалі да далучэння Усх. Беларусі да Рас. імперыі.

т. 9, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тата́рак ’бадзяк, пустазелле’ (Сцяшк.), сюды ж, магчыма, тата́рнік ’Garduus tomentasus’ (?) (“близ дорог”, Меер Крыч.). Укр. тата́рни́к ’чартапалох’, дыял. ’бадзяк палявы’, рус. тата́рин, тата́рник ’чартапалох; асот’. Ад тата́рын, тата́ры (гл.) з матывацыяй ’небяспечны’, ’шкодны’, ’непрыемны’, што адлюстроўвае калючасць раслін. У аснове намінацыі этнонім з пераносным значэннем ’не свой, чужы’, гл. Беразовіч, Язык и трад. культура, 409. Параўн. таксама ЕСУМ, 5, 527.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тата́рка ’зялёная цыбуля’ (беласт., Ніва, 1977, 3 крас.), татаркі́ ’пер’е цыбулі’ (кам., ЛА, 2). Укр. тата́рка ’цыбуля батун, Allium fistulosum L.’, дыял. татари́н ’тс’, рус. тата́рка ’тс’, польск. tatarka ’пер’е часнаку’. Ад этноніма тата́рын, тата́ры (гл.) з негатыўнай анатацыяй ’з рэзкім пахам’ на базе першаснага ’не свой, чужы’, гл. Беразовіч, Язык и трад. культура, 435; ЕСУМ, 5, 526; Брукнер, 567. Параўн. таксама татарак, татарнік, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КО́РСУНЬСКАЯ БІ́ТВА 1648.

Адбылася 15—16 мая каля г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі, Украіна) паміж укр. казакамі пад камандаваннем Б.Хмяльніцкага (15—17 тыс. казакоў і 4 тыс. крымскіх татар) і польск. войскамі пад камандаваннем гетманаў М.​Патоцкага і М.​Каліноўскага (20 тыс. чал.). Пасля паражэння польск. авангарда каля г. Жоўтыя Воды гал. сілы польск. войск занялі абарону пад Корсунем. 15 мая татары беспаспяхова атакавалі польск. абарончыя пазіцыі паміж Корсунем і Сцяблёвам. Хуткім і ўмелым манеўраваннем Хмяльніцкі прымусіў Патоцкага пакінуць пазіцыі і ісці праз лес, дзе яго чакаў у засадзе 6-тысячны атрад М.Крываноса. Польскія войскі былі акружаны і разгромлены.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мінарэт ’вежа мячэці’ (ТСБМ). У літар. бел. мову прыйшло з польск. minaret або з рус. минарет, якія (праз ням. Minarett ці франц. minaret) прыйшлі з тур. minare < араб. mināra ’мінарэт’, — першапачаткова manāra ’месца, дзе гарыць агонь або ёсць святло, маяк’ (Фасмер, 2, 623). Аднак ёсць тур. minaret ’месца на вежы, з якога муэдзін ззывае на малітву’. Відавочна, лексема магла б быць вядомай у бел. гаворках тых населеных пунктаў, дзе пражывалі бел. татары.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЛЬША́НІЦКАЯ БІ́ТВА 1527.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ і крымскіх татараў каля р. Альшаніца (прыток Дняпра), за 30 км на ПдУ ад Кіева 27 студз. Са снеж. 1526 татары шматлікімі набегамі на польскія, паўд.-бел. і літ. землі прычынялі вял. страты. 7 тыс. коннікаў ВКЛ на чале з вял. Гетманам К.​Астрожскім і палявым гетманам Я.​Радзівілам, а таксама войскі князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і інш. дагналі татараў (24 тыс. чал. на чале з царэвічам Малаем) на р. Альшаніца, разбілі іх і вызвалілі 80 тыс. палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць, Малай узяты ў палон, а потым забіты. Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў Сярэднім Паволжы ў 1438—1552. Вылучылася з Залатой Арды. Гал. горад — Казань. Дзярж. рэлігія — іслам. Насельніцтва — казанскія татары (асн. нашчадкі волжскіх балгар), мары, чувашы, удмурты, мардва, башкіры. Ядро К.х. складала тэрыторыя вакол Казані, населеная татарамі; інш. народы захоўвалі сваіх князёў і традыц. вераванні. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, у гарадах існавала развітое рамяство; значную ролю адыгрываў гандаль. У 1487—1521 К.х. — васал Масквы. З 1521 трапіла пад уплыў Крымскага і Астраханскага ханстваў і Нагайскай Арды, з 1524 — васал Турцыі. Войскі ханства з 1520-х г. узмацнілі рабаўнічыя набегі на рус. землі. Пасля Казанскіх паходаў 1545—52 К.х. спыніла існаванне, яго тэрыторыя далучана да Расіі.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛАМАЎЦКАЯ БІ́ТВА 1241,

бітва, што адбылася 24 чэрв. каля г. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары пад камандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)