Талабо́ніць ’балбатаць, несці лухту’ (нясвіж., Сл. ПЗБ), толоба́ніць, талебе́ніць ’гаварыць, балбатаць’ (ТС). Параўн. укр. талаба́нити ’плявузгаць, гаварыць, балбатаць’, рус. дыял. талабо́нить, талаба́нитъ ’балбатаць, тарабаніць’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад іншых імітатываў з пачатковымі тала‑ (тале‑, толе‑) і пад. З экспрэсіўным нарашчэннем ‑бон‑/‑бан‑ параўн. балабоніць, балабаніць, гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 506.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Патарыба́ніць ’бегчы’ (Інстр. III). Да прасл. terti (Куркіна, Этимология–1980, 24) > terati ’гнаць, бегчы’ (в.-луж. ćerić ’лавіць’, ст.-чэш. poteriti, vteriti ’неадступна ісці, бегчы за кім-н.’, славен. tėrjati), якое пазней набыло экспрэсіўныя суфіксы — патараніць (гл.), патарабаніць — магчыма, пад уплывам цюрк., параўн. тат. daraban ’барабану > тарабан ’тс’, тарабаніць: вяц. ’біць, барабаніць’, бел. ’моцна стукаць’, ’хутка несці нешта вялікае’, польск. potarabanić ’ісці з цяжкасцю’, усх.-чэш. tarabit ’несці з намаганнем’. Аб мене а > ы гл. Карскі, 1, 103.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарабі́чыць (тарабі́чыты) ’цягнуць, несці’ (пін., ЖНС). Параўн. рус. та́рабить ’цягнуць’, чэш. tarabit ’з цяжкасцю несці’, tarabit se ’з цяжкасцю ехаць (пра воз)’. Відаць, да гукапераймальнага *тараб (< *torb‑?), параўн. тарабкаць, гл. Параўноўваюць з тарабаніць (гл. Фасмер, 4, 20), укр. дыял. те́порити ’з цяжкасцю несці, цягнуць’ (Махэк₂, 636), апошняе сумніўна, гл. ЕСУМ, 5, 548. Прапанаваная для чэшскіх слоў рэканструкцыя *torbiti сустракае цяжкасці з фанетычнага боку (Варбат, Этимология–1973, 27), якія знімаюцца, калі прыняць гукапераймальную аснову слоў. Параўн. тарбічыцца, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тара́ніць 1 ’біць, удараць тараном або корпусам баявой машыны’ (ТСБМ), ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (Нас., Байк. і Некр.). Апошняе значэнне Насовіч (Нас., 633) звязваў з таран 2 (гл.), на якім грунтуецца і літаратурнае слова, магчыма, запазычанае з рус. тара́нить.
Тара́ніць 2 ’вешаць рыбу для сушкі’ (Ян.). Параўн. укр. дыял. тара́нити ’выбіраць рыбу з невада’. Адсубстантыўны дзеяслоў ад тара́н 1, гл.
Тара́ніць 3 ’несці’ (Юрч.), тара́ніцца жарт. ’ісці’ (Юрч. Вытв.). Відаць, пераноснае ўжыванне тараніць 1, якое суадносіцца з тарнаваць 2 ’малаціць перагорнутыя неразвязаныя снапы’ (гл.), або скарочанае з тарабаніць, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)