клеткі грыбоў і раслін, што служаць для размнажэння і рассялення. Узнікаюць шляхам мітозу (мітаспоры ў грыбоў і ніжэйшых раслін) ці меёзу (меяспоры ў вышэйшых раслін). Меяспоры бываюць аднолькавыя (у раўнаспоравых) або 2 тыпаў — мікра- і мегаспоры (у разнаспоравых). Паводле месца ўтварэння адрозніваюць эндаспоры, што фарміруюцца ў спарангіях, і экзаспоры, што ўтвараюцца на паверхні (напр., у некат. плесневых грыбоў). У ніжэйшых раслін, якія селяцца ў вадзе, С. маюць жгуцікі для перамяшчэння (напр., зааспоры ў водарасцей). У наземных раслін С. разносяцца ветрам і інш. агентамі, не маюць органаў руху, ахаваны ад высыхання цвёрдай клетачнай абалонкай. Памеры ад 3—5 да 25—50 мкм, маюць разнастайную форму. Тэрмін жыцця зааспор ад некалькіх мінут да 2—3 гадз, С. у абалонцы — ад 10 дзён да 3—5 гадоў, С. галаўнёвых грыбоў — да 25 гадоў. Марфал. і антагенет. асаблівасці С. — важная таксанамічная адзнака, якая выкарыстоўваецца ў спорава-пылковым аналізе. У паразітычных прасцейшых кл.спаравікоў С. — адна- ці мнагаклетачныя ўтварэнні, абкружаныя шчыльнай абалонкай. Служаць для распаўсюджвання і перажывання неспрыяльных умоў. У бактэрый С. — рэпрадуктыўныя клеткі, што знаходзяцца ў спакоі. Характарызуюцца паніжаным узроўнем метабалізму і асобнай ультраструктурнай арганізацыяй. Утвараюцца ў канцы жыццёвага цыкла. Асн. функцыя — рэпрадукцыя і (або) захаванне бактэрый у неспрыяльных умовах навакольнага асяроддзя. Устойлівыя да высокіх т-р, радыяцыі, высушвання, уздзеяння растваральнікаў і інш. неспрыяльных фактараў, што выклікаюць гібель вегетатыўных клетак. У пажыўным асяроддзі С. прарастаюць і даюць пачатак новым вегетатыўным бактэрыяльным клеткам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТЫ.
На тэр. Беларусі 1,7 млн.га балот, захаваных у натуральным стане. У склад тарфянога фонду ўключаны 2481,5 тыс.га балот, якія маюць прамысловую глыбіню тарфянога пакладу; частка іх асушана, распрацоўваецца ці выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Запасы торфу складаюць 5,2 млрд.т. Да пачатку асушэння і здабычы торфу на тэр. Беларусі было 9192 балоты памерам больш за 1 га з агульнай плошчай 2939 тыс.га (14,2% тэр. краіны) і геалагічнымі запасамі торфу 30,4 млрд.м³ (5,7 млрд.т).
Балоты на тэр. краіны размеркаваны нераўнамерна. Найменш забалочаныя рэгіёны Беларускай, Балтыйскай і інш. град, левабярэжная частка басейна р. Дняпро. Найбольш забалочанай часткай тэрыторыі Беларусі з’яўляецца Палеская нізіна, асабліва яе цэнтр. частка — Прыпяцкае Палессе. Комплекс некліматычных фактараў (плоскі рэльеф, нязначныя перавышэнні водападзелаў над мясцовымі базісамі эрозіі, значныя тоўшчы водапранікальных пясчаных парод і інш.) забяспечыў тут высокае стаянне грунтавых вод, што нават і пры недахопе атмасферных ападкаў у вегетацыйны перыяд вяло да пашырэння балотаўтваральных працэсаў. Да забалочаных належаць таксама Нарачана-Вілейская, Верхнебярэзінская, Чашніцкая, Полацкая нізіны.
Найбольшыя плошчы балот у Брэсцкай і Мінскай абл. У Брагінскім р-не балоты займаюць 37,5% тэр. раёна, у Любанскім — 39,1%, Пінскім — 41,3%. Найменш забалочаныя Нараўлянскі — 9%, Навагрудскі — 1,8% і Ваўкавыскі —1,2% раёны.
Найбольш буйныя балоты на Беларусі: Паддубічы ў Столінскім р-не (48 тыс.га), Выганашчанскае ў Івацэвіцкім, Ганцавіцкім і Ляхавіцкім р-нах (43 тыс.га), Вялікі Лес у Кобрынскім і Драгічынскім р-нах (40 тыс.га), Грычын у Салігорскім і Лунінецкім р-нах (32,9 тыс.га), Аброўскае ў Бярозаўскім і Івацэвіцкім р-нах (32,1 тыс.га), Хольча ў Лунінецкім р-не (25,6 тыс.га), Ельня ў Міёрскім р-не (20,2 тыс.га). Найб. глыбіня тарфянога пакладу (10,5 м) выяўлена на балоце Арэхаўскі Мох Пухавіцкага р-на.
Паводле прыродных умоў, асаблівасцей фарміравання і развіцця балот, запасаў торфу на Беларусі вылучаюць 5 тарфяна-балотных абласцей.
Вобласць вярховых балот на ўзгорыста-азёрных ландшафтах з вялікай колькасцю азёр. Тарфяныя паклады падасланы азёрнымі адкладамі. Плошча тарфянікаў 10,6%, сярэдняя глыбіня трафяных пакладаў 2 м. Нізінны тып торфу складае 54,5%, пераходны — 7,3%, вярховы — 38,2%.
Вобласць нізінных балот заходніх канцова-марэнных ландшафтаў з малой колькасцю азёр. Плошча тарфянікаў 7,7%, сярэдняя глыбіня тарфяных пакладаў 1,96 м. Запасы нізіннага торфу — 94,3%, пераходнага — 3,7%, вярховага — 2%.
Вобласць буйных вярховых і нізінных балот спадзіста хвалістай абляцыйнай раўніны. Пераважаюць згладжаныя формы рэльефу. Плошча тарфянікаў 15,6%, сярэдняя глыбіня тарфяных пакладаў 1,93 м. Нізінны торф — 70,3%, пераходны — 6,2%, вярховы — 23,5%.
Вобласць невялікіх вярховых і нізінных балот ва ўмовах пашырэння лёсападобных парод. Рэльеф згладжаны, азёр няшмат. Плошча тарфянікаў 5,5%, сярэдняя глыбіня тарфяных пакладаў 1,59 м. Нізінны торф складае 85,5%, пераходны — 3,6%, вярховы — 10,9%.
Вобласць буйных нізінных балот Палесся. Раўнінны рэльеф з перавагай пяскоў і супескаў у покрыўных адкладах. Плошча тарфянікаў 18,3%, сярэдняя глыбіня тарфяных пакладаў 1,55 м. Нізінны торф складае 86,4%, пераходны — 7,3%, вярховы — 6,3%.
Паводле ўмоў водна-мінеральнага жыўлення вылучаюць тыпы балот: нізінны (эўтрофны), пераходны (мезатрофны) і вярховы (алігатрофны). Балоты нізіннага тыпу фарміруюцца ва ўмовах багатага жыўлення (60—400 мг/л мінеральных солей) грунтавымі ці рачнымі водамі і атмасфернымі ападкамі. Балоты пераходнага тыпу фарміруюцца ва ўмовах змешанага жыўлення (40—80 мг/л мінеральных солей) атмасфернымі, паверхнева-сцёкавымі і часткова грунтавымі водамі. Балоты вярховага тыпу фарміруюцца ва ўмовах жыўлення галоўным чынам атмасфернымі ападкамі; змяшчаюць менш за 50 мг/л мінеральных солей.
Паводле складу расліннага покрыва і ўвільгатнення кораненаселенага слоя кожны тып балот мае падтыпы: лясны (вільготнасць 84—89%), леса-багністы (вільготнасць 89—91%), багністы (вільготнасць 91—94%). Падтыпы балот уключаюць групы: лясны падтып — дрэвавую групу, леса-багністы — дрэвава-травяную і дрэвава-мохавую, багністы — травяную, травяніста-мохавую і мохавую. Найменшая таксанамічная адзінка класіфікацыі балотнай расліннасці — фітацэноз. На Беларусі вылучаюць каля 40 відаў балотных фітацэнозаў.
Расліннасць балот мае багаты фларыстычны склад, які ўключае 267 кветкавых і вышэйшых споравых раслін, у т. л. 37 відаў дрэвавых і куставых парод, 167 — траў, 31 від сфагнавых і 32 — зялёных імхоў. Больш за 50 відаў каштоўных лек. раслін. Больш за 200 балот (318 тыс.га) уключана ў склад запаведнікаў і заказнікаў.
Літ.:
Пидопличко Л.П. Торфяные месторождения Белорусской ССР. Мн., 1961;
Бамбалов Н.Н., Дубовец А.Г., Беленький С.Г. Болотообразовательные процессы на территории Белоруссии // Проблемы Полесья. 1990. Вып. 13;
Болота Беларуси: генезис, современное состояние и роль в сохранении биоразнообразия // Природопользование. Мн., 2000.
М.М.Бамбалаў.
Табліца Размеркаванне плошчаў балот і тарфяных радовішчаў па фондах
Фонды
Плошча, тыс.га
Прыродаахоўны
317,2
Зямельны
1085,1
Распрацоўваемы
101
Запасны
30,8
Неразмеркаваныя балоты і радовішчы
793,8
Выпрацаваныя радовішчы,
209,5
Балоты і радовішчы, якія не ўключаны ў тарфяны фонд
523,8
Усяго
2939
Тыповае вярховае балота ў леса-балотным комплексе «Галубіцкая пушча».