ДЖУГДЖУ́Р,
горы ўздоўж паўн.-зах. ўзбярэжжа Ахоцкага м., у Хабараўскім краі Расіі. Выцягнуты дугой на 700 км. Пераважаюць выш. 800—1200 м, найвыш. 1906 м (г. Топка). Складзены з магматычных, часткова асадкавых парод. Пашырана шматгадовая мерзлата. Клімат умерана халодны, мусонны, з суровай зімой. На зах. схіле светлахвойная горная тайга з перавагай даурскай лістоўніцы, на ўсх. — ахоцкая горная тайга з аянскай елкі. Зубчастыя гальцы заняты кедравым сланікам і горнай тундрай.
т. 6, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЮ́ЙСКАЕ ПЛАТО́,
на У Сярэднесібірскага пласкагор’я, у бас. верхняга цячэння р. Вілюй, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. каля 400 км. Выш. да 962 м. Складзена з трапаў. Па схілах — рэдкастойная лістоўнічная тайга, на плоскіх вяршынях — тундра.
т. 4, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГА́РСКІ КРАЖ,
у Расійскай Федэрацыі, на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я, пераважна ў бас. р. Ангара. Даўж. каля 800 км. Выш. да 1022 м. Складаецца з паралельных градаў з выраўнаванымі міжрэччамі. На ПнУ — лістоўнічная тайга, на ПдЗ — хваёвыя лясы з масівамі піхтава-кедравай тайгі.
т. 1, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРГУЗІ́НСКІ ХРЫБЕ́Т,
у Забайкаллі, у Бураціі, уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа воз. Байкал. Даўж. 280 км, выш. да 2840 м. Складзены з гранітаў і крышт. сланцаў. На зах. схіле хваёва-лістоўнічная і цемнахвойная тайга, на ўсх. — лістоўнічныя лясы. Мінер. крыніцы. У межах Баргузінскага хрыбта Баргузінскі запаведнік.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ШСКАЕ ПЛАТО́,
у горнай сістэме Зах. Саянаў, на Пд Сібіры. Выш. да 3129 м (г. Бай-Тайга). Складзена пераважна з метамарфізаваных алеўралітаў, сланцаў, пясчанікаў і кангламератаў. Расчлянёна глыбокімі рачнымі далінамі са стромкімі скалістымі схіламі. На міжрэччах камяністыя стэпы; асобныя гальцовыя вяршыні; на схілах лістоўнічна-кедравыя лясы.
т. 1, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет па паўн.-зах. узбярэжжы воз. Байкал, у Расійскай Федэрацыі. Даўж. 300 км, выш. да 2572 м (г. Чэрскага). Складзены з крышт. сланцаў, кварцытаў, вапнякоў, гранітаў. Пераважае высакагорны рэльеф. На зах. схілах (да выш. 1400 м) цемнахвойная тайга, на ўсходніх лістоўнічныя лясы, вышэй горныя тундры і камяністыя россыпы.
т. 2, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́ЦКІ ХРЫБЕ́Т,
у Забайкаллі, у Бураціі, на У ад Баргузінскага хрыбта. Даўж. больш за 200 км, выш. да 2551 м. Складзены пераважна з гранітаў і крышт. сланцаў. Тыповыя плоскія вяршыні. На ніжняй ч. схілаў (да 900 м) горны лесастэп, вышэй — лістоўнічная тайга, якая змяняецца зараснікамі кедравага сланіку і горнай тундрай.
т. 7, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬХО́Н,
востраў у паўн.-зах. частцы воз. Байкал, у Расійскай Федэрацыі. Ад берага аддзелены пралівамі Малое Мора і Альхонскія Вароты. Пл. каля 730 км². Выш. да 1276 м. Складзены з гнейсаў, мармураў, гранітаў і кварцытаў. На Пн в-ва лісцевая тайга, на Пд — стэп. Характэрны паўн.-зах. вятры вял. сілы (сарма). На Альхоне — пас. Хужыр.
т. 1, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎНТ МАК-КІ́НЛІ (Mount McKinley),
Дэналі, нацыянальны парк у ЗША, на Алясцы, у раёне гары Мак-Кінлі. Засн. ў 1917. Пл. каля 785 тыс. га. Тундравыя згуртаванні, тайга з каштоўнымі пародамі дрэў (дугласія, тсуга і інш.). Звычайныя амер. лось, паўн. алень, баран Дала, воўк, мядзведзь (грызлі). Каля 130 відаў птушак. Біясферны рэзерват.
т. 10, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ХІНГА́Н,
горы на ПнУ Кітая і У Манголіі. Працягласць з ПдЗ на ПнУ каля 1200 км. Выш. да 1949 м. Складзены з гранітаў, ліпарытаў, андэзітаў. Вяршыні плоскія, схілы спадзістыя. На Пн светлахвойная тайга, участкі шматгадовай мерзлаты, больш на Пд — участкі шыракалістых лясоў, лесастэп, стэп. Рэзерват Дахінганлін (Кітай). Важны прыродны рубеж, умоўная мяжа паміж Цэнтр. і Усх. Азіяй.
т. 4, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)