хры́плы, ‑ая, ‑ае.

1. Які перарываецца хрыпеннем; сіплы. Хрыплы смех. □ Раскатамі грымеў, скаланаючы паветра, нізкі хрыплы бас старога аленя, зліваючыся ў адзін хор з высокімі і звонкімі галасамі маладзейшых. В. Вольскі. Нечакана я пачуў недалёка ад сябе хрыплы, старэчы кашаль і павольна-ціхае мармытанне. Нікановіч.

2. Нячысты, няясны, з хрыпамі (пра гукі). Хрыплы сігнал пачуўся бліжэй. Шамякін.

3. Які ўтварае сіплыя, нячыстага тону гукі. Крумкае хрыплы крук. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрып, ‑у, м.

1. Сіплы гук, які чуецца пры цяжкім дыханні, здаўленай гаворцы. Ляснік закрычаў з усяе сілы тым грозным басам, які ўрэшце пераходзіў у піск і хрып. Бядуля. [Шурка] ўвесь час просіць піць, але голас таксама нібы высыхае і вырываецца з гарачага горла слабым хрыпам. Мехаў. // Хрыплае гучанне чаго‑н. Толькі старыя ходзікі на сцяне, абыякавыя да ўсяго на свеце, з якімсьці прыкрым хрыпам адлічвалі секунду за секундай. Шашкоў.

2. звычайна мн. (хры́пы, ‑аў). Шумы ў лёгкіх пры некаторых захворваннях. Абвостраным слыхам.. [доктар] улоўлівае прастудныя хрыпы ў грудзях. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; пр. прабраў, ‑брала; заг. прабяры; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказаць моцнае ўздзеянне (пра холад, мароз). Пад раніцу нас прабраў холад. Пянкрат. / у безас. ужыв. Я рушыў да вогнішча. — Прабрала ж цябе, — ажыў Мікола: у яго быў сіплы голас. Чыгрынаў. // перан. Ахапіць, авалодаць. Цяпер толькі [апамяталася] дзяўчына, што нарабіла, і сполах дурны прабраў яе. Нікановіч.

2. Разм. перан. Зрабіць суровую вымову за што‑н., вылаяць. Прабралі адстаючых, потым гаварылі аб лепшых. Шынклер. Вольга Усцінаўна глядзела на мужа са страхам: яе абразіла зяцева бестактоўнасць, але прабраць яго не адважылася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)