верхаўё, ‑я, н., зб.

Разм. Верхняя частка спілаванага і ачышчанага ад галля дрэва. [Буднік:] — Дзялянка вялікая, хаця б да вясны ўправіліся паваліць. А падборка верхаўя, сучча, ламачча мала зойме? Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спакваля́, прысл.

Разм. Паступова, патроху; марудна, павольна. Ноч спакваля ахінала зямлю. Асіпенка. Сучча трашчала, языкасты Касцёр займаўся спакваля. Лойка. Асобныя лісты, пачырванеўшы, абрываюцца і спакваля падаюць на дарогу. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прут, -а, М пру́це, мн. пруты́, -о́ў, м.

1. Тонкая палка без сучча.

Асінавы п.

2. Тонкі металічны стрыжань, кавалак дроту.

Жалезны п.

|| памянш. пруто́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. і пру́цік, -а, мн. -і, -аў, м.

|| прым. прутко́вы, -ая, -ае (да 2 знач.) і пруцяны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Прутковы каркас.

Пруцяная агароджа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сушня́к, ‑у. м., зб.

Разм. Сухастой; сухое сучча, галлё. Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў. Лячу па лесе, як лось. Трашчыць сушняк, шчыміць пад ударамі голля твар. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ігрушшо́ ’сухое грушавае галлё’ (ушац., Нар. лексіка, 7). Утварэнне ад ігруша (гл.) з суф. ‑j‑o (са значэннем сукупнасці), які ў выніку асіміляцыі дае падаўжэнне ‑ш‑, як колля, сучча, елле і г. д. Сцяцко, Афікс. наз., 204.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,

зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бервяно́, а́; мн. бярвёны, ‑аў (з ліч. 2, 3, 4 бервяны́); н.

Круглы, тоўсты, ачышчаны ад галін і сучча ствол вялікага дрэва. Лявон Здрок меў такую сілу, што падымаў за камель і клаў на перадок воза самае тоўстае бервяно. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

амаладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць маладзейшым. // Увесці моладзь у склад чаго‑н. Амаладзіць праўленне.

2. Узмацняючы дзейнасць залоз унутранай сакрэцыі, вярнуць арганізму ўжо страчаныя адзнакі маладосці. // Абрэзаць сучча і голле старога дрэва для ўзмацнення росту маладых парасткаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жага́ры ’трэскі’ (Сцяшк. МГ), ’тонкія сухія галінкі’ (Зданюкевіч, Лапатаўшчызна), жагу́ры, жагя́ры ’тонкае сучча, лом; трэскі’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. żagary. З літ. žãgaras ’галлё, ламачча’, лат. žagari ’тс’ (< літ.). Цыхун, Лекс. балтызмы, 52; Фрэнкель, 1284; Лаўчутэ, Сл. балт., 45 (дзе іншая літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.

Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш. Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.

І.​І.​Леановіч.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)