ГІГРАТО́ПЫ (ад гігра... + грэч. topos месца),

месцы росту (экатопы), якія адрозніваюцца ўмовамі ўвільгатнення субстрату. Вылучаюць 6 асн. ступеней (груп) вільготнасці: 0 — вельмі сухія, 1 — сухія, 2 — свежыя, 3 — вільготныя, 4 — сырыя, 5 — мокрыя. Для выяўлення гігратопаў выкарыстоўваюцца расліны-індыкатары вільготнасці, якія падзяляюцца на ксерафіты (групы 0; 1), мезафіты (2; 3), гіграфіты (4; 5). Зрэдку дадаткова вылучаюць інш. групы.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРО́ВЫЯ ГРО́ШЫ,

грашовыя знакі, якім дзяржава надае ролю і сілу афіцыйных грошай. Па сутнасці з’яўляюцца дэкрэтнымі (умоўнымі) грашамі, бо іх сапраўдны кошт, які вымяраецца затратамі на выраб папяровых знакаў ці банкнот, значна ніжэйшы за паказаны на знаках наміналаў. Выкарыстоўваюцца з-за іх таннасці і зручнасці карыстання. Друкуюцца на спец. паперы, маюць некалькі ступеней аховы ад падробкі.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАСКЛА́Д, паліном,

алгебраічная сума канечнай колькасці адначленаў. Ступенню М. наз. найб. са ступеней адначленаў, якія ўваходзяць у яго. Любы М. адной пераменнай можа мець выгляд a0x​n+a1x​n-1+...+an=a0(x-x1)(x-x2)...(x-xn), дзе x1, x2, ..., xn — карані дадзенага М. Складанне, адыманне і множанне М. падпарадкоўваюцца камутатыўнаму (гл. Камутатыўнасць), спалучальнаму (гл. Асацыятыўнасць) і размеркавальнаму (гл. Дыстрыбутыўнасць) законам.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНАЯ СТУПЕ́НЬ, ступень ракеты,

частка шматступеньчатай ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным этапе актыўнага ўчастка траекторыі. Складаецца з ракетнага рухавіка, паліўнага адсека з запасам паліва, органаў і апаратуры кіравання, сістэмы раздзялення ступеней і інш. Пасля расходавання паліва і спынення работы рухавіка Р.с. аддзяляецца ад наступных ступеняў, якія працягваюць палёт. Апошняя Р.с. нясе карысны груз (галаўную частку, касм. апарат і інш.).

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канцэнтры́зм

(ад канцэнтры)

паўтаральнасць вучэбнага матэрыялу праграм ніжэйшай ступені навучання ў праграмах наступных яго ступеней.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Жмур ’бурбалка’ (КСТ). Укр. жму́ри мн. л. ’зыб, бурбалкі’. Даль фіксуе жмуркі ’вочы’, паколькі вочы могуць вызначацца рознымі назвамі круглых выпуклых прадметаў (вульг. шары, банькі; глаза < круглыя каменьчыкі), магчыма, і тут зварот: жмуры ’вочы’ (якія жмурацца) > ’бурбалкі’. Іншы ход: жмурыць > ’моршчыць’ — ’зыб’. Абодва тлумачэнні патрабуюць выяснення прамежкавых ступеней.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГІДРАМЕХАНІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

камбінаваная перадача, якая складаецца з гідратрансфарматара (гл. Гідрадынамічная перадача) і мех. ступеньчатай каробкі перадач. Забяспечвае аўтам. бесступеньчатую змену і рэверсіраванне круцільнага моманту, зніжае дынамічныя нагрузкі ў трансмісіі, павышае яе даўгавечнасць і інш. Выкарыстоўваецца ў прыводах трансп. і тэхнал. машын. У аўтам. гідрамеханічных перадачах аўтамабіляў звычайна ўжываюць комплексныя, полімерычныя (блакіруюць гідратрансфарматар), вальныя або планетарныя каробкі перадач з пераключэннем ступеней фрыкцыёнамі і стужачнымі тармазамі.

В.​А.​Сяргеенка.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЧО́НЫ САВЕ́Т 1) традыцыйная назва савета па прысуджэнні вучоных ступеней і прысвойванні вучоных званняў у ВНУ і н.-д. установах шэрагу краін, у т. л. на Беларусі (гл. таксама Вышэйшы атэстацыйны камітэт).

2) Дарадчы орган у ВНУ (пры рэктару, дэкане) і н.-д. установах (пры дырэктару) для каардынацыі розных кірункаў метадалагічнай, навуч. і навук. работы, павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, падрыхтоўкі і выдання вучэбна-метадычнай л-ры; прадстаўляе выкладчыкаў і навук. супрацоўнікаў да прысуджэння вучоных званняў і г.д.

т. 4, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ СЕ́ТКА,

сістэма газаправодаў для транспартавання гаручых газаў і размеркавання іх паміж спажыўцамі; асн. элемент сістэмы газазабеспячэння. Бываюць размеркавальныя, міжпасялковыя і ўнутрыдамавыя; у залежнасці ад колькасці ступеней ціску — адна- (у невялікіх населеных пунктах), двух- (у сярэдніх гарадах), трох- і чатырохступеньчатыя (у вял. гарадах). Гарадскія газавыя сеткі — звычайна кальцавыя (замкнутыя), што забяспечвае бесперабойнасць падачы газу пры адключэнні асобных участкаў. Геагр. становішча Беларусі абумовіла пракладку праз яе тэр. буйных магістральных газаправодаў і, як вынік, паскораную газіфікацыю яе гаспадаркі і высокую шчыльнасць газавых сетак.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА (грэч. gamma) у музыцы, 1) літара грэч. алфавіта, якой у сярэднія вякі абазначалі самы нізкі гук — соль вял. актавы.

2) Паступенная ўзыходная і сыходная паслядоўнасць усіх ступеней гукарада (у межах адной ці больш актаў) пэўнай гукавой сістэмы (12-ступеннай — храматычная гама, 7-ступеннай — дыятанічная, 5-ступеннай — пентатонная) ці ладу (гама мажорная, мінорная і інш.). Выкананне розных гам — сродак развіцця тэхнікі ігры на муз. інструментах і вакальнай тэхнікі.

Дыятанічныя гамы: 1 — мажорная; 2 — мінорная; 3 — мінорная гарманічная; 4 — мінорная меладычная.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)