сястра́, -ы́, мн. сёстры і (з ліч. 2, 3, 4) сястры́, сясцёр, ж.

1. Кожная з дачок у адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў.

Родная с.

Дваюрадная (стрыечная) с.

2. Асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе.

Медыцынская с.

Хірургічная с.

3. Манашка.

Малочная сястра — дачка мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама выкармленая дзяўчынка ў адносінах да дзяцей мамкі.

Міласэрная сястра — медыцынская сястра, якая дапамагае хворым, раненым.

Сястра-гаспадыня — асоба, якая загадвае гаспадаркай, бялізнай, інвентаром і інш. у лячэбных і дзіцячых установах.

|| памянш. сястры́ца, -ы, мн. -ы, -ры́ц, ж. (да 1 і 2 знач.) і сястры́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. сястры́н, сестрына́, сестрыно́ (да 1 знач.) і сястры́нскі, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хнастрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус. сестра́, стараж.-рус. сестра, польск. siostra, в.-луж. sotra, н.-луж. sotša, палаб. sestră, чэш., славац. sestra, серб.-харв. сѐстра, славен. séstra, балг. сестра́, макед. сестра, ст.-слав. сестра. Прасл. *sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ. sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус. swestro, ст.-інд. svásar‑, гоц. swistar, лац. soror, ст.-ірл. siur, тахар. A ṣar ’тс’ < і.-е. *su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е. *su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е. *sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр. ásrk, грэч. έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм. str < і.-е. *sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)