ГАСТРАФІЛЁЗЫ,

інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, пры якой пашкоджваецца стрававальны шлях. Выклікаецца лічынкамі аваднёў з роду Gastrophilus. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца ў коней. Развіваюцца авадні па тыпе поўнага ператварэння, на працягу года маюць адну генерацыю.

Жывёлы заражаюцца летам, пераважна на пашы. У яйцах, якія самкі аваднёў адкладваюць у поўсць жывёл, фарміруюцца лічынкі і пранікаюць у слізістую рота, дзе растуць і ліняюць, пасля чаго прымацоўваюцца ў страўнікава-кішачным тракце і паразітуюць 8—9 месяцаў. У хворых жывёл парушаецца страваванне, зніжаецца ўкормленасць і працаздольнасць; пры значнай інвазіі жывёла гіне.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

трыпсі́н

(ад гр. tripsis = расціранне)

стрававальны фермент чалавека і жывёл, які змяшчаецца ў соку падстраўнікавай залозы і ўдзельнічае ў расшчапленні бялкоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ТЭРМАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад тэрма... + рэцэптары),

нервовыя канцы, што ўспрымаюць змены т-ры навакольнага асяроддзя і перадаюць інфармацыю ў цэнтр тэрмарэгуляцыі. Выяўлены ў беспазваночных і пазваночных жывёл. У гамаятэрмных жывёл і чалавека Т. размешчаны па паверхні цела (скура, падскурныя сасуды) і ва ўнутр. органах (верхнія дыхальныя шляхі, стрававальны тракт). Цэнтр. тэрмасенсары знаходзяцца ў розных аддзелах мозга (пераважна ў гіпаталамусе, рэтыкулярнай фармацыі, спінным мозгу). Змена т-ры навакольнага асяроддзя ўспрымаецца як змена актыўнасці Т. розных тыпаў (механахаладовых, халадовых, цеплавых), а тэмпературныя адчуванні ўзнікаюць у выніку інтэграцыі ў ц. н. с. іх імпульсаў.

В.​М.​Гурын.

т. 16, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІТАХАРЫ́Я (ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),

распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш. раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАХО́ДКІ (Tardigrada),

тып беспазваночных жывёл. Вядомы з мелавога перыяду. 2 атр., каля 300 відаў. Жывуць у прэсных вадаёмах, вільготных глебах, імхах і інш. На Беларусі найб. адзначаецца Ц. вялікая (Macrobiotus hufelandi).

Даўж. 0,1—1,2 мм. У будове спалучаюць рысы кольчатых чарвей і членістаногіх. Галава не адасоблена, 4 пары нячленістых шышкападобных ног з 2—9 кіпцюркамі на канцы. Рухаюцца павольна (адсюль назва). Покрыва з кутыкулай. Маюць 2 простыя вочкі. Ротавыя органы — пара вострых штылетаў. Стрававальны тракт — прамая трубка ўздоўж цела. Дыхаюць праз скуру. Раздзельнаполыя. Развіццё прамое, з лінькамі. Кормяцца сокамі водарасцей, імхоў, дробных жывёл. Наземныя Ц. здольныя да анабіёзу.

С.​Л.​Максімава.

Ціхаходка вялікая.

т. 17, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ ЖЫВЁЛ,

хваробы, якія выклікаюцца мікраарганізмамі і вірусамі. эвалюцыйна прыстасаванымі да паразітавання ў арганізме жывёлы. Характарызуюцца наяўнасцю спецыфічнага ўзбуджальніка, цыклічнасцю развіцця, здольнасцю перадавацца ад захварэлай жывёлы здаровай і пры адпаведных умовах выклікаць эпізаотыі і панзаотыі. Наносяць эканам. страты сельскай гаспадарцы. Узбуджальнікі І.х.ж. пранікаюць у арганізм праз органы дыхання, стрававальны тракт, слізістыя абалонкі, скуру і інш. Хваробы падзяляюць на агульныя для некалькіх відаў жывёл (сібірская язва, туберкулёз, яшчур і інш.) і ўласцівыя асобным відам (напр., брадзот авечак, інфекцыйная анемія коней, лейкоз птушак, мыт коней, чума свіней і інш.). Некаторыя І.х.ж. перадаюцца чалавеку (бруцэлёз, сап, сібірская язва, туберкулёз і інш.). Пры падазрэнні на інфекц. хваробу жывёл ізалююць і аказваюць лячэбную дапамогу.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІКАМІКО́ЗЫ,

інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца ніжэйшымі грыбамі фікаміцэтамі. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі найб. хварэюць буйн. раг. жывёла, свінні, авечкі, коні, птушкі і інш. Адрозніваюць вісцэральны (сістэмны) і падскурны Ф.

Споры грыба пранікаюць у арганізм жывёл праз стрававальны тракт, дыхальныя шляхі і пашкоджаную скуру. Вісцэральны Ф. характарызуецца развіццём гранулём у лімфатычных вузлах, печані, лёгкіх і нырках, таксама язваў у страўніку і кішэчніку. Падскурны Ф. характарызуецца лакалізаваным хранічным запаленнем скуры і слізістых абалонак з разрастаннем тканак. Сустракаецца пераважна ў коней. Адрозніваюць 2 тыпы гэтай хваробы: гіфамікоз (з пашкоджаннем скуры ног) і гранулематоз (з пашкоджаннем скуры і слізістых абалонак насавых адтулін, насавых хадоў і губ). Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 16, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААФА́ГІ [ад заа... + ...фаг(і)],

жывёлы і расліны, кормам для якіх з’яўляюцца інш. жывёлы. Да З. належаць таксама жывёлы, што кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (гл. Канібалізм), і паразіты жывёл. Спосаб жыцця З. залежыць ад віду ежы, спосабаў яе здабычы, морфафізіял. і эталагічнай адаптацыі. У актыўных драпежнікаў ёсць органы захопу, умярцвення здабычы, вельмі развіты органы руху і пачуццяў. Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў (арганізмы, якія кормяцца раслінамі). Іх наз. драпежнікамі, хоць у некат. выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць (напр., лешч з’яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць). З раслін да З. належаць насякомаедныя расліны (напр., расянка круглалістая, тлушчанка звычайная), з жывёл — ваўкі, лісы, ястрабы, краты і інш. Гл. таксама Некрафагі, Капрафагія, Эўрыфагія, Драпежнікі, Драпежныя звяры, Сокалападобныя.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

digestive

[daɪˈdʒestɪv]

1.

adj.

1) стравава́льны

2) які́ дапамага́е стравава́ньню

2.

n.

сро́дак, лек, які́ дапамага́е стравава́ньню

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)