Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання

(канфесіі),

а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.

Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.​Брамантэ, Мікеланджала, Дж. дэла Порта, Дж.​Віньёла, К.​Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).

На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст. Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст. асн. маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).

С.​А.​Сергачоў, Т.​В.​Габрусь.

Да арт. Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.
Да арт. Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).
Да арт. Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Адзё́р1 ’прыстасаванне, на якім сушаць віку, гарох і г. д.’ (Інстр. II), адзʼор ’від вулея, які ставяць на дрэве’ (Блін., Мяц., Анох.), odzior ’памост, на якім ставяць вулкі-калоды’ (Маш., Сержп.), ozʼor ’памост пад вулеем на дрэве, пад якім тырчаць вострыя спіцы, каб мядзведзь не ўзлез’ (КСТ), одра (КСТ) «адзёр‑вулей — ад стараславянскага одръ — памост, насілкі для нябожчыка, адсюль і палаткі, памосткі для вулляў, а пасля вулей» (Блінава, Мат. конф. МГПИ, 10), рус. одёр ’памост, насілкі для нябожчыка, памосткі для вулляў, памост, каркас воза’, ст.-чэш. odr ’ложа’, чэш. odrстоўп, каркас’, odry ’тычкі для вінаграду, будкі для лоўлі птушак’, славац. vôdor ’памост у гумне’, польск. odra ’памост пад вулеем’, балг. одр ’ложа, аканіца’, серб.-харв. о̀дар ’ложа, насціл’, славен. oder ’памост, адрына’. Існуе шмат этымалагічных версій (найбольш поўны агляд гл. Махэк, Slavia, 18, 1–2). Ільінскі, ЖМНП, 1904, апрель, 382: odrъ < o‑drъ ’прастор, акружаны дрэвам’, інакш Сабалеўскі, ЖМНП, 1904, Март. 180; Брандт, РФВ, 23, 1, 95: odrъ < dьrati; Бэцэнбергер, БВ, 27, 174; Уленбек, РВВ, 26, 295; Мерынгер, IF, 18, 256, звязвалі odrъ з ст.-ісл. jaðar ’верхняя бэлька ў плоце’, ст.-англ. eodor ’загон’ і іншымі германскімі паралелямі; Шэфталовіц (IF, 33, 141) параўноўвае odrъ з ст.-інд. ádgaḥ ’сцябло’, літ. uodegà ’тс’; Махэк (там жа, 85): odrъ < vodrъ < vedro, vędnǫti вянуць, сохнуць’ (odrъ — прыстасаванне для сушкі); Вайян (RÉS, 24, 187) выказвае сумненні наконт этымалогіі Махэка і прапануе параўнанне odrъ і лат. adît ’плесці’ (odrъ назва агароджы, параўн. плот). Ва ўсіх пералічаных этымалогіях этымон не звязваецца са значэннем, якое захавалася ў беларускіх словах (Усх. Палессе). Між тым літ. dravìs ’борць’, drevė̃ дупло’, лат. drava, dreve ’тс’, ст.-прус. drawine ’вулей’ несумненна звязаны з прасл. dervo ’дрэва’. Гэты факт, відаць, сведчыць у карысць этымалогіі Ільінскага з мадыфікацыяй Фасмера, 3, 123, які прасл. odrъ выводзіць з o‑drъ ’насціл вакол дрэва’.

Адзё́р2 (назва хваробы) (БРС, Янк. I, Шат., Сцяшк. МГ) «адзёр — хвароба (скура хворага робіцца чырвонай, як абдзёртая)» (Блінава, Мат. конф. МГПИ) да дзерці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАДАГАСКА́Р (малагасійскае Madagasikara, фр. Madagascar),

Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar), дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс. км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс. км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г. Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.

Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °Cліп.) да 27—33 °Cстудз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш. Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн. груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. г. Антананарыву — 1053 тыс. чал. (1997). Больш за 100 тыс. ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.

Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр. ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.​Дыяш (1500) і Ф.​Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыянампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн. Дэмакр рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.​Цырананам.

У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.​Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх. рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.​Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.

Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.

На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн. галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн. галоў, свіней — 1,4 млн. галоў. Птушкагадоўля.

Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс. т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-ды нафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш. Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн. дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мадагаскара.
Да арт. Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.
Да арт. Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.

т. 9, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калодзеж1 ’вузкая, глыбокая яма, звычайна ўмацаваная ад абвалаў зрубам, трубамі для здабывання вады з ваданосных слаёў зямлі’, ’студня з калаўротам або асверам для чэрпання пітной вады’ (БРС, ТСБМ; рэч., Маш.; Нас.), калодзезь ’тс’ (БРС, ТСБМ, Бір., Шушк., Яруш.), калодзейзь ’тс’ (ДАБМ), калодзезь ’тс’ (Касп., Сержп., Сцяшк.), калодзец ’тс’ (Нік., Оч.?; лаг., тур., Яшк.), калодзёдзь ’тс’ (жытк., Яшк.), калодзіж ’тс’ (Бяльк.; сак., Федар.; Шат.; гор., Яруш.), калодзісь ’тс’ (Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяц.), калодзядзь ’тс’ (малар., Нар. лекс.), колодзяж ’тс’ (Маш.), калодзясь ’тс’ (чырв., ваўк., Бір. Працы ІМ, 6, Сцяшк.), далей, магчыма, колодзезь ’крыніца’, параўн. у Радчанкі, 111: «A в лузе, в лузе, красна калина, Под тою калинкою колодезь тече», таксама калодзеж ’крыніца на ўзвышшы ў выглядзе азярыны з мноствам пульсуючых струменяў, паверхня вады ў якой мае блакітны колер’, ’вельмі глыбокае прыроднае возера з цёмнай паверхняй вады’ (слаўг., Яшк.), ’невялікая мінеральная крыніца на высокім месцы’ (жытк., Яшк.), сюды ж і празрысты перанос колодзязь ’зруб хаты’ (жытк., Нар. сл.), калодзезь, калодзясь, колодэзь ’студня’ (Сл. паўн.-зах.), калодзісь ’укладка дроў квадратнай формы’ (кар.); калодзезь і колодзедзь ’студня’ і ’зруб’ (ТС). Аб размеркаванні лексем гл. яшчэ ДАБМ, к. 241, а таксама Камент., 806–807, дзе агляд канкрэтных форм. Укр. колодзязь ’студня’, бойк. колодʼац ’крыніца’, рус. колодец ’студня’, алан. колодез, курск. колодезь, смал., кур., разан., тамб. колодесь, калодезь ’зліццё многіх крыніц у адзін ручай, які ўпадае ў раку’, сарат., тульск., вяц., паўдн.-уральск. колодец ’крыніца’, арханг. колодцы ’крыніцы, якія зліваюцца разам і даюць пачатак рацэ’, арханг., маск., ’незарослы травой правал у балоце’, разан. ’зруб’. Дакладны адпаведнік таксама ст.-слав. кладѧзь, у слоўніках звычайна прыводзяць серб.-харв. кла̏денац ’калодзеж’ і ’крыніца’, макед. кладенец, балг. кладенец ’крыніца, студня’ а таксама славен. kladénec. Апошняе, паводле Безлая, 2, 35, новакніжнае з серб.-харв., а форма kladez, якая таксама згадваецца ў некаторых слоўніках, узнікла пад уплывам ст.-слав. лексемы. У серб.-харв. адзначана яшчэ форма хладенац ’студня’, а ў балг. гладенец і гладнец. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць слова ў заходніх славян (і фактычна ў славенцаў), што хутчэй за ўсё сведчыць аб даўняй дыялектнай асаблівасці (яшчэ праславянскага перыяду). Гэта назва студні ў слав. мовах аналізавалася ў шматлікай літаратуры. Гіпотэза аб запазычанні слова з герм. моў (з гоцкай) падтрымлівалася і падтрымліваецца шэрагам этымолагаў. Аргументацыя пабудавана галоўным чынам на словаўтваральным крытэрыі (суфікс у прасл. koldęzъ не з’яўляецца тыповым) і пашыранай у герм. мове і іншых мадэлі, паводле якой суадносяцца семемы ’калодзеж’ і ’холад’. Параўн. агляд літ-ры ў Фасмера, 2, 293. Аднак і «германская» крыніца не з’яўляецца бездакорнай. Так, Кіпарскі (Gemeinslav. 38) адзначаў, што ў германскай мове не знойдзена ніякіх слядоў мяркуемай праформы *kaldingaz, kaldingiz, параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 65–68. Па сутнасці, рэальныя факты (дац. kilde ’крыніца’ і нек. інш.) хутчэй з’яўляюцца магчымымі семантычнымі адпаведнікамі, а не словаўтваральнымі. Словаўтваральную варыятыўнасць слова (параўн. нашы прыклады) нельга вытлумачыць, зыходзячы толькі з адзначанай герм. праформы. Славянская этымалогія будуецца на празрыстай сувязі з kolda ’бервяно і да т. п.’ Пры гэтым, напрыклад, Буга (1, 582) спасылаецца на такую семантычную паралель, як літ. šulinỹs ’студня з жураўлём’ пры šùlasстоўп і да т. п.’ Аб сувязі з kolda меркавалі таксама Брукнер (ZfslPh, 6, 65), Кіпарскі (ВЯ, 1956, 5, 134 і ў іншых працах), Скок (2, 87). Разам з тым нельга не адзначыць, што ў любым выпадку неабходна лічыцца з існаваннем іншай семантычнай мадэлі для назвы студні. Тут і верагодныя герм. назвы з семантыкай «холаду», літ. šaltìnis ’крыніца’ пры šàltas ’халодны’, магчыма, серб.-харв. хладенац (паводле Скока, 2, 87), балг. студенец, польск. studnia, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studně, славац. studňa. Адносна апошніх можна дабавіць яшчэ і рус. студенец, укр. студениця. Ёсць усе падставы лічыць іх, па-першае, праславянскімі, а па-другое, больш даўнімі ў параўнанні з koldęzь.

Калодзеж2, калодзеш ’ямачка каля пупавіны, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (рас., Шатал.). Рус. дыял. колодези ’ямка над рэбрамі, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (у Бурнашова без геаграфіі), паўдн.-урал. колодцы ’малочныя пратокі ў вымі каровы’: «Как‑то выбирают её по колодцам. Как палец‑то лезет в этот колодец, то молоко хорошее» (СРНГ, 14, 156). Фармальная сувязь з калодзеж1 і матывацыя назвы празрыстая. Што датычыць геаграфічнага і храналагічнага статусу лексемы, вызначыць яго не вельмі лёгка. Нельга выключыць таго, што адзначаныя факты — толькі рэшткі ўсх.-слав. (а магчыма, паводле геаграфіі рускага?) даўняга ўяўлення і адпаведнай лексемы. Іншы варыянт — лакальная інавацыя, пры гэтым, улічваючы відавочную розніцу ў словаўтварэнні і семантыку прыведзеных лексем, нельга выключыць і такую думку, што гэта наогул незалежныя ўтварэнні, прычым як на базе калодзеж ’студня’ (параўн. асабліва калодзеж у тэхнічных значэннях), так і на базе ’яма з вадой, паглыбленне і да т. п.’ Параўн. рус. дыял. колодезь, колодесь ’ямка для масла ў кашы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)