МІЖНАРО́ДНЫ ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
найвышэйшая форма грамадскага тэр. падзелу працы; спецыялізацыя асобных краін па вытв-сці пэўных відаў прадукцыі, якімі яны абменьваюцца. Неабходнасць абмену вынікамі вытв-сці абумовіла ўзнікненне міжнароднага гандлю. Да машыннай стадыі М.п.п. грунтаваўся на прыроднай аснове — розніцах у прыродна-кліматычных умовах краіны, геагр. становішчы, рэсурсах і энергіі; эканам. адносіны краін былі сканцэнтраваны пераважна на абмене прадуктамі, што не вырабляліся ў сваёй краіне. З усталяваннем буйной машыннай індустрыі дыферэнцыяцыя вытв-сці паглыбілася, пачаліся міжнац. спецыялізацыя і кааперацыя, таварны абмен паміж краінамі. Паступова М.п.п. ахапіў усе структурныя элементы грамадскага падзелу працы, а абмен, што ажыццяўляўся на міжнар. узроўні, і сам паспрыяў паглыбленню падзелу працы паміж буйнымі сферамі эканомікі, узмацніў прадметную, тэхнал. і падэтальную спецыялізацыю. Сучасны этап сусветна-гасп. сувязей характарызуецца ўсё большым нарастаннем залежнасці, абумоўленай пераводам вытв-сці ў развітых эканам. сістэмах на новую тэхнал. базу. Новы якасны стан вытв. сіл стымуляваў інтэрнацыяналізацыю ўзнаўленчых працэсаў, якая праяўляецца ў 2 асн. формах: інтэграцыі і транснацыяналізацыі (стварэнне міжнац. вытв. комплексаў). Гл. таксама Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Знешнеэканамічныя сувязі, Падзел працы.
т. 10, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВОНАБЯРЭ́ЖСКІ АГРА́РНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1921 у пас. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. як с.-г. тэхнікум. З 2002 сучасная назва. Спецыяльнасці (2002/03 навуч. г.): землеўпарадкаванне; аграномія; аграхімія, насенняводства і ахова раслін; рамонтна-абслуговая вытв-сць у сельскай гаспадарцы (спецыялізацыя — тэхн. эксплуатацыя трактароў, аўтамабіляў і самаходных с.-г. машын); кіраванне ў АПК. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 17, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прафесіяналіза́цыя, ‑і, ж.
Авалоданне прафесіяй, спецыялізацыя ў якой‑н. галіне. // Пераход у разрад прафесіяналаў. Ганарару беларускія часопісы не плацілі, і аб прафесіяналізацыі не маглі марыць нават найздальнейшыя; паліцэйскі здзек над асобай пісьменніка безупынна рос. У. Калеснік. Скамарошніцтва ў Беларусі развівалася шляхам прафесіяналізацыі найбольш таленавітых арганізатараў народных гульняў. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АМПЛУА́ (франц. emploi літар. выкарыстанне),
своеасаблівая спецыялізацыя акцёра на выкананні роляў, якія найб. адпавядаюць яго вонкавым сцэн. даным, характару, таленту. Амплуа мужчынскія; герой, комік, прастак, палюбоўнік, рэзанёр, фат; жаночыя: гераіня, камічная старая, гранд-дама, інжэню, субрэтка, травесці і інш. У сучасным т-ры падзелу на амплуа фармальна не існуе, сцвярджаецца шырокі творчы дыяпазон акцёра. Найб. устойлівае амплуа — травесці (актрыса на ролі хлопчыкаў, дзяўчынак, падлеткаў) захоўваецца ў т-ры для дзяцей.
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДЗІЯ,
клімата-бальнеагразевы курорт на ўзбярэжжы Чорнага м., у межах г. Адэса. Засн. ў 1921. Клімат тыповы для прыморскай стэпавай зоны, спрыяльны для паветраных і сонечных ваннаў, начнога сну на беразе мора, аэраіонатэрапіі. Дадатковыя лек. фактары — ліманная гразь, марскія купанні з чэрвеня да жніўня, штучныя мінер. ванны на аснове марской вады. Пераважная спецыялізацыя санаторных устаноў (больш за 20) — лячэнне органаў дыхання, нерв., сардэчна-сасудзістых і гінекалагічных хвароб. Пансіянаты, дамы адпачынку, турбазы, паркі.
т. 1, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
субардынату́ра
(ад суб- + ардынатура)
пачатковая спецыялізацыя студэнтаў медыцынскіх інстытутаў, у час якой яны выконваюць абавязкі ўрача-ардынатара лячэбнай установы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
працэс развіцця эканам. сувязей паміж нац. гаспадаркамі, калі эканоміка адной краіны выступае часткаю сусветнага вытв. працэсу. Развіваецца на аснове міжнар. падзелу працы, вытв. і навук.-тэхн. спецыялізацыі і кааперацыі. І.в. ўзнікла з пераходам да машыннай вытв-сці. На першых этапах развівалася пераважна як міжгаліновая міжнар. спецыялізацыя, потым пачалі з’яўляцца розныя формы ўнутрыгаліновай спецыялізацыі. Сучаснае развіццё выяўляецца ва ўтварэнні міжнар. эканам. арг-цый у сферы вытв-сці, транспарту, сувязі, міжнар. гандлю і фінансаў (гл. таксама Вываз капіталу, Інтэрнацыяналізацыя).
т. 7, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРО́ІДЫ,
клас біялагічна важных прыродных злучэнняў, у аснове структуры якіх ляжыць шкілет насычанага вуглевадароду цыклапентанпергідрафенантрэна. Пашыраны ў прыродзе. Асн. кірунак біяхім. эвалюцыі С. — іх спецыялізацыя ў якасці біял. рэгулятараў. Падзяляюць на стэрыны, вітаміны групы D, жоўцевыя кіслоты і спірты, стэроідныя алкалоіды (напр., галарымін), стэроідныя сапаніны (напр., дыгітанін), стэроідныя гармоны (андрагены, кортыкастэроіды, эстрагены), сардэчныя гліказіды (напр., страфанцін).
Здольнасць да біясінтэзу С. найб. выяўлена ў вышэйшых пазваночных. Насякомыя атрымліваюць С. з кормам (не выпрацоўваюць). Палавое размнажэнне некат. ніжэйшых грыбоў індуцыруецца таксама С. Прыгнечванне біясінтэзу С. парушае цвіценне вышэйшых раслін. С вылучаюць са спіннога мозга і жоўці буйн. раг, жывёлы, шчолачнага гідралізату дражджэй, адходаў цэлюлозна-папяровай прам-сці. Выкарыстоўваюць гал. чынам у медыцыне (лек. сродкі, гармоны і інш.).
т. 15, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. in не + адаптацыя), інадаптыўная спецыялізацыя,
кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.А.Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.
т. 7, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
1) сукупнасць форм і метадаў крэдытавання ў рамках адной краіны (гл. Крэдыт).
2) Агульная назва крэдытных устаноў краіны. К.с. акумуліруе свабодныя грашовыя капіталы і выдае пазыкі прадпрыемствам (фірмам, кампаніям), ураду прыватным асобам, накіроўвае грашовыя сродкі з адных сектараў эканомікі ў іншыя, стварае інвестыцыйны клімат у краіне і вызначае правілы ў крэдытна-грашовым абарачэнні. Сучасная К.с. прамыслова развітых краін сфарміравалася пад уплывам такіх фактараў, як спецыялізацыя крэдытна-фін. устаноў, канцэнтрацыя і цэнтралізацыя банкаўскага капіталу, зліццё або зрошчванне банкаўскіх і прамысл. манаполій, інтэрнацыяналізацыя банкаўскай справы і інш. Яна ўключае розныя віды банкаў (гл. Банкі, Знешнегандлёвыя банкі, Інвестыцыйны банк, Іпатэчны банк, Камерцыйны банк), спецыялізаваныя нябанкаўскія крэдытна-фін. ўстановы: страхавыя кампаніі, пенсіённыя фонды, ламбарды і інш. У К.с. Рэспублікі Беларусь уваходзяць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. банкам краіны, і камерцыйныя банкі, праз якія рэалізуецца крэдытная палітыка дзяржавы.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)