Лунь1 ’мышалоў, Circus Lacép., драпежная птушка з сямейства ястрабіных з шаравата-белым апярэннем у дарослых ’самцоў’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Укр. лун, лунь ’тс’, ’коршак’; рус. лунь ’мышалоў’, ’сокал’, ’сава’, ’голуб’, ст.-рус. лунь ’драпежная птушка’; ст.-польск. łunak ’каня’, ст.-луж. luń, чэш. luňák ’тс’, ходск. ’крэчат’; славац. luniak, lunák ’каня’; славен. lȗnj ’каршун’, ’мышалоў’, ’арол’, ’каня’, серб.-харв. lunj, ljȗna, лу̏ња, љ̏на, ју̏на ’шулёнак’, ’каня’, ’палявы мышалоў’, ц.-слав. лунь ’каршун’. Прасл. lunь ’драпежная птушка з сям’і сокалаў’ (Слаўскі, 5, 311–312; Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 227). Генетычна звязана з прасл. luna ’святло, бляск’. Названа паводле белага, сіва-белага, шэра-белага, матавага колеру апярэння. Бернекер (745–746), аднак, звязвае назву птушкі з паняццем ’востры, быстры ясны погляд’. Іншыя этымалогіі менш імаверныя, гл.: Фасмер (2, 534); Уленбек (KZ, 39, 260), Брукнер (KZ, 42, 356), Махэк₂ (344), Скок (2, 231); Бязлай (2, 156).

Лунь2 ’хмара’ (віл., Сл. ПЗБ). Да луна́3 (гл.).

Лунь3 ’маўклівы, скаваны ў рухах чалавек’ (міёр., З нар. сл.), ’марудлівы, пасіўны’ (паст., віл., глыб., брасл., Сл. ПЗБ), ’стары чалавек, жывёліна без энергіі’ (паст., глыб., Нар. лекс.), ’разумова недаразвіты, здурнелы, разгублены’ (глыб., брасл., паст., гарад., Нар. лекс.; глыб., в.-дзв., паст., Сл. ПЗБ), ’здань, прывід’ (чэрв., Сл. ПЗБ; віл., Нар. лекс.); лунь, луніца ’самотны’ (глыб., віл., Нар. лекс.); паст., брасл. аблуне́ць ’стаць зацюканым, прыгнечаным’; паст., віл., глыб., гродз. лунява́ты ’дурнаваты’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ); в.-дзв., брасл., лаг. лунь ’той, хто ходзіць без справы’, ’гультай, маруда’ (КЭС, лаг.). Да луна́1 (гл.). Аткупшчыкоў (Из истории, 238) лексему лунь выводзіць з *louk‑s‑nis. Семантычна блізка стаіць да луне́ц, луна́цік (гл.). Усё семантычнае поле гл. Мацкевіч₂ (Нар. лекс., 165–167).

Лунь4 ’глыбокае, небяспечнае месца на балоце’ (гродз., Яшк.). Да луні (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пераказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; пр. пераказаў, ‑зала; заг. перакажы; зак., што.

1. Расказаць, выкласці сваімі словамі што‑н. прачытанае, пачутае. Пераказаць змест паэмы. □ — У атрад, скажыце, яму яшчэ рана. Там ён больш патрэбны. Запомнілі ўсё? — Здаецца, усё. — Паўтарыце. — Сокалаў амаль слова ў слова пераказаў іх гутарку. Новікаў. Я выбраў два цяжкія пераклады .. у сэнсе вяліка[й] цяжкасці пераказаць тое самае ў іх рускім тэксце тэкстам беларускім. Чорны. // Разм. Прачытаць, расказаць што‑н. вывучанае на памяць. Сарамліва, але добра пераказаў.. [Ігнась] вывучаны верш. Мурашка.

2. Паўтарыць сказанае яшчэ раз. Таццяна з смяшлівым націскам пераказала яго калішнія словы: — Нашто верыць, калі можна знаць... Зарэцкі.

3. і з дадан. сказам. Давесці да ведама, паведаміць каму‑н. пра што‑н. вусна. Сашка, Ніна і Каця дабраліся да Мінска і адтуль пераказалі, што пайшлі на вайну. Мікуліч. Радасна было, што з любым чалавекам адзін на адзін сядзіць, не баіцца яго, але сполах бярэ, як хто падгледзіць іх ды бацькам тады перакажа. Нікановіч. // Перадаць каму‑н. на словах чыю‑н. просьбу, даручэнне і пад. — Захар прасіў пераказаць табе, Васька, што ў Пашукоўскі лес паехалі немцы. Паслядовіч. — Перакажыце тату, каб у тую сераду прыехаў па мяне. Мурашка.

4. Перадаць словамі, расказаць пра ўсё, многае. Хлопец прысеў, вывучае спеў тэлеграфных слупоў. Мо перакажа калісьці гэты чароўны напеў... Машара. — На маіх вачах тут адбыліся такія змены, што і не перакажаш. Прокша. Стары пражыў такое жыццё, што аб ім і за дзень не перакажаш. Сабаленка.

5. Расказаць усё, многае. Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэвалюцыйнага жыцця. Гартны.

6. Абл. Назваць, пералічыць. — Камсамолкі, у ячэйку ідуць на заняткі! Тутэйшыя! — і я пераказаў па парадку чые яны. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзна́ка, ‑і, ДМ ‑знацы, ж.

1. Метка, знак, пастаўлены з мэтай абазначыць што‑н., паказаць на што‑н. Адзнака на дрэве. Адзнака на карце. // Запіс, штамп і пад., якія сведчаць што‑н. — Адзінае, што я магу зрабіць, — сказаў .. [дзяжурны па станцыі], разглядаючы паперкі, — гэта адзнаку аб прычынах затрымання грузу. Самуйлёнак. [Паліцай:] — Бачыце, бачыце, пан афіцэр, тут [у кнізе запісу хворых] ёсць свежыя адзнакі аб выпісцы. Лынькоў. // Прадмет, які служыць умоўным абазначэннем чаго‑н. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб яго шляху ў гады вайны. Хадкевіч. // Знак, які астаўся пасля чаго‑н. на якой‑н. паверхні; след. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Дзе была запляснелая сінь, Там няма і адзнакі балота. Глебка.

2. Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што‑н. Адзнакі хваробы. □ І вось яно выхадзілася, выстаялася гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды. Лынькоў. Прывычка гаварыць сам з сабой у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці. Чорны. // Прыкмета, акалічнасць, якая прадвяшчае, прадказвае што‑н. Гадавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры. Гурскі.

3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет і пад. адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і пад. — Пад языком у.. [сакаляняці] знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня. В. Вольскі. Разам з тым.. [Крапіва] дбайна збярог і традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру. Казека.

4. Агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў. Жарынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна, што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. Шыцік. Гартаючы сшыткі, Святлана прыкмеціла, што ў іх было многа добрых і выдатных адзнак. Шахавец.

5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад. Маці беражна з хусцінкі Зорку з гонарам вымала. — Бацька твой — баец славуты, Гэта бацькава адзнака. Броўка.

•••

Дыплом з адзнакай гл. дыплом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)