ЛА́ЗАРАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (25.8. 1905, г.Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Георгій Фёдаравіч) (н. 15.1.1915, г. Сімферопаль, Украіна),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948) і Генштаба (1955). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з 1941 нач. штаба стралк. палка, з ліст. 1942 камандзір партыз. злучэння на тэр. Украіны, Арлоўскай вобл., у Цэнтр. штабе партыз. руху, з лютага 1944 камандзір партыз. брыгады «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага (дзейнічала на тэр. Лагойскага і Плешчаніцкага р-наў), якая пусціла пад адхон каля 30 эшалонаў праціўніка, сумесна з часцямі Чырв. Арміі вызваляла г. Вілейка, Маладзечна, Смаргонь. Да 1964 у Сав. Арміі, потым у Мін-ве знешняга гандлю СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКЛЯ́ЕЎ (Уладзімір Пракопавіч) (н. 11.7.1946, г.Смаргонь Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987—99 гал. рэдактар час. «Крыніца». З 1998 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ленінскага камсамола 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.
Тв.:
Знак аховы. Мн., 1983;
Галубіная пошта. Мн., 1987.
Літ.:
Чабан Т. Рух слова // Маладосць. 1980. №8;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА) (ад грэч. pleion большы + kainos новы),
пліяцэн, верхні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду), заключная эпоха неагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Вылучаны англ. геолагам Ч.Лаелем у 1833. Доўжыўся ад 5,3 да 1,77 млн.г. назад. Паводле міжнар. стратыграфічнай шкалы падзяляецца на 3 ярусы: занклій, п’ячэнца і гелазій. На Беларусі вылучаюць адклады ніжняга і верхняга пададдзелаў. Паводле новых даных адклады пліяцэну вылучаны ў калочынскі надгарызонт, які падзяляецца на холмецкі (адпавядае ніжняму і ніжняй ч. верхняга пліяцэну) і дварэцкі (верхняя ч. верхняга пліяцэну) гарызонты. Адклады П.а. (э.) магутнасцю да 25 м трапляюцца на невялікіх участках, пераважна на Пд ад лініі Смаргонь—Лагойск—Рэчыца. Прадстаўлены рачнымі і азёрнымі пяскамі, алеўрытамі, глінамі. Гліны прыдатныя для керамічнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Анатоль Сяргеевіч) (н. 17.10.1947, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1971). З 1971 гал. архітэктар г. Ліда Гродзенскай вобл., з 1982 — Гродна. Асн. работы: комплекснае добраўпарадкаванне цэнтра Ліды (1973—82), генпланы гарадоў Ліда (1972, 1991), Смаргонь (1984), Навагрудак (1995), вёсак Квасоўка Гродзенскага, Бердаўка Лідскага, Тур’я Шчучынскага р-наў (1985—90); праекты рэгенерацыі гіст. цэнтра Гродна (1983, 1989), забудовы жылых гарадкоў Мін-ва абароны Беларусі Ліда, Слонім, Рось Ваўкавыскага р-на (усе 1990-я г.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998); жыллёвы комплекс па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1997), лядовы палац (1999) у Гродне (усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў інтэр’ераў абл.драм.т-ра, чыг. вакзала, кінатэатра «Кастрычнік», гасцініцы «Амега» ў Гродне (усе 1986—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ ПЯЧО́РНЫ (Ursus spelaeus),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г.Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.
Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСТАМ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст.Смаргонь, 241 км ад Гродна. 255 ж., 114 двароў (1996).
Упамінаецца з 1460 пад назваю Ушакова. З пач. 16 ст. вядома як Войстам. У канцы 15—19 ст. належала С.Ядалговічу (Радзівілу), Буцвіловічу, Зяневічам, Карэйвам, Храпавецкім, Бужынскім, Пшаздзецкім і інш. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім, з 1842 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 189 ж. З 1922 у Свянцянскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1970 — 306 жыхароў.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (пач. 20 ст.). Каля вёскі гарадзішча 7 ст. да н.э. і селішча 6—8 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬБАК (Майсей Саламонавіч) (20 або 25.3.1896, г.Смаргонь Гродзенскай вобл. — 29.10.1937),
яўрэйскі пісьменнік. Настаўнічаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. У 1920—27 жыў у Вільні, Берліне. З 1928 у Мінску, працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, АН Беларусі. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1916. Пісаў на яўр. мове. Аўтар кніг паэзіі «Вершы» (1920), «Новыя вершы» (1922), «Паэмы і вершы» (1929), цыкла «Беларусь» (1921), сатыр. антыфаш. паэмы «Дзісенскі Чайльд-Гарольд» (1933), раманаў абстрактна-філас. «Месія сына Эфроіма» і «Панядзелак» (абодва 1924), «Зельманцы» (кн. 1—2, 1931—35), п’ес «Разбойнік Бойтрэ», «Веньямін Магідаў» (абедзве паст. 1937) і інш. Перакладаў на яўр. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гогаля. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.Агняцвет, З.Бядуля, В.Вольскі, Х.Жычка, І.Калеснік, Г.Кляўко, У.Паўлаў, Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Смаргонь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г. Маладзечна, 85 км ад Мінска, 2 км ад чыг. раз’езда Асанаўскі. 1153 ж., 468 двароў (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1387. У 16 ст. мястэчка Ашмянскага пав.ВКЛ. У 1638 было 6 вуліц, гандл. плошча, 121 двор, існаваў сядзібны комплекс. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Вілейскага пав. Віленскай губ. У 1861 у Л. 1099 ж., 182 дамы, у канцы 19 ст. каля 1290 ж., 160 дамоў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод. З 1921 у складзе Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі тут 450 ж., знішчылі 154 двары.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1869) і капліца (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКІ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Вілія, на аўтадарозе Варняны—Нарач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пн ад горада і чыг. ст.Смаргонь, 240 км ад Гродна. 891 ж., 251 двор (1997).
Вядомыя з 1511 як замак і мястэчка, засн. М.Мішковічам. У 16—17 ст. належалі Падбейпецічам, Забярэзінскім, Осцікавічам, Кішкам, Комарам, Мінкевічам. У 1709—73 дзейнічаў Жодзішкаўскі езуіцкі калегіум. З 1795 у Рас. імперыі. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў Свянцянскім пав. Віленскай туб. У 1859—222 ж., 39 двароў. З 1921 у Польшчы, у Вілейскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1971—794 ж., 276 двароў.
Малое прадпрыемства «Надзея», лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лясная паляна», Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, 2 аптэкі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Жодзішкаўскі кальвінскі збор (1612) і сядзібны дом (з пейзажным паркам 19 ст.), пад які прыстасаваны кляштар езуітаў 17 ст.