ДЗЯРНО́ВА, Дзярноўка,

рака ў Талачынскім і Аршанскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Адроў (бас Дняпра). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 99 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Воўкавічы Талачынскага р-на. Цячэ па Аршанскім узв. Рэчышча ад вытоку да в. Вязьмічы (7 км) і каля в. Смаляны Аршанскага р-на (2,2 км) каналізавана.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМАРГІРЫ́Т,

мінерал класа галагенідаў, брамід серабра, AgBr. Утварае цвёрдыя растворы з хлораргірытам, т.зв. эмбаліт Ag(Cl, Br), іншы раз з прымессю ртуці. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, жаўлакі, суцэльныя масы, радзей дробныя крышталі. Колер зялёны, жоўты, на паветры павольна цямнее. Бляск крышталёў алмазны, смаляны. Цв. каля 2,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных рудаў. Уваходзіць у састаў сярэбраных рудаў.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́СЛЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя сілікатныя горныя пароды з вял. колькасцю крэменязёму (64—78%). Лішак яго выдзяляецца ў выглядзе крышт. кварцу (граніт, дыярыт і інш.) або застаецца раствораным у аморфнай асн. масе — вулканічным шкле (абсідыян, смаляны камень і інш.). З К. г.п. звязаны радовішчы волава, вальфраму, золата, поліметалаў і інш. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачныя камяні. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Смаля́нка 1 ‘смолка, Viscaria viscosa Aschers’ (Шат., Кіс., Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘зязюльчын светнік, Coronaria flos cuculia L.’ (Кіс., Жыв. сл.), смаля́нка, смалёўка ‘травяністая расліна сямейства гваздзіковых з белымі, ружовымі, чырвонымі кветкамі’ (ТСБМ). Да смаляны < смала 1 з суф. ‑к‑, параўн.: смалянка ліпне, як смала (Сл. ПЗБ). Далей гл. смолка.

Смаля́нка 2 ‘гатунак груш’ (ТСБМ, Мат. Гом.), смоля́нка ‘гатунак груш і яблыкаў’ (ТС). Параўн. польск. smolanka, чэш. мар. smoľenka, славац. smolnatka ‘гатунак груш’. Да смала 1; паводле Махэка₂ (563), таму, што гэтыя грушы, як толькі пачынаюць гнісці, становяцца ўнутры чорнымі, як смала.

Смаля́нка 3 ‘пацук з доўгім хвастом’ (Байк. і Некр.), смалля́нка, смыля́нка, смыльня́нка ‘пацук’ (Нас., Шымк. Собр., Касп., Бяльк., ЛА, 1), смальчу́г ‘пацук (самец)’ (З нар. сл.), смалю́га ‘пацук’ (Мат. Маг.). Да смала 1, смаляны; першапачаткова, відаць, ‘чорны пацук’.

Смаля́нка 4 ‘паганы грыб’ (Мат. Гом.). Польск. smolucha ‘атрутны грыб’. Да смала 1, смаляны, відаць, паводле колеру.

Смаля́нка 5 ‘грыб лісічка’ (брэсц., Сярж.–Яшк.; Сл. Брэс.), смоля́нкі, смоло́вікі ‘лісічкі’ (ТС). Да смаліна ‘сасна’ (гл.), смаловы ‘сасновы’ і, далей, да смала 1 (гл.), відаць, па месцы вырастання, параўн. іншыя назвы сасня́нка, падсо́снаўка (Сярж.–Яшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРША́НСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Орша. Пл. акругі 7,9, у 1927 11,7 тыс. км²; нас. 423,3 у 1924, 572,3 тыс. чал. у 1927. Уключала: 10 раёнаў — Аршанскі, Багушэўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Дубровенскі, Копыскі, Коханаўскі, Круглянскі, Ляднянскі, Талачынскі; 3 гарады — Горкі, Дуброўна, Орша; 5 мястэчак — Копысь, Коханава, Ляды, Смаляны, Талачын; 108 сельсаветаў. У 1927 у склад акругі ўвайшлі са скасаваных Барысаўскай акругі Крупскі і Чарэйскі, з Калінінскай — Мсціслаўскі і Расненскі р-ны. Акруговая газ. «Камуністычны шлях». Скасавана 26.7.1930.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУКО́ВІЧ (Яўген Ігнатавіч) (н. 22.8. 1946, в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі металаў. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Засл. вынаходнік Беларусі (1992). Скончыў БПІ (1969). З 1971 у Ін-це тэхналогіі металаў Нац. АН Беларусі (з 1998 дырэктар). Навук. працы па тэорыі ліцейных працэсаў. Устанавіў заканамернасці комплекснага ўплыву розных фактараў на структуру і якасць літых вырабаў, атрыманых ва ўмовах накіраванага зацвердзявання. Распрацаваў прамысл. тэхналогію бесперапыннага ліцця. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Состояние и проблемы процесса непрерывного литья // Литейное производство. 1990. № 1.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

плённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дае плён (у 1 знач.). І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак.

2. перан. Які дае добрыя вынікі, прадукцыйны. Дні працы ў лесе былі для прафесара вельмі плённымі. Кавалёў. Плённымі справамі адзначылі мінулы год працоўныя Савецкай Беларусі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г. Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс. км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс. км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРУ́ЦКІ (Анатоль Антонавіч) (н. 23.10.1948, в. Смаляны Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1977). З 1982 працаваў у Бел. політэхн. ін-це, з 1991 — у Бел. пед. ун-це (з 1994 заг. кафедры тэорыі і гісторыі мовы). Гал. кірункі навук. дзейнасці — бел.-рус. двухмоўе, тэорыя мовазнаўства, нейралінгвістыка. Праблемам двухмоўя прысвечаны працы «Беларуска-рускі мастацкі білінгвізм: тыпалогія і гісторыя, моўныя працэсы» (1990) і «Вазьмі маё слова...» (1990, разам з А.​Я.​Міхневічам). Своеасаблівая філас.-рэліг. канцэпцыя слова выкладзена ў кн. «Структура слова: асновы Тэорыі Вялікага Аб’яднання» (1995) і «Тайна імя» (1996). Аўтар дапаможнікаў для ВНУ.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ВАЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі брыгады К.Заслонава і фаш. карнай экспедыцыяй у в. Купаваць Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Раніцай 14 ліст. буйныя сілы ням. карнікаў пачалі наступаць у раён в. Смаляны Аршанскага р-на і в. Купаваць, дзе размяшчаўся штаб партыз. брыгады і частка партыз. падраздзяленняў Яны скрытна падышлі да вёскі і раптоўна атакавалі. У час жорсткіх баёў загінулі камандзір брыгады Заслонаў і яшчэ 4 партызаны; партызаны з боем адступілі ў лес. Карнікі падпалілі вёску. Партызан, што загінулі ў баі, пахавалі каля вёскі. У 1947 астанкі Заслонава і яго ад’ютанта Я.​Коржаня перапахавалі на чыг. ст. Орша.

т. 9, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)