археалагічная культура эпохі бронзы (11—9 ст. да нашай эры) на тэр. лесастэпавай часткі Правабярэжнай Украіны. Назва ад т.зв. «попельнікаў» (разнавіднасць культавых помнікаў) у Белагрудаўскім лесе каля в. Пікавец (Чаркаская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах, у вялікіх (5 × 9 м, 10 × 12 м) паўзямлянках, заглыбленых да 1 м, вырабляла бронзавую зброю (кельты, кінжалы, наканечнікі коп’яў), упрыгожанні (скроневыя падвескі, бранзалеты, пярсцёнкі), каменныя прылады працы (укладышы для сярпоў, скрабкі, сякеры і інш.). Аснова гаспадаркі — земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы і трупаспаленне пад курганамі і ў грунтавых магілах. Характэрны цюльпана- і слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі, сталовыя міскі, кубкі, чарпакі, арнаментаваныя зубчастым штампам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс.м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й ЛЕ́СУЗасн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. як музей нар. славы, з 1998 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 370 м², больш за 4 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: чалавек і зямля, чалавек і лес, чалавек і рака. Сярод экспанатаў таксама археал. знаходкі (пацеркі, скроневыя кольцы, прылады працы, фрагменты глінянага посуду) з раскопак на тэр. раёна, прадметы культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы Клічаўскага шклозавода (1901—14), рэчы з асабістага фонду вучонага-географа А.А.Смоліча, матэрыялы пра стварэнне і дзейнасць у Вял.Айч. вайну падполля і партыз. руху, творы графікі і жывапісу. Філіял музея — Усакінскі мемарыяльны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТА́ЙЧЫЦЫ,
могільнік і курганны могільнік каля в. Ратайчыцы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Могільнік паморскай культуры (4—2 ст. да н.э.). Пахавальны абрад — трупаспаленне. Ю.У.Кухарэнка выявіў 2 пахаванні 11—13 ст. паводле абраду трупапалажэння ў прамавугольных ямах. Знойдзена трохпацеркавае бронзавае скроневае кольца. Курганны могільнік належаў дрыгавічам (10—12 ст.). Даследавана 29 курганоў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на З (у 2 курганах на У) у насыпе і на гарызонце, некат. на попельна-вугальнай падсыпцы. У адным кургане пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены ганчарныя гаршкі, нажы, крэсівы, абручы і дужкі ад драўлянага вядра, прасліцы са сланцу, скроневыя кольцы, бронзавыя зярнёныя і шкляныя пацеркі, сярэбраныя пярсцёнкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫГАВІЧЫ́,
адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл.Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.
Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЗБІШЧА,
археалагічныя помнікі (селішча 2-й чвэрці 1-га тыс., курганны могільнік 10—12 ст.) каля в. Ізбішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. На селішчы ранняга жал. веку і полацкіх крывічоў выяўлены рэшткі каменных печаў, агнішчы, гасп. ямы; сярод знаходак ляпная кераміка, посуд банцараўскай і доўгіх курганоў паўн. Беларусі культур, 2 позналатэнскія фібулы 3—4 ст., бронзавая лунніца, бранзалет са змяінымі галоўкамі, гліняная форма для адліўкі ўпрыгожанняў, крэсіва 10—11 ст. На могільніку (120 насыпаў), які належаў жыхарам селішча, пахавальны абрад — трупапалажэнне (большасць — галавой на Пн), у 8 насыпах — трупаспаленне; пахавальны інвентар — бронзавыя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, шыйныя грыўні, прылады працы, кераміка, выкарыстанне ва ўборах жанчын вял. колькасці шкляных пацерак, у пахаваннях мужчын — жал. сякеры; у адным кургане з заможным пахаваннем знойдзена маніста з 8 падвескамі з куфіцкіх дырхемаў, візант. меліярысіяў, зах.-еўрап. дэнарыяў.
В.У.Казей, Г.В.Штыхаў.
Упрыгожанні 11 ст. з курганнага могільніка Ізбішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НЕ,
племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на З — валынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́НСКА-БО́РШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён 8—10 ст., распаўсюджаная ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Назва ад паселішчаў каля г. Рамны (Сумская вобл., Украіна) і с. Боршава (Варонежская вобл., Расія). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамесніцтвам; жыло на гарадзішчах і селішчах у чатырохвугольных аднакамерных паўзямлянках слупавой і зрубнай канструкцый з глінабітнымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ляпных гаршках пад курганнымі насыпамі (сустракаюцца і бескурганныя пахаванні). Кераміка ляпная, арнаментаваная грабеньчатым штампам, насечкамі, наколамі. Знойдзены земляробчыя прылады працы, сякеры, косы, нажы; упрыгожанні — бронзавыя і сярэбраныя бранзалеты, шыйныя грыўні, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі. Помнікі канца 1-га тыс.н.э., падобныя да помнікаў Р.-Б.к., сустракаюцца на Пд і ПдУ Беларусі: Мазырскае гарадзішча Кімбараўка, матэрыялы гарадзішча і селішча Чаплін, селішчы Калочын і Насовічы, селішча і курганны могільнік Ходасавічы, курганны могільнік Вароніна, частка матэрыялаў гарадзішчаў Чачэрск і Гомель. Частка даследчыкаў лічыць, што Р.-Б.к. паходзіць ад пражскай культуры, а бел. помнікі звязаны з летапіснымі радзімічамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ МУЗЕ́Й РАМЁСТВАЎ І НАРО́ДНЫХ ПРО́МЫСЛАЎ.
Існаваў у 1978—90 у г. Заслаўе Мінскага р-на як філіял Дзярж. музея Беларусі. З 1986 уваходзіў у склад Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка, размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы. Меў 2 выставачныя залы (пл. 346,5 м²). Матэрыялы адной залы знаёмілі з гісторыяй Беларусі і гарадоў: карта Беларусі, выявы стараж. гербаў бел. гарадоў, якія мелі магдэбургскае права. У экспазіцыі другой залы было больш за 900 твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва і нар. рамёстваў 10 — пач. 20 ст., у т. л. знойдзеныя пры археал. раскопках. Сярод экспанатаў наканечнікі стрэл 10—12 ст., прадметы побыту з рогу і косці 10—17 ст., кап’ё 11 ст., ганчарны (12—13 ст.) і шкляны (18—20 ст.) посуд, упрыгожанні 10—13 ст. з металу, шкла, сердаліку (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, падвескі і інш.), паліхромная кафля 16—17 ст., дэталі збруі 16—17 ст., вырабы бел. злотнікаў (пацір 16 ст., напрастольны крыж 1625 з Навагрудка), разныя царскія вароты 18 ст. з Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы, скульпт. выявы святых з Віцебскай і Гродзенскай абл., слуцкія паясы, неглюбскія ручнікі і інш. Расфарміраваны ў сувязі з перадачай храма правасл. абшчыне. Большая частка экспанатаў захоўваецца ў фондах Нац.маст. музея Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́МІЧЫ,
усходнеславянская этнічная супольнасць. Жылі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны, па цячэнні Сажа і яго прытоках. Паводле летапісу, назва паходзіць ад імя Радзім. Папярэднікамі Р. у Пасожжы былі носьбіты калочынскай культуры. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, рамёствамі, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам, прадзеннем і ткацтвам. Пахавальны абрад: трупаспаленне (8—10 ст.) і трупапалажэнне на гарызонце, у падкурганнай яме (з канца 10 да пач. 12 ст.). Сярод пахавальнага інвентару шмат упрыгожанняў, прадметаў побыту, радзей сустракаюцца прылады працы. Характэрныя племянныя адзнакі Р. — бронзавыя або сярэбраныя скроневыя кольцы (7-прамянёвыя і 7-лапчастыя), біэліпсоідныя, язычковыя, пятлістыя, гронкавыя падвескі, пласціністыя грыўні. У пахаваннях знойдзены манеты (дырхемы, срэбранікі, брактэаты), якія выкарыстоўваліся як падвескі ў маністах. У канцы 1-га тыс. Р. знаходзіліся на ступені фарміравання класавых адносін, узначальваліся князямі і старэйшынамі. У 885 кіеўскі кн. Алег вызваліў Р. ад залежнасці хазараў і абклаў іх сваёй данінай. У 907 у складзе яго войска Р. ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю. У пач. 970-х г. выйшлі з-пад улады кіеўскіх князёў, у 984 былі разбіты на р. Пяшчань (ці каля Слаўгарада ці каля Гомеля) ваяводам кн. Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом і іх землі замацаваліся ў складзе Кіеўскай Русі. З 11 ст.тэр. Р. у Чарнігаўскім княстве, з пач. 12 — яе паўн. частка пад уладай Смаленска. Да 12 ст. адносяцца пісьмовыя звесткі пра гарады на зямлі Р. — Крэчуг (1136, сучасны Крычаў), Прапошаск ці Прупой (1136; цяпер Слаўгарад), Гомій (1142, Гомель), Рагачоў (1142), Чычэрск (1159, Чачэрск). Апошняе ўпамінанне Р. у летапісе пад 1169. Найб. даследаваныя археал. помнікі — курганныя могільнікі Абідавічы, Ветачка, Вішанька, Гадзілавічы, Каласы, Мадора, Нісімкавічы, Ходасавічы, Шапчыцы, Юдзічы, Эсьмоны і інш.
Літ.:
Соловьева Г.Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н.э. (вятичи, радимичи. северяне) // Сов. археология. 1956. № 25.