По́стаць1 ’палоска жыта ці іншай збажыны, занятая адной жняёй у час жніва’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Байк. і Некр., Мядзв., Дзмітр., Др.-Падб., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; івац., Хрэст. дыял.; парыц., Янк. Мат.; пін., Кольб.; навагр., Шн., Федар.), ’участак збожжа, скошаны касцом’ (гродз., Мат. АС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (дрыс., ДАБМ, камент., 872), ’наперадзе’ (Кольб.), ’паласа, загон жыта’ (петрык., Мат. Гом.), укр. по́стать ’палоска нівы, занятая адной жняёй’, рус. по́стать ’тс’, ’поле’, ст.-рус., ц.-слав. постать ’доля, частка’, польск. postać ’пастава, форма, фігура, асоба’, дыял. ’шэраг жняцоў у полі’, ст.-польск. postać ’род, пакаленне’, чэш. postat у старэйшым значэнні — ’частка поля, на якім стаіць адзін жнец’, славац. postat ’тс’, славен. pástȃt ’рад работнікаў у полі’, серб. по̀стат/поста̑т ’палоска, рад пры жніве’, балг. по́стат ’паласа, якую жнуць некалькі жняцоў адначасова’. Прасл. *postatь, утворанае ад *postati (гл. стаць) са значэннем выніковасці дзеяння, даслоўна ’тое, што пастаўлена; рад, шэраг’. Паводле Праабражэнскага (2, 113): по‑стать ’шчыльна пакладзенае’), паводле Трубачова (Ремесл. терм., 123–125): *po‑statь ’стаяць нерухома’. Адсюль першапачатковы сінкрэтызм ’асоба, фігура, пастава’ і ’задача, што пастаўлена перад асобай для выканання’, параўн. постаць ’стан, фігура’ і ’паласа (пры жніве)’ (ТС), рус. стать ’пастава’ і по́стать ’участак, які косіцца жняцом за адзін раз’ (Банькоўскі, 2, 715; БЕР, 5, 549).

По́стаць2 ’стан, фігура’. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́рань, ‑я; мн. карані, ‑ёў; м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы. Галіністы корань. Вырваць дрэва з коранем. □ У глыб зямлі ўвайшлі Карані яго. Крэпка дуб стаіць, Не варушыцца! Колас. // Драўніна або рэчыва гэтай часткі расліны. Дзед кадраў у бары сасновых каранёў і пачаў плесці кош. Якімовіч. // Сцябло тытуню, з якога прыгатаўляюць махорку ​2. Пакрышыць корань. □ Дубовік зноў набіваў піпку, трушчачы ў потнай і цвёрдай руцэ карані самасаду. Сіўцоў.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе. Корань зуба. // Месца злучэння органа з целам. Корань языка.

3. перан. Пачатак, аснова, крыніца чаго‑н. Корань зла. Корань недахопаў. // Разм. Род, пачатак пакалення. — Няхай жа гарыць, выгарае [панскі палац], каб і кораня панскага не засталося... Лынькоў.

4. Асноўная частка слова (без суфікса і прыстаўкі), якая далей не раскладваецца на значымыя састаўныя часткі.

5. Матэматычная велічыня, якая пры ўзвядзенні яе ў пэўную ступень дае даны лік. Здабыць корань. Квадраты корань.

•••

Фіялкавы корань — карнявішча некаторых відаў касачоў, у склад якіх уваходзіць эфірнае масла.

Вырваць з коранем гл. вырваць.

Глядзець у корань гл. глядзець.

Корань жыцця — адна з назваў жэньшэня.

На корані — не зжаты, не скошаны (пра траву, злакі).

Пад корань — а) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што‑н.). Высякаць лазу пад корань; б) зусім, канчаткова (разбураць, падрываць і пад.). Развіццё чыста капіталістычнай наёмнай работы падрывае пад корань сістэму адработкаў. Ленін; в) усіх пагалоўна, нікога не пакідаючы (нішчыць, забіваць і пад.).

Пусціць карані гл. пусціць.

У корані — а) абсалютна, зусім (не згаджацца з чым‑н.). — Не так, Мацвей Пятровіч. У корані не так. Ракітны; б) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.). У выніку перамогі сацыялізма ў корані змянілася аблічча народнай гаспадаркі нашай краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю? Даніленка. Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку. Місько.

2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду. Ляўданскі. Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай. Кавалёў.

3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся. Дуброўскі. І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад... Кухараў. // перан. Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Чорны. // Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны... Савіцкі. Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню. Федасеенка.

4. Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка. Гурскі. Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі. Чорны. // Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне. С. Александровіч. Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх. Рамановіч.

5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. □ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову. Пальчэўскі. Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся. Хадкевіч. // Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць. Чорны. [Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў. Сташэўскі.

6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)