РЫБЕ́РА (Ribera; празваны Спаньялета, Spagnoletto) Хусепе дэ (17.2.1591, г. Хаціва, Іспанія — 2.9.1652), іспанскі жывапісец і гравёр, прадстаўнік караваджызму. Вучыўся, верагодна, у Ф.Рыбальты ў Валенсіі. З 1613 у Італіі, у 1616—18 прыдворны жывапісец ісп. віцэ-каралёў у Неапалі. У ранніх творах (у т. л. ў афортах) пераважалі рэзкія святлоценявыя кантрасты, драм. сцэны пакутніцтва, у якіх падкрэсліваў перамогу волі над фіз. пакутамі («Пакутніцтва св. Варфаламея», 1624; «Сілен», «Св. Себасцьян і св. Ірына», абодва 1628; «Пустэльнік Павел», 1632), паўфігурныя выявы стараж. філосафаў, трактаваныя як простанародныя тыпажы («Дэмакрыт», 1630; «Дыяген», 1637). З сярэдзіны 1630-х г. пры захаванні агульнай суровасці вобразнага ладу перайшоў да большай ураўнаважанасці кампазіцыі і мяккасці святлаценю, у колеравай гаме пашырыліся залацістыя або серабрыстыя адценні: «Св. Ануфрый», «Апалон і Марсій» (абодва 1637), «Пакланенне пастухоў» (1638), «Пакутніцтва св. Філіпа», «Сон Іакава» (абодва 1639), «Святая Інеса» (1641), «Храманожка» («Кульгавы хлопчык», 1642) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛС, Гальс (Hals) Франц (паміж 1581 і 1585, г. Антверпен, Бельгія 26.8.1666), галандскі жывапісец. Вучыўся у К. ван Мандэра (1600—03). Працаваў у Харлеме. Раннім партрэтам («Банкет афіцэраў стралковай роты св. Георгія», 1616), жанравым сцэнам («Муж і жонка ў парку», каля 1622), вобразам евангелістаў («Евангеліст Лука», «Евангеліст Матфей», каля 1623—25) уласцівы цёплыя тоны каларыту, дакладная мадэліроўка форм. Сталая манера, якая склалася ў канцы 1620-х г., вылучаецца надзвычайнай лёгкасцю, свабодай і тэмпераментам. У гэты перыяд ствараў пераважна партрэты: «Цыганка». «Мулат», «Мале Бабе» (усе каля 1630), «В. ван Хейтхейзен» (каля 1625—36), «Групавы партрэт стралковай роты св. Адрыяна» (1633). З 1640-х г. у партрэтах узмацняюцца псіхал. характарыстыкі, у каларыце пераважаюць серабрыстыя тоны, багатыя пераходамі адценняў: «Рэгенты шпіталя св. Лізаветы» (1641)
Познія работы пабудаваны на строгіх, напружаных кантрастах чорных і белых тонаў, адцененых рэдкімі чырвона-карычневымі плямамі («Мужчына ў чорным адзенні», каля 1650—52), з’яўляюцца і ноты безвыходнасці і песімізму («Рэгенты прытулку для састарэлых», 1664).
Літ.:
Сененко М.С. Франс Хальс. М., 1965;
Лазарев В.Н. Франс Гальс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРУ́С, настольнік, настольніца,
тканы, вязаны або плецены выраб для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (накрывалі стол на святы, уваходзіў у пасаг маладой). Выконваў важную ролю і ў дэкар. афармленні інтэр’ера вясковай хаты. Абрус (даўж. 1,5—2 м, шыр. 1—1,5 м) звычайна складаўся з 1 ці 2 сшытых полак ільняной даматканіны. Упрыгожваўся вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам карункаў, пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. У 1930—40-я г. былі пашыраны вышываныя абрусы па плеценай, вязанай або тканай сетцы. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вылучаюцца тонкія льняныя абрусы Віцебшчыны (паўажурныя, з празрыстым вытанчаным малюнкам і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Абрусы Магілёўшчыны з простымі ўзорамі, сціплай каларыстычнай гамаю. Багацце арнаментальных формаў, разнастайнасць сродкаў аздаблення ў абрусах Гомельшчыны. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для неглюбскіх, калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Белае поле мотальскіх абрусаў падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дадаткам некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту. Тканыя абрусы Панямоння і цэнтр. Беларусі стрыманыя па каларыце (пераважаюць серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю). Бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы.
В.Я.Фадзеева.
Абрус. Вёска Сычоўка Мсціслаўскага раёна. 1930-я г.Абрус. Веткаўскі р-н Гомельскай вобл.Абрус, вязаны кручком. Лоеўскі раён Гомельскай вобл. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́НТЫ-МАНСІ́ЙСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Асцяка-Вагульская нац. акруга, з 1940 Ханты-Мансійская нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Пл. 523,1 тыс.км². Нас. 1401,9 тыс.чал. (2001), гарадскога 91%. Цэнтр — г.Ханты-Мансійск. Найб. гарады: Сургут, Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Нягань, Кагалым (гл. карту да арт.Цюменская вобласць).
Займае цэнтр.ч.Зах.-Сібірскай раўніны, у межах якой вылучаюцца Сярэдняобская і Кондзінская нізіны, Сосьвінскае ўзв. і Сібірскія Увалы. На З — усх. схілы Паўн. і Прыпалярнага Урала (выш. да 1646 м). Радовішчы нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя). Клімат кантынентальны з працяглай зімой (каля 9 месяцаў). Сярэдняя т-растудз. ад -18 да -23 °C, ліп. 16—19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рака — Об з прытокамі Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах, Пім, Лямін, Назым, Казым. Шмат азёр (больш за 1500) і балот. Глебы тарфяна-балотныя і падзолістыя. Больш за 30% тэр. пад хвойнымі лясамі (елка, хвоя, кедр), на Пн — тундра. З жывёл пашыраны вавёрка, собаль, каланок, ліс, гарнастай; каля 200 відаў птушак. Рэкі і азёры багатыя рыбай (ласасёвыя, сігавыя, асятровыя). Запаведнікі Малая Сосьва і Юганскі.
Буйны раён здабычы нафты (181 млн.т разам з газавым кандэнсатам, 2000) і прыроднага газу (20,1 млрд.м³). Асн. радовішчы: нафты — Саматлорскае, Мамантаўскае, Фёдараўскае; газу — Ігрымскае, Пунгімскае і інш. Першасная апрацоўка нафты і газу ў гарадах Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Сургут, Нягань, Лянтор, Лангепас. Вытв-сць электраэнергіі 53,5 млрд.кВт∙гадз (2000) на ДРЭС (2 Сургуцкія і Ніжнявартаўская). Прам-сць: лясная, дрэваапр., харч. (рыбакансервавая, малочная і інш.), маш.-буд., вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пасяўныя пл. займаюць 10,8 тыс.га (2000). Бульбаводства. Прыгараднае агародніцтва. Малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, аленегадоўля. Пушны промысел. Зверагадоўля (серабрыстыя і чорныя лісы, пясец, норка). Улоў рыбы 6,6 тыс.т (2000). Даўж. чыгункі 1073 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1698 км. Гал. чыгунка Екацярынбург—Цюмень—Сургут—Новы Урэнгой. Суднаходства па рэках Об, Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах. Рачныя парты: Сургут, Ніжнявартаўск. 8 аэрапортаў. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды Усць-Балык—Омск, Саматлор—Альмецьеўск, Саматлор—Самара, Саматлор—Аляксандраўскае і інш.; газаправод Надым—Пунга і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шке́льца, ‑а, н.
1.Памянш.да шкло (у 2 знач.); невялікі выраб са шкла. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Іра глядзіць на яе зняважліва і насмешліва.Шамякін.Шкельца гадзінніка запацела ад вільгаці.Капыловіч.// Асколак, частка, кавалак шкла. Народ кінуўся за .. [Ганнаю] ў завулак, пакідаючы сляды на гарачай, як прысак, зямлі, уціскаючы драбнюткія шкельцы ад пабітых акон у асфальт.Гурскі.//перан. Пра тое, што па сваіх уласцівасцях (колеру, бляску, цвёрдасці, празрыстасці і пад.) нагадвае шкло. На .. [дарозе] то там, то тут былі раскіданы серабрыстыя шкельцы лужын, у якія глядзеліся белыя, вымытыя першымі дажджамі хмаркі.Гамолка.
2.толькімн. (шке́льцы, ‑аў). Разм. Акуляры або пенснэ. Не знайшоўшы, відаць, злога, .. [паэт] зноў надзяваў шкельцы і тады пачынаў мармытаць-абдумваць новыя радкі...Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВО́БЛАКІ,
сістэмы завіслых у атмасферы прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — кропелек вады, крышталікаў лёду або іх сумесей. Сукупнасць воблакаў называецца воблачнасцю. Утвараюцца воблакі пры кандэнсацыі вадзяной пары ў стане насычэння на ядрах кандэнсацыі. Дыяметр кропель — каля некалькіх мікронаў, маса вады ў 1 м³ паветра воблакаў — ад долі грама да некалькіх грамаў. Каля зямной паверхні яны ўтвараюць туман. Узбуйненне прадуктаў кандэнсацыі выклікае ападкі атмасферныя (дождж, снег, град).
Узнікненне воблакаў — вынік адыябатычнага ахалоджвання паветра пры яго пад’ёме, радзей — вынік ахалоджвання ад подсцільнай зямной паверхні і турбулентнага перамешвання паветра. Пад’ём паветра, неабходны для ўтварэння воблакаў, адбываецца пры канвекцыі ў атмасферы (канвекцыйныя воблакі), пры ўзыходзячым слізгальным пад’ёме паветра на франтах атмасферных (франтальныя воблакі), пры хвалевых рухах у атмасферы і інш. Большая ч. воблакаў засяроджана ў трапасферы, але зрэдку назіраюцца ў стратасферы (пераважна перламутравыя воблакі) і ў мезасферы (серабрыстыя воблакі). Па міжнар. класіфікацыі воблакі ў залежнасці ад іх ніжняй мяжы адносяцца да аднаго з трох ярусаў — верхняга, сярэдняга або ніжняга. Паводле знешняй будовы і размяшчэння на ярусах воблакі маюць 10 асн. формаў: у верхнім ярусе перыстыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі (на выш. больш за 6 км), у сярэднім — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі (на выш. 2—6 км), у ніжнім — слаіста-кучавыя воблакі, слаістыя воблакі і слаіста-дажджавыя воблакі (выш. іх ніжняй мяжы менш за 2 км). Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіцця — кучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі з вертыкальнымі памерамі аднаго парадку з гарызантальнымі, іх асновы звычайна знаходзяцца ў ніжнім ярусе, а верхнія ч. могуць дасягаць сярэдняга ці верхняга яруса. Воблакі ўкрываюць каля паловы нябеснай сферы на Зямлі і змяшчаюць каля 109т вады. На працягу года розныя тыпы воблакаў маюць розную паўтаральнасць. Воблакі ўплываюць на фарміраванне надвор’я і ападкаў, на цеплавы рэжым паветра, сушы і мора, з’яўляюцца звяном кругавароту вады на Зямлі. Яны могуць перамяшчацца на тысячы кіламетраў, пераносіць і пераразмяркоўваць вялізныя масы вады. На Беларусі зімой пераважае нізкая воблачнасць слаістых формаў, у цёплае паўгоддзе — воблачнасць вертыкальнага развіцця.
І.Я.Афнагель.
Высокаслаістыя воблакі над воз. Шо ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл.Слаіста-кучавыя і кучавыя воблакі.Высока-кучавыя воблакі пад крылом самалёта.Кучава-дажджавыя воблакі.Кучавыя воблакі добрага надвор’я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×1015т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл.Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс.км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.
Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.
Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.
У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс.км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.
Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.
Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.
Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;
Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ.М., 1988.
Г.В.Валабуева.
Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Рмн. ‑так; ж.
1. Тонка ссуканая пража, якая выкарыстоўваецца для шыцця, вязання і пад. [Варвара:] — Збегай, Косцік, вазьмі ў шуфлядзе чорны гузік і іголку з чорнай ніткай.Васілевіч.За прасніцай некалі маці тужыць, Суровая нітка праз пальцы бяжыць.Вялюгін.
2. Нізка (пацерак, караляў і пад.). Да .. шыі [мадонны на карціне] была падвешана (прыбіта цвічкамі) нітка сапраўдных караляў.Чорны.
3. Прадмет, які па сваёй форме падобны на нітку. У іржэўнік парванымі, патузанымі ніткамі паўпляталася павуцінне.Скрыган.//перан. Аб чым‑н. такім, што нагадвае нітку. [Самалёты] пакідалі за сабой танюткія серабрыстыя ніткі следу.Лынькоў.
4.перан. Аб чым‑н. пабудаваным, што выцягнулася ў выглядзе простай лініі. Нітка чыгункі. Нітка трубаправода. □ Чырванаватая нітка брукаванага тракту паблісквае вільгаццю.Лужанін.
5.перан. Тое, што злучае, служыць для сувязі. Газеты з’яўляюцца для Міхалкі вышэйшай школай — універсітэтам. Яны злучаюць яго нябачнымі ніткамі з усім светам.Бядуля.// Рад, чарада чаго‑н. Нітка ўспамінаў. □ Думкі паўзуць шэрай, блытанай ніткай.Лынькоў.
•••
Да (апошняй) ніткі — усё, поўнасцю, да канца (аграбіць, абабраць, праліць і пад.).
На жывую нітку — нетрывала (зрабіць што‑н.). Двор зарос травой, паркан пастаўлен на жывую нітку, на хляве — прагніўшая страха.Навуменка.
Прамокнуць да ніткігл. прамокнуць.
Праходзіць чырвонай ніткайгл. праходзіць.
Шыта белымі ніткамігл. шыты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)