АМЕРЫКА́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ КІНЕМАТАГРАФІ́ЧНЫХ МАСТА́ЦТВАЎ І НАВУ́К (Academy of Motion Picture Arts and Sciences; АМПАС),
Амерыканская кінаакадэмія, грамадская арг-цыя ў ЗША Засн. ў 1927 у Галівудзе. Займаецца праблемамі павышэння адукацыйнага, прафес. і тэхн. ўзроўню амер. кінематаграфіі. Аб’ядноўвае больш за 4 тыс. членаў. Мае 12 секцый (рэжысёрская, акцёрскага мастацтва, сцэнарная, кампазітарская, прадзюсерская і інш.). Вядзе інфармацыйную (3 разы на год выдае каталогі бягучай амер. кінапрадукцыі, даведнікі) і лекцыйную работу, дапамагае маладым кінематаграфістам. З 1929 штогод прысуджае прэміі «Оскар» амер. (іншы раз англ.) фільмам за дасягненні ў 26 асобных галінах кінематографа (па 26 намінацыях), а таксама за лепшы замежны фільм года. Прысуджаюцца спец. прэміі «Оскар» за ўклад у кінамастацтва ў цэлым. З 1973 арганізуе конкурсы студэнцкіх фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА,
электрычная машына для ўзаемнага пераўтварэння мех. энергіі вярчэння і эл. энергіі пастаяннага току, а таксама для пераўтварэння адной формы эл. энергіі ў другую. Можа працаваць у рэжыме электрычнага генератара, электрычнага рухавіка, пераўтваральніка электрычнага. Усе П.т.м. — калектарныя машыны.
Складаецца з нерухомай (індуктара) і рухомай (якара) частак, раздзеленых зазорам. У пазы якара ўкладваецца абмотка з паслядоўна злучаных секцый, якія электрычна злучаны з пласцінамі калектара. На індуктары замацоўваюцца полюсы з абмоткай узбуджэння, што стварае нязменны магн. паток. Пры вярчэнні якара ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў секцыі абмоткі якара індуктуецца пераменная эрс і калектарам з шчоткамі пераўтвараецца ў пульсоўную эрс. У вонкавым ланцугу, падключаным да шчотак, ток цячэ ў адным кірунку — ад дадатнай шчоткі да адмоўнай (адбываецца выпрамленне пераменнага току). Каб згладзіць пульсацыі выпрамленага току і атрымаць пастаянную эрс, абмотка якара збіраецца з вял. колькасці секцый, кожная з якіх далучаецца да адпаведнай калектарнай пласціны. Генератары пастаяннага току робяцца з незалежным узбуджэннем (сілкаванне абмоткі ўзбуджэння ад незалежнай крыніцы) ці з самаўзбуджэннем (ток паступае з якара генератара). Адпаведна спосабу злучэння абмоткі ўзбуджэння з абмоткаю якара адрозніваюць генератары паралельнага, паслядоўнага і змешанага ўзбуджэння. Рухавікі пастаяннага току, як і генератары, робяцца таксама з незалежным, паралельным, паслядоўным і змешаным узбуджэннем. Магутнасць П.т.м. ад доляў вата да дзесяткаў тысяч кілават, ккдз да 0,96. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці (у пракатных станах, экскаватарах, станках, шахтавых пад’ёмніках, зварачных апаратах), на транспарце (электрапрывод суднаў, электравозаў, тралейбусаў, трамваяў) і інш.
Б.І.Фірага.
Пастаяннага току машына: а — прынцыповая схема (1 — пласціна калектара, 2 — шчотка, 3 — віток проваду на якары, 4 — нагрузка); б — калектарны генератар (1 — ротар, або якар; 2 — калектар; 3 — шчотка; 4 — статар; 5 — вентылятар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮД ПО́ЛЬСКІ»
(Lud polski),
польская эмігранцкая рэв.-дэмакр.арг-цыя, якая дзейнічала ў 1835—46 у Вялікабрытаніі. Уключала пераважна б. удзельнікаў паўстання 1830—31, якія паходзілі з дробнай шляхты, сялян і гар. плебсу. Створана на аснове 2 секцыйПольскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ), якія ў 1835 выйшлі з ПДТ і прынялі назвы грамада «Грудзёндз» і грамада «Умань». Праграма арг-цыі, заснаваная на ідэях утапічнага камунізму, змяшчала патрабаванні ліквідацыі прыватнай уласнасці, ураўнавання саслоўяў, надзялення сялян зямлёй, перадачы ўлады народу. Прычыну паражэння паўстання 1830—31 чл. арг-цыі бачылі ў згодніцкіх паводзінах шляхты і адсутнасці праграмы радыкальных агр. рэформ. Ідэолагі «Л.п.»: С.Ворцаль, Т.Крэмпавецкі, З.Свентаслаўскі. Пасля 1840 дзейнасць арг-цыі паступова згасла ў выніку ўнутр. спрэчак і ізаляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ.
Існаваў у 1934—41 у Мінску (арх. Н.Макляцова). Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтр. 6-павярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і 4-павярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынка на выш. 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася верт. зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынка, рытмічнай групоўкай квадратных аконных праёмаў, балконаў. Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый, створаных паводле індывід. праекта: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі звязаны паміж сабой шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На 1-м паверсе размяшчаліся магазін, дзіцячы садок.
А.А.Воінаў.
Мінскі жылы дом спецыялістаў. Галоўны фасад. Чарцёж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯ́ТАР (ад лац. radio выпрамяняю),
1)у ацяпляльных сетках — прылада сістэм вадзянога і паравога ацяплення. Чыгунныя складаюцца з секцый (адна-, двух- ці шматканальных), па якіх цыркулюе цепланосьбіт — вада або пара. Бываюць таксама стальныя (панэльнага тыпу) і керамічныя (фарфоравыя).
2) Р. рухавіка ўнутранага згарання — прыстасаванне сістэмы ахаладжэння рухавіка, дзе зніжаецца т-ра ахаладжальнай вадкасці. Складаецца з частак: ахаладжальнай (трубчаста-пласціністай ці трубчаста-стужачнай), верхняй (з заліўной гарлавінай) і ніжняй (з кранам для зліву вадкасці).
3) У радыёэлектроніцы — прыстасаванне, што адводзіць цеплату ад паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, рэзістараў і інш. Бываюць у выглядзе асобнай (пласціністыя, драцяныя, штырковыя) або апорнай канструкцыі корпуса радыёэлектронных вырабаў.
Радыятары: 1 — сістэма вадзянога ацяплення; 2 — сістэмы вадзянога ахаладжэння аўтамабільнага рухавіка; 3 — штыравы для паўправадніковых прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1789—94,
орган парыжскага гар. самакіравання ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ліп. 1789 выбаршчыкі Парыжа ад 3-га саслоўя арганізавалі ў ратушы Пастаянны к-т (орган муніцыпальнай улады), які прыняў закон аб выбарах грамадзянамі П.к. (Парыж быў падзелены на 48 секцый). У час Устаноўчага сходу (ліп. 1789 — вер. 1791) у П.к. пераважалі прадстаўнікі канстытуцыйна-манархічнай буржуазіі фельяны, у час Заканадаўчага сходу (да звяржэння манархіі) — рэспубліканцы (жырандысты). У канцы ліп. 1792 у секцыях Парыжа пачаўся рух за звяржэнне караля. 10.8.1792 створана новая паўстанцкая П.к. (большасць складалі якабінцы), якая адыграла вядучую ролю ў звяржэнні манархіі, арганізацыі абароны Парыжа і Францыі ад замежнай інтэрвенцыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту П.к. ліквідавана, большасць яе членаў пакарана смерцю, Парыж падзелены на 12 не звязаных паміж сабою раённых муніцыпальных саветаў.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
НАВУКО́ВА-ТЭРМІ́НАЛАГІЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-даследчая ўстанова пры Наркамасветы Беларусі ў 1921—22. Створана паводле пастановы ЦВКБССР у лют. 1921 (зацверджана СНКБССР 10.2.1921) у складзе гуманітарнай (літ.-маст.), прыродазнаўчай і матэм.секцый. Старшыня С.М.Некрашэвіч; заг. гуманітарнай секцыі Я.Купала (люты—жн. 1921).
Займалася апрацоўкай і складаннем бел. тэрміналогіі. Адбылося каля 70 пасяджэнняў, распрацавана амаль 3 тыс. тэрмінаў па граматыцы, логіцы, алгебры, арыфметыцы, геаметрыі, заалогіі і інш. Тэрміны ў выглядзе спец. падборак друкаваліся ў час. «Вестник Народного комиссариата просвещения». Пры выпрацоўцы тэрміналогіі камісія арыентавалася на слоўнік жывой бел. мовы і ўтварала неалагізмы паводле правіл бел. мовы, часам выкарыстоўвала запазычанні з рус., польск. і лац. моў. Большасць распрацаваных тэрмінаў захоўваецца ў сучаснай бел. мове. Камісія падрыхтавала і выдала некалькі падручнікаў для пач. і сярэдніх школ. На яе базе 30.1.1922 засн.Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́ (БНГ),
грамадска-палітычная культ.-асв. і дабрачынная арг-цыя ў 1917—18. Засн. 9.5.1917 у Маскве. Узначальвалі Я.І.Васілевіч, А.І.Цвікевіч, Ф.Ф.Турук і інш. Налічвала больш за 1 тыс. членаў, пераважна бежанцаў-беларусаў 1-й сусв. вайны. Мела аддзелы ў Калузе, Саратаве, Сестрарэцку, Тамбове і інш. На правах секцый БНГ дзейнічалі гурткі прафесараў, настаўнікаў, студэнтаў, правасл. духавенства. Адстойвала прынцып непадзельнасці Беларусі, патрабавала яе аўтаноміі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі. У ліп. 1917 удзельнічала ў з’ездзе бел.нац. арг-цый і партый у Мінску. Па ініцыятыве БНГ восенню 1917 у Маскве праведзены 11-ы і 2-і Усерас. з’езды бежанцаў-беларусаў. На выбарах ва Устаноўчы сход выстаўляла кандыдатаў па Магілёўскай выбарчай акрузе ў блоку з інш.бел. арг-цыямі, але поспеху не дасягнула. Удзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ СМАЛЕ́НСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1922—23 і 1925—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве і Савету па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Смаленскім губ. аддзеле нар. асветы. Супрацоўнічала з Беларускім студэнцкім зямляцтвам у Смаленску. Задачы: арганізацыя ў Смаленскай губ.нац. школ, клубаў, інш.культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва. У чэрв. 1923 скасавана. Адноўлена ў 1925. У 1925/26 навуч.г. адкрыты 2 бел. школы і 2 пункты па ліквідацыі непісьменнасці. З 1926/27 навуч.г. пад кіраўніцтвам секцыі ў Руднянскім, Рослаўскім і інш. паветах працавала 21 бел. школа (652 вучні) і гурткі па вывучэнні бел. мовы; у 1927/28 навуч.г. — 37 школ. Да канца 1927 у сувязі з адсутнасцю сродкаў скасаваны ўсе нац. секцыі, у т. л. беларуская. Функцыі нац.секцый і кіраўніцтва нац. школамі перададзены інспектару па справах нац. меншасцяў губ. аддзела нар. асветы.