шклопадобнае пакрыццё таўшчынёй 0,15—0,3 мм, замацаванае на кераміцы абпальваннем. Робіць кераміку воданепранікальнай, надае ёй новыя дэкар. ўласцівасці, узбагачае колер. Для прыгатавання П. выкарыстоўваюць кварцавы пясок, борную к-ту, мел, гліну, аксіды свінцу, барыю, стронцыю і інш. Гатуецца 2 спосабамі: памолам кампанентаў з вадой у шаравым млыне і сплаўленнем (фрытаваннем) зыходных матэрыялаў у вогнеўстойлівым тыглі; грануляцыяй расплаву ў халоднай вадзе і памолам фрыты ў шаравым млыне. Наносіцца на сырыя або абпаленыя вырабы акунаннем, паліваннем, распыленнем, а таксама пэндзлем. Бывае празрыстая і непразрыстая (глухая), бясколерная і каляровая, падцёкавая, крышталічная, матавая, кракле, «змяіная скура» (зборка П.), «карункі» (успучванне П.), П. аднаўляльнага агню (на аснове солей цяжкіх металаў) і інш. Паводле т-ры спякання П. падзяляюць на тугаплаўкія (1250—1400 °C для фарфору і легкаплаўкія (900—1150 °C) для фаянсу, маёлікі і інш. Празрыстую П. выкарыстоўваюць для выяўлення падпаліўнага малюнка ангобам і керамічнымі фарбамі, непразрыстую белую ці каляровую (эмаль) часам размалёўваюць люстрам.
Вынайдзена ў Стараж. Егіпце, адкуль перайшла ў Вавілонію, Асірыю, Персію. Вядома ў мастацтве стараж. Грэцыі, Рыма, Кітая, у 10—13 ст. пашырылася ў ісламскіх краінах. У Еўропе існавалі празрыстая свінцовая і глухая алавяная П. Белая матавая П. вынайдзена ў 1438 у Італіі. У Расіі рабілі зялёную П. («мурава»), шматколерная П. выкарыстоўвалася з 16—17 ст.
На Беларусі вядома з 12 ст. ў арх.-дэкар. і быт. кераміцы: каляровай глухой П. пакрывалі пліткі дэкаратыўныя для абліцоўкі сцен і падлог храмаў у Полацку, Тураве, Пінску і інш. З 15 ст. для пакрыцця сталовага посуду і кафлі ўжываліся легкаплаўкія свінцовыя П. (Віцебск, Магілёў, Мінск, Ліда). Пераважалі зялёны, карычневы, светла-карычневы колеры. З 2-й пал. 16 ст. пашырылася тэхніка пакрыцця каляровымі эмалямі («цанінная» кераміка), з пач. 18 ст. — размалёўка па эмалі. У канцы 19 — пач. 20 ст.бел. ганчары-саматужнікі выкарыстоўвалі легкаплаўкія бясколерныя празрыстыя свінцовыя П. Вырабляюць на Мінскім фарфоравым з-дзе, прадпрыемствах буд. матэрыялаў.
Літ.:
Миклашевский А.И. Технология художественной керамики. Л., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАВА́,
1) старадаўняя халодная зброя блізкага бою. Мела форму паліцы (даўж. каля 0,5—0,6 м) з каменнай або металічнай галоўкай. Дзяржанне звычайна драўлянае з накладнымі металічнымі пласцінамі. Шырока выкарыстоўвалася ў краінах Стараж. Усходу ў сярэднія вякі, на Русі ў 13—17 ст. На Беларусі паводле археал. раскопак вядомая з канца неаліту, у бронзавым веку булавы выраблялі з каменнай або касцяной галоўкай шарападобнай або 4-раговай формы, з 10—11 ст. — бронзавыя, свінцовыя і жалезныя булавы разнастайнай формы.
2) У краінах Усходу, Зах. Еўропы з 13 ст., у Рус. дзяржаве, Вял.кн. Літоўскім, Рэчы Паспалітай з 15 ст., у запарожскіх казакоў у 16—18 ст. — сімвал улады. Б. аздаблялі каштоўнымі камянямі і металамі. У скарбніцы нясвіжскіх Радзівілаў у 17 ст. захоўвалася Б. «гетманская, апраўленая золатам, бірузой і рубінамі».
3) Прылада для практыкаванняў у мастацкай гімнастыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
вытворнае або другаснае значэнне, якое слова набывае ў працэсе яго моўнага ўжывання. У адрозненне ад прамога значэння П.з.с. заўсёды матываванае. Перанос значэнняў адбываецца на аснове пэўных кантэкстуальных ці асацыятыўных сувязей, якія ўзнікаюць паміж асобнымі прадметамі ці з’явамі рэчаіснасці («крыло птушкі» — «крыло самалёта», «акно хаты» — «акно ў прыроду», «лясная дарога» — «дарога да бацькоў»). Гэтыя сувязі могуць абумоўлівацца падабенствам прадметаў паводле іх вонкавай формы, колеру, месцазнаходжання ці размяшчэння ў прасторы, характару руху, функцыі ці прызначэння («нос лодкі», «свінцовыя хмары», «падэшва гары», «рукаў ракі», «галава калоны», «гняздо слоў», «дворнікі аўтамабіля»); тоеснасці прадметаў па якіх-н. знешніх ці ўнутр. праяўленнях, дзеяннях, адносінах ці адчуваннях («лагодны ветрык», «цёплае пачуццё», «кіслая ўсмешка», «шэпча лес», «дыхае зямля», «спіць рака», «дрэмле поле»); суаднесенасці прадметаў ці асоб па месцы і родзе заняткаў, па якіх-н. найб. характэрных для іх адметнасцях («уважлівая аўдыторыя», «здольны клас»). П.з.с. звязаны з асн. значэннем адносінамі метафарычнай ці метанімічнай залежнасці, суаднесенасцю назваў цэлага і яго частак (гл.Метафара, Метанімія, Сінекдаха).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
від стралковай зброі, у якой куля з канала ствала выштурхоўваецца сілай ціску сціснутага паветра ці інш. газу (найчасцей вуглякіслага).
Паводле спосабаў стварэння павышанага ціску П.з. падзяляецца на: спружынна-поршневую з аднаразовым, шматразовым і папярэднім напампоўваннем і пнеўмабалонную. Кулі чашападобныя (свінцовыя) і круглыя (свінцовы шрот і метал. шарыкі), калібр 4,5, 5,0, 5,6 і 6,0 мм; далёкасць палёту кулі да 400 м, пач. скорасць -300 м/с. У Еўропе вядомая з 1430. Сучасную П.з. звычайна вырабляюць у выглядзе дакладных копій пашыраных баявых вінтовак, пісталетаў, рэвальвераў і нават пісталетаў-кулямётаў. Выкарыстоўваюць для навучання стральбе, палявання на дробную дзічыну (эфектыўная далёкасць стральбы каля 40 м), падводнага палявання. Гл. таксама Паляўнічая зброя.
В.І.Вараб’ёў.
Да арт.Пнеўматычная зброя: а — сістэмы пнеўматычнай зброі (1 — спружынна-поршневая з бакавым рычагом узводу; 2 — спружынна-поршневая з падствольным рычагом узводу; 3 — адна- і шматразовага напампоўвання; 4 — папярэдняга напампоўвання са зменнымі паветранымі балонамі); б — пнеўматыкі-імітатары баявой зброі (1 — пнеўмабалонны пісталет, ЗША; 2 — шасцізарадная пнеўмабалонная вінтоўка, Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эпі́тэт, ‑а, М ‑тэце, м.
Паэтычнае азначэнне, якое выражае эмацыянальную ацэнку або дае вобразную характарыстыку прадмету, з’яве, напрыклад: «жалезны нарком», «свінцовыя хмары». З мэтай надаць сваім апавяданням гумарыстычную афарбоўку Якуб Колас, апрача параўнанняў, ужывае і другія стылістычныя спосабы — эпітэты, метафары, гіпербалы, якія нясуць у сабе пэўную долю гумару.«Полымя».// Слова, выраз, якім характарызуюць, называюць каго‑, што‑н. — Вас трэба павіншаваць. Вы дамагліся свайго — сталі спявачкай. Я з захапленнем слухаў ваш... — Андрэй падбіраў эпітэты, каб даць азначэнне яе голасу, але Ірына перапыніла яго.Сапрыка.
[Грэч. epítheton — прыдатак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стапта́цца, стопчацца; зак.
Знасіцца, збіцца, скрывіцца, стаць непрыгодным для носкі (пра абутак). У Мінску я адпачыў і набыў сабе новыя шчыблеты, бо старыя стапталіся дарэшты.Бажко.[Партызаны] зноў у дарозе. І ўдзень і ўначы ідзе дробны золкі дождж. Нізка над зямлёй бягуць свінцовыя хмары. Восень. Да ўсяго, вопратка наша парвалася, абутак стаптаўся.Дзенісевіч.// Стаць непрыгодным ад доўгага карыстання (пра тое, па чым ходзяць). Стаптаны дыван. □ Прыступкі ганка раней былі белыя, мармуровыя, ды, відаць, стапталіся: заменены гранітам.«Маладосць».//перан. Пастарэць, аслабець, змарнець. Ляцеў дамоў і дома заўважаў, Што ўжо зусім стапталася бабуля І пастарэў, і занядужаў бацька.Чэрня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шрот, ‑у, М шроце, м.
1.зб. Дробныя свінцовыя шарыкі, якія разам з порахам служаць зарадам для паляўнічых стрэльб. Дазвол далі Грыгору паляваць у графскіх лясах, яшчэ і пораху і шроту выдалі.Колас.У стрэльбе быў добры зарад шроту.Корбан.
2.зб.Спец. Адходы пасля выціскання алею з насення алейных раслін, якія ідуць на корм жывёле.
3.перан. Пра тое, што сваім знешнім выглядам і ўласцівасцямі нагадвае такія шарыкі. Вадзяны шрот сыпаўся нам на шапкі, на целагрэйкі, сек па каленях.Ермаловіч.Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары — Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны.Жычка.
[Ням. Schrot.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЯЧА́ТКА, пячаць,
рэч з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-н. дакументу верагоднасць і юрыд. сілу. Вывучае П. сфрагістыка.
П. вядомы з 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі і Рыме П. рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, як узоры мастацтва іх вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама П.-пярсцёнкамі. З канца 4 ст. ў Рыме былі віслыя П. — булы (адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў), у канцы 10 ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найб. колькасць віслых П. знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых П. для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на р.
Буг (цяпер у Падляскім ваяв., Польшча). Знойдзены полацкія П. кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.), Ефрасінні Полацкай і яе маці Софіі. епіскапаў Дыянісія і Міны (12 ст.). П. з выявамі расквітнеўшага крыжа і св. Глеба належала менскаму кн. Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена П. кіеўскага мітрапаліта Кірылы (13 ст.). У 1-й пал. 14 ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы 14—15 ст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя П. Паводле тыпаў П. 14—15 ст. былі княжацкія. епіскапскія, гарадскія, баярскія і інш. У Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. ужываліся асабістыя П.-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў 14—17 ст. многія бел. гарады мелі П. з выявамі гербаў. Стараж. адбіткі П. падзяляюцца на металічныя (10—15 ст.), васковыя (14—17 ст.), сургучныя (з канца 17 ст.), куродымныя (18—19 ст.). У канцы 19 ст. ўзніклі каўчукавыя штэмпелі і спец. масціка, каб рабіць адбітак на паперы.
У Рэспубліцы Беларусь П. гербавыя і простыя. На гербавай назва дзярж. арг-цыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява Герба дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь. На простых П. няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арг-цыі, недзярж. прадпрыемствы і асобы (напр., урачы). Адзін з відаў простай П. — вуглавы і інш. штампы.
Літ.:
Янин В.Л. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. Т. 1—3. М., 1970—98 (т. 3 разам з П.Р.Гайдуковым);
Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;
Трофимов А.И. Об атрибуции брестской печати XI в. // Гербовед. 1997. № 3.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Пячатка. Віслыя свінцовыя двухбаковыя пячаткі: 1 — полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.); 2 — кіеўскай вял. княгіні Алісавы з Пінска (11 ст.); 3 — полацкай княгіні Софіі (12 ст.); 4 — Ефрасінні Полацкай (12 ст.); 5 — пячатка з Ваўкавыска; 6 — полацкага епіскапа Дыянісія (12 ст.); 7 —полацкага епіскапа Міны (12 ст.); 8 — пячатка з Ваўкавыска з выяваю св. Сімяона; 9 — пячатка з Полацка з выявамі Божай Маці і архангела Міхаіла (канец 12 — пач. 13 ст.).
Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.