МА́ГРЫБ (араб. захад),

1) уласна М. — агульная назва ў геагр. і гіст. л-ры з часоў Араб. халіфата групы краін у Паўн. Афрыцы на З ад Лівіі (Туніс, Алжыр, Марока).

2) Вялікі М., або Араб. Захад (у адрозненне ад Араб. Усходу — Машрык), уключае дадаткова тэр. Лівіі, Маўрытаніі і Зах. Сахары. У сярэднія вякі ў паняцце М. ўключаліся таксама мусульманская Іспанія (Андалусія) і інш. ўладанні былога Араб. халіфата ў зах. ч. Міжземнага мора.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ДАВАЧНІК (Phacochoerus aethiopicus),

млекакормячая парнакапытная жывёла сям. свіных. Адзіны від у родзе. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, рэдкалессі, кустовых, прыбярэжных зарасніках на раўнінах і ў гарах.

Даўж. цела без хваста 1,5—1,9 м, выш. ў плячах 65—85 см, маса 50—150 кг. Цела ўкрытае рэдкім шчаціннем. У самцоў па баках галавы бародаўчатыя скурныя нарасты (адсюль назва). У верхняй сківіцы вял. іклы, якія загінаюцца ўверх. Дзённая ўсёедная жывёла, начуе ў норах; нараджае 3—4 парасят. Аб’ект промыслу (мяса, шкура).

Бародавачнік.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НА, эланд (Tragelaphus oryx),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы, на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, трымаецца статкамі.

Самая буйная антылопа кантынента, даўж. да 3,5 м, выш. ў карку каля 1,8 м, маса да 1 т. Рогі даўж. каля 1 м, скручаныя. Пад шыяй складка скуры (падгрудак). Афарбоўка ад шаравата-жоўтай да цёмна-рыжай. Нараджае 1 цяля. Корміцца травой, лісцем. Лёгка прыручаецца, гадуюць на фермах, у т. л. з 1892 у запаведніку Асканія-Нова (Украіна). Зах. падвід (T.o. derbianus) у Чырв. кнізе МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

Кана.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРБЕ́РСКІЯ МО́ВЫ,

група сваяцкіх моў карэннага белага насельніцтва Паўн. і Зах. Афрыкі. Належаць да семіта-хаміцкіх моў і ўтвараюць моўныя астраўкі ў араб. асяроддзі. Падзяляюцца на 2 дыялектныя групы: кабільская, берабер, шлех, туарэг, зенага і інш. (пераважна на тэр. Марока, Маўрытаніі і Сахары); сукупнасць моў пад агульнай назвай зенет (Алжыр, Туніс, Трыпалітанія). Берберскім мовам уласцівы афіксацыя і ўнутраная флексія кораня, які можа складацца з дзвюх ці трох зычных. Большая частка моў беспісьмовая. Да гэтай групы адносяцца і мёртвыя мовы: лівійская, нумідыйская і гетульская.

Літ.:

Завадовский Ю.Н. Берберский язык. М., 1967.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́РСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Азорскі максімум,

субтрапічная вобласць высокага атм. ціску над Атлантычным ак. з цэнтрам каля Азорскіх а-воў. Праяўляецца перавагай антыцыкланічнай дзейнасці на працягу ўсяго года, асабліва добра выражаны летам (у ліп. ціск больш за 1025 Па). Прыкметна ўплывае на клімат Паўд. Еўропы і Паўн. Афрыкі, утварае летам адгалінаванне ў напрамку Міжземнага м., зімой у напрамку Сахары. На надвор’е Беларусі ўплываюць паўн.-ўсх. перыферыя або адасобленыя «ядры» азорскага антыцыклону: устанаўліваецца сухое і сонечнае надвор’е з высокімі т-рамі паветра (зімой часам да 8 °C і больш, летам да 25—30 °C і вышэй).

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РС, леапард (Panthera pardus),

драпежная млекакормячая жывёла сям. каціных. Пашыраны ў Афрыцы (няма толькі ў Сахары), у Малой, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жыве ў глухіх трапічных, субтрапічных і мяшаных лясах, на горных схілах і раўнінах, у саваннах, зарасніках па берагах рэк.

Даўж. цела да 180 см, хваста да 110 см, маса звычайна 32—40, зрэдку да 100 кг. Самкі меншыя за самцоў. Цела выцягнутае, ногі кароткія. Поўсць густая, пушыстая. Афарбоўка жоўтая або рыжая з чорнымі плямамі. Нараджае 1—3 дзіцянят. Корміцца пераважна капытнымі, а таксама птушкамі і грызунамі. Ахоўваецца. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Барс.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСФА́ТНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы фасфатаў. Прадстаўлены пераважна фасфарытамі і апатытамі, радзей алюма- і жалезафасфатамі, таксама — гуана. Распрацоўваюцца радовішчы з канцэнтрацыяй аксіду фосфару (V) P2O5 — 2—34%. Вылучаюць Ф.р. багатыя (больш за 28% P2O5), сярэднія (18—28%), бедныя (8—18%), убогія (2—8%).

Паводле саставу нефасфатных мінералаў у рудах адрозніваюць Ф.р. карбанатныя, крамяністыя, гліністыя і інш. Паходжанне эндагеннае, экзагеннае і метамарфагеннае. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці фосфарных угнаенняў, жоўтага фосфару і тэрмічнай фосфарнай кіслаты. Найб. запасы Ф.р. у Расіі, ЗША, Тунісе, Перу, Аўстраліі, Зах. Сахары, Егіпце, Бразіліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРА́ФА (Giraffa camelopardalis),

млекакормячае сям. жырафавых атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы на Пд ад Сахары, у адкрытых стэпах (саваннах) з рэдкімі дрэвамі і кустамі. Жыве невял. групамі па 7—15 (зрэдку болей) асобін.

Буйная жывёла, тулава кароткае, на высокіх нагах (пярэднія даўжэйшыя за заднія); шыя вельмі доўгая, але шыйных пазванкоў 7, як у большасці млекакормячых. Выш. цела да 6 м, маса да 1800 кг (самцы большыя за самак). Мае 1 або 2 пары рожак, укрытых скурай з валаскамі. Афарбоўка светла-жоўтая з цёмнымі плямамі. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца лісцем і галінкамі дрэў, найчасцей акацый. Захавалася пераважна ў нац. парках.

Жырафы.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́ШКІ (Cercopithecus),

род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 23 віды. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жывуць у трапічных лясах, трымаюцца пераважна на дрэвах, групамі.

Даўж. цела да 87 см, хваста да 100 см; маса да 9 кг. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое і мяккае. Афарбоўка ад аліўкавай да зялёнай, можа быць шараватая або амаль чорная. Галава акруглая, тваравы аддзел укарочаны, нос не выдаецца. Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Першы палец задняй канечнасці проціпастаўлены астатнім. Кормяцца лісцем, кветкамі, пладамі, дробнымі жывёламі. Нараджаюць 1, зрэжу 2 дзіцяняці. Утрымліваюцца ў няволі.

Мартышкі:1 — каранаваная; 2 — блакітнатварая; 3 — малая беланосая; 4 — зялёная.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАЎКА́ЗЧЫКАВЫЯ, медаведы (Indicatoridae),

птушкі сям. дзятлападобных. 4 роды, 14 відаў. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары (9 відаў), у Гімалаях і Паўд.-Усх. Азіі Жывуць на дрэвах, у лясах і саваннах. Медаўказчык жаўтаногі (Melignomon eisentrauti) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 20 см. Апярэнне шаравата-бурае або аліўкавае. Крылы вострыя. Дзюба ў адных тоўстая, тупая, у другіх тонкая, вострая. Кормяцца насякомымі, воскам. Паблізу ад пчаліных гнёздаў узнімаюць крык (адсюль назва), што прыцягвае ўвагу медаеда або чалавека. Карыстаюцца рэшткамі воску разбуранага гнязда. Гнездавыя паразіты. Яйцы падкладваюць у гнёзды інш. птушак; птушаняты М. забіваюць птушанят гаспадароў гнязда.

Да арт. Медаўказчыкавыя. Медаўказчык вялікі.

т. 10, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)