з’е́хаць, з’еду, з’едзеш з’едзе; зак.

1. Едучы, спусціцца адкуль‑н. З’ехаць з гары на санках. □ З гары аж да моста з’ехалі лёгка і нячутна. Пташнікаў. // Саслізнуць, ссунуцца ўніз. [Ірынка] ўжо некалькі разоў з’ехала па лесвічных парэнчах, і ўсё было добра. Арабей.

2. Едучы, павярнуць куды‑н. З’ехаць з дарогі. □ Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны.

3. Выехаць, паехаць адкуль‑н. (звычайна далёка або надоўга). Сама Галя ніяк не магла заснуць. Думала: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Сабаленка. [Мая] сабралася і пайшла да сваіх сябровак, але з палавіны дарогі вырашыла вярнуцца, забраць небагатыя рэчы і з’ехаць куды-небудзь. Дуброўскі.

4. Ссунуцца са свайго месца; збіцца, спаўзці. Шапка з’ехала на патыліцу. □ Белая хустка, завязаная пад барадой, з’ехала на шыю. Васілевіч. // Асунуцца, апусціцца ўніз. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі. Кірэенка. [Зося] хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з’ехала на зямлю. Чорны.

5. перан. Разм. Непрыкметна, паступова перайсці на другую тэму, тон і пад. (у гутарцы, пісьме і пад.). Але пан Богут з’ехаў з тону І ўжо гаворыць чуць мякчэй. Колас.

6. каго або каму. Груб. Моцна, з размаху ўдарыць. Лезе пан да Бандароўны, Ўвесь гарыць, бы ў жары: Тая, жартаў не пазнаўшы, З’ехала па твары. Купала.

7. Разм. Пахудзець. З’ехаць на шыла. З нар. // Спасці, знікнуць (пра тлустасць). Як цяжка папрацаваў, дык сала з яго і з’ехала.

•••

З глузду з’ехаць — страціць розум, развагу; адурэць, звар’яцець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Перастаць трымацца на чым‑н.; адарваўшыся, аддзяліцца (пра што‑н. прымацаванае, вісячае). Цяжкія акутыя жалезам дзверы сарваліся з завесаў. Лынькоў. Рыпіць і грукае аб сцяну аканіца, што сарвалася з кручка, — ударыць, адскочыць і зноў калышацца. Каршукоў. / Пра лісты, плады і пад. З дуба жолуд сарвецца, Кінецца ўніз напрасткі, Доўга-доўга лічыць сукі. Барадулін.

2. Абрушыцца, зваліцца, ссунуўшыся з месца. Сарвуцца ледзяшы са стрэх — Ого! Тады ён [снег] зарагоча. Гаўрусёў. Вось.. [кропелька] сарвалася, упала на блішчасты казырок шапкі. Кулакоўскі. // Упасці адкуль‑н., страціўшы апору. Сарвацца з рыштаванняў. □ Прыгінаючыся, хапаючыся за карэнні прыбярэжных кустоў, гатовы ў любую хвіліну сарвацца ў рэчку, Піліпка сяк-так выбраўся на дарогу. П. Ткачоў. За гранітны ўчэпішся карніз, І цябе ўжо болей не пакіне Рызыка сарвацца зверху ўніз, Недзе за паўкрока ад вяршыні. Макаль. // Ссунуўшыся, саслізнуць, саскочыць з чаго‑н. Адзін раз.. [Шыбаева] рука неасцярожна сарвалася, і нож стукнуў па кастылі. Краўчанка. Каб не Генка, я напэўна быў бы пад коламі, бо мая нага сарвалася з прыступкі. Рамановіч. // Выпасці, выскачыць, вырвацца. Сарвалася з рук мадам каробка, бразнула на перон. Сташэўскі. Хістаючыся, Алесь пасунуўся да прызбы, выграб вялікі пляскаты камень, падняў у сябе над галавою, але камень сарваўся з рук, і Макарчык, не ўстояўшы на нагах, грукнуў на яго грудзьмі. Адамчык.

3. Рвануўшыся, вызваліцца ад чаго‑н. Сабака сарваўся з ланцуга. □ Ласяня тупала каля дубка, наравіла сарвацца з прывязі. С. Александровіч. Шчупак, брат, ёмкі: на паўпуда. Але сарваўся. Колас. // перан. Страціць вытрымку, кантроль над сабой. Як бы там ні было, а біцца не варта. Зноў.. [Гарбач] сарваўся. Навуменка. [Яраш] сам баяўся свайго гневу, бо ведаў, што сарвацца яму, ды яшчэ перад жанчынамі, нельга, непрыстойна. Шамякін.

4. Вельмі хутка, імкліва пакінуць якое‑н. месца. [Агрыпіна] не ўстала, а сарвалася з крэсла і, абхутаўшы твар хусткай, пайшла. Пестрак. / у перан. ужыв. Высока ў небе сарвалася ярка-блакітная зорка, прамільгнула агністай куляй і пагасла. Хадкевіч. // Разм. Кінуцца бегчы. Хлапчук, не даслухаўшы, сарваўся з месца і, як віхор, памчаўся па вуліцы, падскокваючы і махаючы рукамі. Асіпенка. Нервова гарцаваў пад.. [партызанам] конь, кусаў цуглі. Наравіў сарвацца з месца, каб дагнаць калону. Паўлаў. // Разм. Пакінуць работу, месца жыхарства і пад. Гаспадар, што ты сабе думаеш? — раптам спытала Паліна. — Тут і будзеш сядзець?.. Сарваліся з месца. Кватэру пакінулі... Мыслівец. Няёмка, праўда, перад аднавяскоўцамі — з-за дзяўчыны сарваўся чалавек у белы свет, калі дома ў яго і дастатак і пашана. Хадкевіч.

5. Нечакана пачацца, узнікнуць (пра буру, вецер і пад.). Сарваўся вецер золкі і заціх раптоўна, як узнік. А. Вольскі.

6. Раптам пачуцца, данесціся (пра гукі). Крык і плач чалавечы Сарваўся з пагрозай са струн. Куляшоў. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «з вуснаў», «з языка»). Быць сказаным міжвольна, нечакана. У.. [Карагі] чуць-чуць не сарвалася, што там [у вёсцы] стаіць штаб іх дывізіі. Колас. З языка сарвалася не зусім патрэбнае слова. Чорны. // Ад перанапружання страціць голас, змоўкнуць або перайсці па іншы тон. І ўжо ўяўляецца, што.. стаіць цёплы надвячорак, крумкаюць жабы, бегаюць замурзаныя дзеці, чуюцца жаночыя галасы з пагрозай сарвацца на сварку. Лужанін.

7. Сапсавацца ад рэзкага руху, рыўка. Разьба сарвалася.

8. перан. Разм. Не ўдацца, не адбыцца, застацца нявыкананым. На першым заходзе атака сарвалася. Быкаў. — Ну, прызнавайся, якое мерапрыемства сарвалася ў вас? Жычка.

•••

Як з ланцуга (прывязі) сарваўся — а) пра шумныя паводзіны, празмерную радасць каго‑н., хто адчуў сябе на свабодзе; б) пра паводзіны, учынкі чалавека, які страціў кантроль над сабой, перастаў сябе стрымліваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)