пустыннае плато на ПнЗвял. лукавіны р. Хуанхэ ў Кітаі. На Пд пераходзіць у Лёсавае плато. Выш 1100—2500 м (на З да 3015 м). Пл. каля 95 тыс.км². Складзена пераважна з пясчанікаў. Паверхня ўяўляе сабой чаргаванне слаба расчлянёных узгоркападобных узвышшаў і паніжэнняў, у якіх салёныя азёры, саланчакі, месцамі забалочаныя. Каля 1/2тэр. ўкрыта бугрыстымі пяскамі. Клімат рэзка кантынентальны, умераны. Сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 23 °C, ападкаў за год 100—150 мм на ПнЗ, 300—400 мм на ПдУ. Пустынная і паўпустынная расліннасць, сухія стэпы. Качавая жывёлагадоўля. Радовішчы каменнага вугалю, нафты, соды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЫПЛА́НА (Altiplano),
заходняя частка ўнутр. пласкагор’я Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі, у Перу і Балівіі. Займае катлавіны (днішчы) вял. азёраў, якія існавалі ў плейстацэне. Ляжыць на выш. 3300—3800 м. Алювіяльныя раўніны, азёры — Тытыкака і Паапо, саланчакі Уюні і Кайпаса (рэшткі стараж. азёраў), вулканічныя плато і асобныя масівы (да 5300 м). Клімат высакагорны, трапічны. Сярэднямесячныя т-ры ад 6 да 11 °C. Альтыплана — вобласць унутр. сцёку, гал.р. Дэсагуадэра. На Пн, дзе выпадае 500—700 мм ападкаў за год, — горны злакавы стэп, на З і Пд (ападкаў да 300 мм) — пустынная і паўпустынная расліннасць. Альтыплана — найб. заселеная ч. Балівіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБ-ЭЛЬ-ХА́ЛІ,
пустыня на ПдУ Аравійскага п-ва ў Саудаўскай Аравіі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км, пл. каля 650 тыс.км² (адна з самых вял. пясчаных пустынь на зямным шары). Раўніна паніжаецца з З на У ад выш. 500—1000 м да 100—200 м. Пераважаюць рухомыя пяскі, што ўтвараюць барханы (выш. да 200 м), грады і асобныя масівы. Сярод пяскоў месцамі камяністыя раўніны. На Увял.саланчакі. Ападкаў менш за 50 мм за год, могуць не выпадаць некалькі гадоў запар. Пастаянны паверхневы сцёк адсутнічае. У міжградавых паніжэннях рэдкая расліннасць (салянкі, вярблюджая калючка). Качавая вярблюдагадоўля. Радовішчы нафты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТАЛІ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
унутраная ч.Малаазіяцкага нагор’я, у Турцыі. Даўж. каля 700 км (з З на У), шыр. 400 км (з Пн на Пд). На Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі, на Пд — гарамі Таўр. Паверхня выраўнаваная, слаба расчлянёная, пераважныя выш. 800—1500 м, найб. — 3916 м (вулкан Эрджыяс). Складзена ў асн. з асадкавых парод, адзначаны праяўленні вулканізму. Радовішчы бурага вугалю. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў ад 200 да 500 мм за год, максімальныя — вясной. Анаталійскае пласкагор’е перасякаюць рэкі Кызыл Ірмак, Сакар’я і інш. Ёсць саланчакі і салёныя азёры (воз. Туз і інш.). Глебы шэрыя і бурыя. Расліннасць — сухі палынова-злакавы стэп (у гарах) і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў. Аазіснае земляробства, жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГРО́С,
горная сістэма ў Іране, на ПдЗ Іранскага нагор’я. Даўж. 1600 км, шыр. 200—300 км, пераважныя выш. 2—3 тыс.м, найб. 4548 м (г. Зердкух). Складаная сістэма з 15—20 паралельных хрыбтоў, якія працягнуліся з ПнЗ на ПдУ і падзелены падоўжнымі і папярочнымі вузкімі каньёнападобнымі цяснінамі і катлавінамі. Невялікія ледавікі. Складзена пераважна з вапнякоў і сланцаў мезазою і кайназою. Карст. У цэнтр.ч. і на ПнУ агаляецца дамезазойскі фундамент з вял. салянымі купаламі. Радовішчы нафты. Клімат субтрапічны, сухі. Пераважаюць горна-пустынныя ландшафты. У міжгорных катлавінах азёры, саланчакі, аазісы (фінікавая пальма, цытрусавыя, вінаград). Зах.ч. сярэдняга пояса найб. вільготная (лясы і рэдкалессі з дубу, вязу, клёну і інш.); вышэй — альпійскія лугі і нізкарослая хмызняковая расліннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСАЛЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
працэс назапашвання ў глебе лёгкарастваральных у вадзе солей у колькасцях, таксічных для с.-г. культур. Найб. развіта ва ўмовах засушлівага клімату пры цяжкім адтоку паверхневых і грунтавых вод. Адрозніваюць першаснае (прыроднае) і другаснае (антрапагеннае) З.г., якое выклікаецца парушэннем рэжымаў гідрамеліярацыі, асабліва ў паўд. зонах інтэнсіўнага арашэння. У пустыннай, паўпустыннай і сухастэпавай зонах фарміруюцца саланчакі, саланцы і саланчакаватыя глебы з рознай ступенню і тыпам засалення. На Беларусі З.г. пераважна лакальнае, мае антрапагенны характар (напр., у зоне дзеяння калійных камбінатаў Салігорска). Магчыма і прыроднае З.г. (напр., утварэнне карбанатных жалезіста-саланчакаватых дзярновых забалочаных глеб у некат. раёнах Палесся). З.г. ліквідуюць прамыўным паліваннем з штучным адвядзеннем грунтавых і прамыўных вод з дапамогай дрэнажу, хім. меліярацый, агратэхн., біял. і інш. прыёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Тарымская раўніна,
раўніна ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, у бас.р. Тарым. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км. Пл. каля 530 тыс.км² (самая вял. ў Цэнтр. Азіі і адна з найб. бяссцёкавых упадзін у свеце). Дэльтавая вобласць левых прытокаў р. Яркенд. Абмежавана гарамі Цянь-Шань, Куньлунь і Бэйшань. Пераважаюць выш. 800—1500 м. Б.ч. паверхні занята пустыняй Такла-Макан. Каля падножжа гор дэлювіяльныя шлейфы з галечнікаў і пясчана-гліністых адкладаў. У паніжэннях саланчакі. На перыферыйных падгорных лёсавых раўнінах — вял. аазісы (Кашгарскі, Аксуйскі, Яркендскі, Хатанскі). Клімат умераны (цёплы, рэзка кантынентальны, пустынны). Сярэдняя т-растудз. -20 °C, ліп. да 26 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год. Асн. рэкі Тарым і Хатан, на Увоз. Лабнор. Пустынная расліннасць на шэразёмах, па далінах тугайныя зараснікі, у аазісах земляробства, садаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Рас. Федэрацыі, на Пд Чыцінскай вобл. Утворана 26.9.1937 з Агінскага аймака (Бурат-Мангольскай АССР). Пл. 19 тыс.км². Нас. 79,6 тыс.чал. (1994), гарадскога 30%; пераважаюць бураты, рускія, у зах.ч. — эвенкі. Сярэдняя шчыльн. 3,3 чал. на 1 км², больш заселена ўсх. частка. Адм. ц. — пас.гар. тыпу Агінскае.
Размешчана на Пд Забайкалля. Паверхня пераважна гарыстая (найб.г. Алханай, 1663 м). Клімат рэзка кантынентальны. Зіма халодная, маласнежная, лета гарачае, сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Найб. рэкі — Анон, Аленгуй. Шмат прэсных і салёных азёраў. Глебы ў гарах падзолістыя, шэрыя лясныя, на раўнінах карбанатныя, каштанавыя, чарназёмныя, сустракаюцца саланчакі. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах на выш. 1000 м — лістоўнічныя лясы (у асн. даурская лістоўніца).
Горназдабыўная, лясная і лесанарыхтоўчая, лёгкая, харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля, пашавая танкарунная авечкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, авёс, ячмень) і кармавыя культуры. Асн. від транспарту — аўтамабільны. На У праходзіць чыг. Карымская—Забайкальск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НА (ісп. Puna, на мове кечуа — пустынны),
прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціне. Уяўляе сабой высакагорныя пустыні і сухія стэпы на высокаўзнятых пласкагор’ях Цэнтр. Андаў паміж Зах. і Цэнтр. Кардыльерамі. Выш. 3500—4600 м. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плоскія катлавіны, запоўненыя вулканічнымі, абломкавымі і азёрна-ледавіковымі адкладамі. Клімат высакагорна-трапічны з халаднаватым дажджлівым летам і халоднай сухой зімой. Сярэднія т-ры ліст. 5—10 °C, ліп. 2—6 °C. Ападкаў ад 1000 мм за год на Пн, да 100—200 мм на Пд і З. Характэрны рэзкія змены надвор’я і моцныя вятры. П. — вобласць унутранага сцёку (найб.р. Дэсагуадэра). Найб. азёры Тытыкака і Паапо. Развіты саланчакі. Глебы ад высакагорна-стэпавых да чырвона-бурых пустынных, часта саланчаковыя. Расліннасць пераважна ксерафільная, разрэджаная, з дзернавінных злакаў (кавыль, аўсяніца, вейнік і інш.), падушкападобнага хмызняку (льярэта і інш.), асобных кактусаў, салянак, трапляюцца нізкарослыя дрэвы (палілепіс, тола і інш.). Пашавая жывёлагадоўля (развядзенне авечак, мулаў, лам); у бас. азёр Тытыкака і Паапо — пасевы збожжавых, бульбаводства. П. вылучаюць таксама як вышынны ландшафтны пояс Цэнтр. Андаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАША́НЬ,
пустыня ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, на ПнУ ад гор Наньшань. Пл. 170 тыс.км². Хвалістая раўніна (выш. 800—1660 м). Чаргуюцца групы невял. скалістых кражаў, драбнасопачніка і плоскіх выцягнутых паніжэнняў, занятых масівамі рухомых пяскоў, барханамі, салёнымі азёрамі, саланчакамі і такырамі. Цэнтр.ч. складзена з дакембрыйскіх парод, перакрытых плашчом чацвярцічных пяскоў; на ўзвышшах у паўд. і паўн. частках выходзяць на паверхню палеазойскія і мезазойскія адклады. Радовішчы вугалю, нафты, соляў. Клімат рэзка кантынентальны. Рачная сетка прадстаўлена часовымі вадацёкамі, рэчышчы якіх напаўняюцца вадой толькі летам у перыяд мусонных дажджоў ці ліўневых ападкаў. Найб. рэкі Жашуй і Шуйхэ. Азёры Саго-Нур і Шара-Бурду. Асноўныя ландшафты: гобі — драбнасопачнік і астраўныя хрыбты, раскіданыя на раўніне з шчэбеневымі глебамі і рэдкай хмызняковай расліннасцю (парналіснік, эфедра і інш.); масівы барханных пяскоў з беднай стэпавай расліннасцю (карагава, салянкі, палын і інш.); цайдамы — паніжэнні з блізкімі грунтавымі прэснымі водамі і травяністай расліннасцю (рагоз, трыснёг, чарот, пажарніца); саланчакі з галафільнай флорай (паташнікі, семітранкі, салянкі); саксаульнікі з чорнага саксаулу з семітранкамі ў ніжнім ярусе. Жывёльны свет: сайгакі, пустынны заяц, суслікі, пясчанкі, тушканчыкі, паўзуны (чарапахі, яшчаркі, змеі), трапляюцца дзікія аслы. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля.