жылы раён у Мінску. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Забудоўваецца з 1962; аўтарскі калектыў: арх. С.Богін, А.Воўк, Ю.Грыгор’еў, І.Грышчынскі, Л.Кліцунова, П.Кракалёў, Н.Краўкова, Э.Левіна, С.Мусінскі, І.Сітнікава, Л.Сакалова, А.Шалякін. Вызначаецца дасканалай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхнал. вырашэннем, высокімі арх.-маст. якасцямі забудовы і ўзроўнем добраўпарадкаванасці і азелянення тэрыторыі. Арх.-планіровачная структура заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з яскрава акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала (з вадаспадамі, паркавымі басейнамі, набярэжнай) фарміруе садова-паркавую вось. Забудаваны буйнапанэльнымі і цаглянымі жылымі дамамі. Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных аздабленняў, пластычных экранаў лоджый, дэкар. сценак, каляровых панэлей.
Жылы раён Зялёны луг. Набярэжная штучнага вадаёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЫ́ГІН (Вячаслаў Гаўрылавіч) (17.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 23.10.1925),
рускі муз. крытык, кампазітар, педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1898). Ігры на фп. вучыўся ў маці, кампазіцыі ў М.Сакалова. Адзін з арганізатараў (1901) гуртка «Вечары сучаснай музыкі». Як муз. крытык друкаваўся з 1906. З 1916 выкладаў у Петраградскай кансерваторыі, з 1919 праф. і правадз. член Ін-та гісторыі мастацтваў (Петраград). Даследчык творчасці А.Скрабіна, М.Мусаргскага, садзейнічаў прызнанню творчасці С.Пракоф’ева, І.Стравінскага, К.Дэбюсі, М.Равеля, А.Шонберга і інш. Аўтар музыкі да многіх спектакляў т-ра В.Ф.Камісаржэўскай, камерна-вак, і інстр. твораў.
Літ. тв.: Избр. статьи. М.; Л., 1965.
Літ.:
В.Г. Каратыгин: Жизнь, деятельность: Статьи и материалы. Вып. 1. Л., 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.М.Астапенка (загінуў) і М.С.Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.П.Курганская-Сакалова, А.І.Белы), у в. Бабічы (П.А.Астапенка), Навінкі (А.Ф.Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.П.Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РВІЧ (Ісак Аронавіч) (Адольфавіч; 1860, Мінск — 1924),
удзельнік народніцкага і с.-д. руху на Беларусі і сацыяліст. руху ў ЗША, вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1891), прафесар. Скончыў Мінскую гімназію (1877). У час вучобы ў Пецярбургскім ун-це ў 1879 арыштаваны, пасля гадавога зняволення высланы ў Мінск. Удзельнічаў у стварэнні мінскай Друкарні «Чорнага перадзелу». У 1880 зноў арыштаваны і сасланы на 4 гады ў Сібір. З 1885 у Мінску. З 1889 у ЗША. Чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі. Выдаваў у Нью-Йорку на рус. мове газ. «Прогресс», удзельнічаў у стварэнні і рэдагаванні час. «The Class Struggle» («Класавая барацьба») і «The Revolutionary Age» («Рэвалюцыйная эпоха»). Аўтар прац па перасяленчым руху сялян у Сібір, развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗМО́ВА ПАЛЯ́КА З ЛІТВІ́НАМ»,
адзін з першых друкаваных свецкіх твораў на Беларусі. Выдадзены ў Брэсце ў 1564 на польскай мове. Аўтар невядомы. Пабудаваны ў форме дыялогу. Падзяляецца на 2 часткі, паміж якімі змешчаны верш «Да палякаў і літвінаў», напісаны, як мяркуюць даследчыкі, А.Воланам. Твор вызначаецца патрыятычнасцю і выкрывае захопніцкія планы польскіх феадалаў у адносінах да ВКЛ. Крытыкуюцца погляды рэакц. польскіх шляхецкіх ідэолагаў на асобу, дзяржаву і грамадства. Аўтар выступае супраць «шляхецкай распусты», гвалту, самавольства феадалаў, абараняе гуманіст. ідэалы: свабоду, роўнасць людзей перад законам, імкненне да агульнай карысці. Падкрэсліваюцца гіст. здабыткі беларусаў і ўкраінцаў, даюцца цікавыя звесткі з гісторыі і культуры ВКЛ.
Літ.:
Сокал С.Ф. «Размова паляка з літвінам» // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЧУ́К (Сяргей Фёдаравіч) (25.9.1920, с. Белазёрка Херсонскай вобл., Украіна — 20.10.1994),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1952). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1948). Яго акцёрскае майстэрства спалучала цэльнасць і выразнасць з тонкай псіхал. прапрацоўкай вобраза, мяккасцю артыстычнай манеры: Тарас Шаўчэнка (аднайм. фільм, Дзярж. прэмія СССР 1952), доктар Дымаў («Скакуха»), Атэла (аднайм. фільм), Карасцялёў («Сярожа») і інш. Як рэжысёр Бандарчук вызначаўся выразнасцю і дакладнасцю канцэпцыі, зладжаным акцёрскім ансамблем. Майстар масавых сцэн. Сярод фільмаў: «Лёс чалавека» (1959, Ленінская прэмія 1960 за рэжысуру і выкананне ролі Андрэя Сакалова), «Вайна і мір» (4 серыі, 1966—67, «Оскар» 1969, роля П’ера Бязухава), «Ватэрлоо» (1970, сав.-італьян.), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1977, роля Звягінцава), «Чырвоныя званы» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), тэлевіз. фільм «Ціхі Дон» (10 серый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ НАРО́ДНІЦКІЯ ГУРТКІ́ дзейнічалі ў Мінску ў 2-й пал. 1870—80-х г. Складаліся пераважна з прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі, прыхільнікаў тэорыі сял. сацыялізму. Першыя гурткі арганізаваны ў пач. 1876 студэнтамі М.Шварцам, С.Гаховічам, М.Велерам. Яны вялі прапаганду сярод вучняў, інтэлігенцыі, рамесных рабочых, сялян, яўр. насельніцтва. Гурткі аб’ядноўвалі больш за 160 чал. У час расколу «Зямлі і волі» (1879) у Мінск двойчы прыязджаў у 1879—80 лідэр «Чорнага перадзелу» Г.В.Пляханаў; другі яго прыезд звязаны з арганізацыяй у Мінску С.Грынфестам і І.Ляўковым цэнтр.падп. друкарні партыі «Чорны перадзел». Мінскія гурткі мелі цесную сувязь з польскай сацыяліст. партыяй «Пралетарыят». У 1887—88 пасля працяглых дыскусій пад уздзеяннем брашуры Пляханава «Нашы рознагалоссі» нарадавольцы аб’ядналіся вакол А.В.Бонч-Асмалоўскага, А.Я.Багдановіча, Я.С.Хургіна. Большасць чорнаперадзельцаў перайшла ўслед за Пляханавым на с.-д. пазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАТКО́ЎСКАЯ (дзявочае Коласава, паводле першага мужа Астракова) Любоў Іванаўна (1804 або 1805, г. Курск, Расія — 31.10.1866), расійская і ўкраінская актрыса. Дэбютавала каля 1823. Працавала ў т-рах рас. антрэпрэнёраў П.Сакалова (1829, Варонеж), І.Штэйна (пач. 1830-х г., Курск), Л.Млаткоўскага (з 1836 у Харкаве, з 1850 Адэсе, з 1856 у Кіеве). Вял. ўплыў на творчасць М. зрабілі сумесныя выступленні з акцёрамі М.Рыбаковым і К.Саленікам, удзел у гастрольных спектаклях П.Мачалава і М.Шчэпкіна, тэатр. традыцыі якіх яна сцвярджала на правінцыяльнай сцэне. Выконвала трагедыйныя ролі класічнага рэпертуару, іграла ў вадэвілях, меладрамах, укр.быт. камедыі: Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Кардэлія, Афелія («Кароль Лір», «Гамлет» У.Шэкспіра), Каробачка («Мёртвыя душы» М.Гогаля), Верачка, Сусанна («Дачка рускага акцёра», «Сіротка Сусанна» П.Грыгор’ева), Наталка, Тэцяна («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Насця, Ульяна («Козыр-дзеўка», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ШКА-БРАШКО́ЎСКАЯ (дзявочае Вярыга) Кацярына Канстанцінаўна
(3.2.1844 — 12.9.1934),
рэвалюцыянерка-народніца, адна са стваральнікаў і лідэраў партыі эсэраў. У 1873—74 чл. «Кіеўскай камуны» — гуртка ўдзельнікаў «хаджэння ў народ». Летам 1874 «хадзіла ў народ»: у Херсонскую і Падольскую губ., дзе ў вер. 1874 арыштавана. Пасля 3-гадовага зняволення засуджана па «працэсе 193-х» да 5 гадоў катаржных работ у Сібіры. У канцы 1890-х г. жыла ў Мінску, дзе разам з А.В.Бонч-Асмалоўскім, Р.А.Гершуні і інш. стварыла Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі. Восенню 1901 удзельнічала ў стварэнні Баявой арг-цыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1902 — Сял. саюза партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1903 эмігрыравала ў Швейцарыю. З 1905 у Расіі, лідэр правага крыла партыі эсэраў. У 1907 арыштавана і пасля 2-гадовага зняволення саслана ў Сібір, адкуль вярнулася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Падтрымлівала Часовы ўрад. У 1919 чл. Камуча (К-т членаў Устаноўчага сходу), эмігрыравала ў ЗША, з 1924 у Чэхаславакіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ХЕМ, Грэм (Graham) Марта (11.5.1894, г. Пітсбург, ЗША — 2.4.1991), амерыканская танцоўшчыца, харэограф, педагог; адна з яркіх прадстаўніц танца мадэрн. Ганаровы д-р мастацтвазнаўства Гарвардскага ун-та (1966). Вучылася ў школе Р.Сен-Дэні і Т.Шоўна (1916—23), танцавала ў ёй. У 1927 стварыла ў Нью-Йорку Школу сучаснага танца Грэхем (буйнейшы цэнтр танца мадэрн), у 1929 — трупу «Грэхем данс груп», з якой выступала да 1971. Выпрацавала ўласны стыль рытмапластычнага танца, які вылучаецца экспрэсіяй і сцэн. выразнасцю. Выступала з сольнымі нумарамі ва ўласных пастаноўках: «Скарга» (1930) і «Амерыканскія правінцыялы» (1934) на муз. Л.Хорста, «Вясна ў Апалачах» (1944) на муз. А.Копленда, «Пячора сэрца» С.Барбера (1947), «Клітэмнестра» (1958) і «Люцыфер» (1975) Эль Дабха, «Спакушэнне месяца» на муз. Б.Бартака (1986) і інш. Сярод яе вучняў і паслядоўнікаў Дж.Батлер, М.Канінгем, Н.Морыс, Р.Норт, Г.Сакалова, П.Тэйлар, Г.Тэтлі, А.Эйлі.
Літ.:
Terry W. Frontiers of dance: the life of Martha Graham. New York, 1975.