Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАНЛЫ́КСКАЯ РУ́ЖА (Rosa damascena),
кветкавая расліна сям. ружавых. Культывуецца ў Казанлыкскай даліне ў Балгарыі з 18 ст. Атрымана ў выніку гібрыдызацыі. Займае вядучае месца сярод руж, якія вырошчваюць для атрымання ружавага алею (у кветках да 0,15%; спецыфічны клімат «даліны руж» спрыяе яго назапашванню ў пялёстках). Плантацыі К.р. ёсць у Малдове, Крыме, на Каўказе.
Да арт.Казанлыкская ружа. Ружа эфіраалейная.
Шматгадовыя кусты з прамастойнымі, звычайна шыпаватымі парасткамі выш. да 2 м. Лісце складанае, няпарнаперыстае. Кветкі буйныя, двухполыя, духмяныя, махрыстыя, разнастайнай афарбоўкі, адзіночныя. Плод — арэшак, змешчаны ў мясістым несапраўдным плодзе (відазмененым гіпантыі). З кветак здабываюць ружавыя алей і ваду Для 1 кг алею патрабуецца каля 3 тыс.кг пялёсткаў. Выкарыстоўваюцца ў касметыцы, парфумерыі, кандытарскай прам-сці, нар. медыцыне (супраць хвароб скуры і вачэй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЖА ВЯТРО́Ў,
вектарная дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці. Звычайна складаецца паводле шматгадовых паказчыкаў за месяц, сезон або год. Уяўляе сабой кружок (або кропку), ад якога разыходзяцца прамяні ў напрамку асн. румбаў гарызонту. Даўжыня кожнага праменя прапарцыянальная паўтаральнасці вятроў дадзенага напрамку. Ў сярэдзіне кружка лічбамі пазначаецца паўтаральнасць штыляў. Канцы адрэзкаў звычайна злучаюць ломанай лініяй. Р.в. улічваецца пры планаванні буд-ва жылых мікрараёнаў і прамысл. прадпрыемстваў.